Вось што ўспаміналася, мроілася мне, пакуль Яніна, нявольніца свайго кахання, хадзіла ўзад і ўперад па гасцінай.
Памятаю, аднойчы яна ў мяне спыталася:
— Як цяпер мне жыць? Што зрабіць, каб не пакутаваць?.. Як вы думаеце, гэта пройдзе?..
Ноч была халодная. І раптам я бачу, Яніна падыходзіць да акна, адчыняе яго, высоўвае свой заплаканы твар, глядзіць на сад, заліты блакітным месячным святлом, і прагна дыхае ледзяным паветрам. Я прывёў яе назад да агню і, хоць не прывык да пяшчоты, падсеў да яе і абняў за плечы. Я спытаўся, ці няма ў яе хоць якой-небудзь падтрымкі.
— У цябе ёсць вера?
Яна разгублена адказала:
— Вера? — быццам не зразумела мяне.
— Ну, ты верыш у Бога?..
Яна прыўзняла на мяне свой палаючы твар, недаверліва паглядзела на мяне і нарэшце сказала: «Пры чым тут вера?..» Я зноў паўтарыў пытанне, тады яна адказала:
— Ну, канешне, я веру. Хаджу ў царкву, прычашчаюся, словам, раблю ўсё, што ўсе робяць. Але навошта вы пытаецеся? Каб пасмяяцца з мяне?
— Як ты думаеш, — працягваў я, — Філі варты твайго кахання?
Яна паглядзела на мяне тым сумным, злосным позіркам, які бывае ў яе маці, калі яна не разумее, што ёй гавораць, не ведае, як адказаць, і баіцца трапіць у пастку. Нарэшце яна адважылася:
— Усё гэта не звязана адно з адным. Не трэба да маёй бяды прымешваць рэлігію. Ну што, я веру, а таму і не люблю, калі робяць такія супастаўленні… Я раблю ўсё, што гаворыць святар…
Усё гэта было сказана такім тонам, нібы яна стаяла перад фінансавым інспектарам і дакладвала яму, што «акуратна плаціць усе падаткі». Вось што я ненавідзеў усё жыццё: гэтую карыкатуру, гэты ўбогі шарж на хрысціянскае жыццё, а каб мець права іх ненавідзець, я прытвараўся, што бачу ў карыкатуры сапраўднае хрысціянства. Трэба мець адвагу адкрыта глядзець на тое, што ненавідзіш… Але ж я цяпер ведаў… ведаў, што ўсё жыццё сам сябе ашукваў. Я ведаў гэта яшчэ ў канцы мінулага стагоддзя, у той вечар, калі вось тут, у Калезе, абат Ардуэн сказаў мне: «Вы добры чалавек…» Хіба гэта не так?! А потым я затыкаў сабе вушы, каб не чуць тых слоў, якія шаптала мне пры смерці Мары. І менавіта тады, перад яе труною, адкрылася мне таямніца жыцця і смерці чалавечай… Мая дачушка памірала дзеля мяне… Я хацеў забыць гэта… Зноў і зноў спрабаваў згубіць ключ ад брамы таямніцы, але чыясьці моцная рука вяртала яго мне на кожным павароце майго жыцця. (Хіба можна забыць позірк Люка пасля нядзельнай ранішняй службы, у тую хвіліну, калі пачынаў стракатаць першы конік?.. А тая вясновая ноч, калі пайшоў град?..)
Так цяклі мае думкі ў той вечар. Помню, я ўстаў і з такой сілай адпіхнуў крэсла, што Яніна здрыганулася. Начны спакой і гэтая страшная цішыня, здавалася, утаймавалі яе душэўны боль. Агонь у каміне патух, у пакоі рабілася ўсё халадней, Яніна бліжэй і бліжэй падсоўвала сваё крэсла да каміна, ногі яе амаль дакраналіся да жару. Яна працягвала да вуголля рукі. Лямпа асвятляла яе сагнутую дзябёлую фігуру… У прыцемку хадзіў я па гасцінай, застаўленай старою мэбляй з палісандравага і чырвонага дрэва. Бездапаможна мітусіўся я вакол гэтай чалавечай глыбы, гэтага нерухомага цела.
— Дзіцятка ты маё… — Шукаў і не знаходзіў я патрэбных слоў… Як душыць мяне сёння вечарам, калі я пішу гэтыя радкі, як баліць сэрца, здаецца, вось-вось разарвецца, а ўсё таму, што яно перапоўнена любоўю, і я ведаю нарэшце імя, яе трапятк……………..
Калез, 10 снежня 193…
Дарагая Жэнеўева!
На гэтым тыдні скончу разбіраць бацькавы паперы, якімі набіты ўсе шуфляды ў яго стале. Але лічу сваім абавязкам неадкладна пазнаёміць цябе з адным даволі дзіўным дакументам. Як ты ведаеш, бацька памёр за сваім пісьмовым сталом. Калі раніцай 24 лістапада Амелія зайшла да яго ў кабінет, яна ўбачыла, што наш бацька сядзіць, уткнуўшыся тварам у сшытак — гэты самы, які я пасылаю табе заказным пісьмом. Табе, відаць, няпроста будзе разабрацца, што там напісана, я таксама нямала папацеў. Але і добра, што почырк такі неразборлівы, — слугі нічога тут не змаглі прачытаць. Спачатку пачуццё далікатнасці падказвала мне, што, можа, не варта пасылаць табе гэтыя запіскі: пра тваю асобу бацька тут выказваецца даволі груба і гаворыць крыўдныя, балючыя словы. Але хіба меў я права хаваць ад цябе гэты дакумент, які належыць гэтаксама табе, як і мне? Ты ж добра ведаеш маю прынцыповасць адносна ўсяго таго, што датычыцца падзелу нашай спадчыны. Вось чаму я перадумаў і пасылаю табе гэты сшытак.