Выбрать главу

Не трэба, вядома, вялікай фантазіі, каб намаляваць сваіх дзяцей вырадкамі, якія, ад страху страціць спадчыну, ні перад чым не спыняюцца і гатовы роднага бацьку здаць у вар'яцкі дом. Бачыш, я асабліва не падбіраю слоў і гавару зусім адкрыта… Многа начэй не мог я заснуць. Адзін Бог ведае, колькі я адпакутаваў.

Дык вось, дарагая мая Жэнеўева, гэты сшытак, асабліва яго апошнія старонкі, даюць усе падставы лічыць, што ў бацькі нашага былі прыступы перамежнага вар'яцтва. Я лічу нават, што мы стаім перад фактам даволі рэдкім і цікавым з медыцынскага пункту погляду. Варта было б перадаць гэтыя запіскі псіхіятру. Аднак найпершы наш абавязак — нікому не паказваць гэтага дакумента, які можа стаць вельмі небяспечным для нашых дзяцей. Таму папярэджваю цябе і прашу адразу спаліць сшытак, як толькі ты скончыш чытаць. Трэба мець абсалютную ўпэўненасць, што гэтыя старонкі не трапяць у рукі чужых людзей.

Мы заўсёды трымалі пад строгім сакрэтам усё, што датычылася нашых сямейных спраў. Не табе мне гаварыць, якія меры я прымаў, каб наша ўстрывожанасць псіхічным станам бацькі не стала нікому вядомай. Аднак не ўсе члены нашай сям'і выяўлялі неабходную стрыманасць і асцярожнасць. У прыватнасці, твой нягоднік-зяць усім расказваў самыя агідныя гісторыі пра бацьку. Гэта дорага нам каштавала: па горадзе пайшлі плёткі, а сёй-той праводзіць паралель паміж неўрастэніяй Яніны і эксцэнтрычнасцю бацькі, якую яму прыпісваюць, наслухаўшыся балбатні Філі.

Паўтараю: парві і спалі гэты сшытак і нікому пра яго не гавары. Давай і мы з табой пра яго забудзем. І ўсё ж, павінен прызнацца, мне шкада яго знішчаць — ёсць там і тонкія псіхалагічныя назіранні, і нават мілыя пейзажныя замалёўкі. Быў, відаць, у бацькі не толькі талент прамоўцы, але і пісьменніцкая струнка. Але тым больш у нас падстаў знішчыць гэты дзённік. Уяві сабе, што нехта з нашых дзяцей ці ўнукаў возьме ды надрукуе бацькавы запіскі!.. Бяды тады не абярэшся!..

Мы з табой можам называць рэчы сваімі імёнамі і павінны, прачытаўшы гэты сшытак, сказаць сабе ясна і недвухсэнсава: бацька наш не быў псіхічна нармальным. Вось цяпер да мяне дайшлі словы тваёй дачкі, якія спачатку я палічыў хворай фантазіяй: «Дзядуля — адзіны набожны чалавек, які мне сустрэўся ў жыцці». Бедная Яніна блізка ўспрыняла туманныя разважанні і мроі гэтага іпахондрыка. Вораг сваіх блізкіх, чалавек, ненавісны ўсім, і, як ты ўбачыш, няшчасны ў каханні (ёсць у гэтай споведзі даволі камічныя падрабязнасці), раўнівец, які не мог дараваць жонцы нявіннага дзявочага флірту — няўжо на схіле дзён сваіх пачаў ён шукаць уцехі ў малітве? Не веру я ў гэта. А з тых радкоў, дзе пра гэта гаворыцца, вынікае зусім іншае: аўтар пакутаваў разумовым расстройствам, маніяй праследавання; выношваў неадчэпныя думкі, якія набылі рэлігійную форму. Тут і следу ніякага няма ад сапраўднага хрысціянства. Я-то ў гэтых пытаннях разбіраюся, і гэты лжывы містыцызм выклікае ўва мне толькі агіду.

Магчыма, ты па-жаночы не так паставішся да ўсяго гэтага. Аднак, калі раптоўная бацькава набожнасць зробіць на цябе ўражанне і ты будзеш гатова паверыць у яе, успомні, калі ласка, што бацька не ведаў мяжы ў сваёй нянавісці, а калі і любіў каго, то толькі на злосць сям'і ці сваёй роднай маці. А якія ў яго рэлігійныя парывы? — Ты адразу ўбачыш, што ўсе да аднаго яны проста або ўскосна скіраваны супраць тых прынцыпаў, якія нам з маленства прывівала мама. А нястрымны рэлігійны містыцызм патрэбен яму толькі для таго, каб зручней было нападаць на разумную памяркоўную набожнасць, якая заўсёды была ў вялікай пашане ў нашай сям'і. Ісціна — гэта раўнавага… Зрэшты, не буду больш стамляць цябе сваімі разважаннямі. Нагаварыў я тут дастаткова, так што табе застаецца толькі пазнаёміцца з бацькавым дзённікам. З нецярпеннем буду чакаць адказу. Хутчэй хочацца ведаць тваё ўражанне.