Да таго часу пытанні рэлігіі мяне зусім не цікавілі. Ад маці я пра іх нічога не чуў, хіба што вось толькі гэта: «Я зусім спакойная перад судом божым. Калі ўжо такія людзі, як мы, не выратуюцца, то тады нікому не будзе паратунку». У маленстве яна мяне ахрысціла. Я хадзіў да першага прычасця яшчэ ў ліцэі, але гэтая цырымонія здалася мне тады сумнай, непрыемнай, і ад яе застаўся ў мяне толькі цьмяны ўспамін. Ва ўсякім разе, больш я ўжо ніколі не прычашчаўся, і ва ўсім гэтым быў поўным невукам. У дзяцінстве, сустракаючы на вуліцы святароў, я глядзеў на іх, як на пераапранутых людзей з карнавальнага шэсця. Я ніколі не задумваўся над рэлігійнымі праблемамі, а калі нарэшце сутыкнуўся з імі, то толькі з пункту гледжання палітыкі.
Я заснаваў студэнцкі гурток. Мы збіраліся ў «Кавярню Вальтэра», дзе я практыкаваўся ў красамоўстве. Сарамлівы ў асабістым жыцці, я рабіўся зусім другім чалавекам у час публічных выступленняў. У мяне з'явіліся прыхільнікі. Мне было прыемна быць іх завадатарам, а любіў я іх не больш, чым багатых буржуа. Я злаваўся на іх, калі яны прастадушна выяўлялі свае мізэрныя імкненні і прымушалі мяне лішні раз зразумець, што і я сам недалёка адышоўся ад гэтых сыноў дробных чыноўнікаў. Усе яны вучыліся на стыпендыю, былі разумныя і прагныя да славы. Але ўсе яны былі атручаны зайздрасцю і злосцю. Перада мной яны хутчэй ліслівілі, а не любілі мяне. Зрэдку я частаваў іх у рэстаране. Для іх гэта было сапраўднай падзеяй, пра якую потым доўга ўсе гаварылі. Але мне абрыдзелі іх манеры. Здаралася, я не мог утрымацца ад злоснай насмешкі, якая для кагосьці была амаль смяротнай ранай, што доўга потым ныла ў сэрцы.
Мая нянавісць да рэлігіі была па сутнасці шчырай. У нейкай ступені закранала мяне і імкненне да сацыяльнай справядлівасці. Я прымусіў маці знесці глінабітныя халупы, дзе жылі нашы арандатары, якія харчаваліся чорным хлебам ды маісавай кашай. Упершыню яна паспрабавала запярэчыць мне: «Ты думаеш, яны падзякуюць табе?»
Але больш у гэтым кірунку я нічога не зрабіў. Я пакутаваў ад разумення таго, што я аб'яднаны з сваімі праціўнікамі адзінай прагай да грошай і зямлі. Ёсць клас уласнікаў і ёсць беднякі. І мне стала ясна, што я назаўсёды застануся на баку ўласнікаў. Капітал у мяне не меншы, а можа, і большы, чым у гэтых ганарыстых арыстакратаў, якія, як мне здавалася, адварочваліся, заўважыўшы мяне, і якія, напэўна ж, паціскалі б мне руку, калі б я падаваў яе ім. Дарэчы, і правыя, і левыя не раз на публічных сходах папракалі мяне за мае дзве тысячы гектараў лесу і вінаграднікі…
Даруй мне, што я так маруджу. Але без гэтых падрабязнасцей табе было б цяжка зразумець, чым была для маёй уражлівай скалечанай душы наша сустрэча з табой і наша каханне. Я, сялянскі сын, чыя маці «хадзіла ў хусцінцы», раптам стаў жаніхом мадмуазэль Фандадэж. Гэта пераходзіла граніцы самай багатай фантазіі. Гэта было неверагодна…
ІІІ
Мне давялося адкласці пяро, бо пачало цямнець. Да мяне данеслася ваша размова. Не, не, вы не перашкодзілі мне, бо гаварылі надта ціха. Але якраз ваша шаптанне больш за ўсё мяне турбавала. Раней з гэтага пакоя я мог падслухваць вашы размовы, але цяпер вы пачалі асцерагацца мяне і перайшлі на шэпт. Нядаўна ты сказала мне, што я стаў недачуваць. Пра што ты гаворыш? Я выдатна чую далёкі грукат цягніка на чыгуначным мосце. Не, я яшчэ не глухі. А вы наўмысна гаворыце шэптам, каб я не пачуў вашых слоў. Што вы хаваеце ад мяне? Дрэнна ідуць справы? Недарэмна вы ўсе згуртаваліся. І штодня да цябе ўсе збягаюцца, высунуўшы языкі, як сабакі. Тут і наш зяць — маклер па продажы рому і віна, і муж нашай унучкі — адпеты гультай, і сынок наш Хюбэр — банкір… Грошы ўсёй сям'і сцякаюцца да яго, а ён выплачвае да дваццаці працэнтаў дывідэндаў. Так што на мяне не разлічвайце: я са сваіх рук нічога не выпушчу. Упэўнены, што сёння вечарам ты будзеш мне «падказваць»: «Ды гэта ж так проста і выгадна прадаць пад высечку частку лесу». Ты напомніш мне, што абедзве дочкі Хюбэра жывуць ад самага вяселля ў сваіх мужоў разам з бацькамі, бо не маюць грошай, каб набыць сваё жыллё і абстаноўку. «У нас на гарышчы столькі мэблі, якая адно псуецца ды пакрываецца пылам. Чаму б нам сёе-тое не пазычыць ім?..» Ведаю, што ты будзеш зараз гаварыць. «Нашы ўнучкі зазлавалі на нас і больш не прыязджаюць. А гэта ж такая радасць — бачыць і слухаць іх…» Вось пра што вы цяпер шэпчацеся.