І я зацікавіўся дачкою. Не адразу ўлавіў я, што ніхто не перашкаджае нашым сустрэчам і размовам. Хіба мог я здагадацца, што Фандадэжы ўбачылі ў маёй асобе выгаднага жаніха? Успамінаецца наша паездка ў даліну Лілей. Ехалі мы туды ў адкрытым экіпажы, — бабуля з манашкай на заднім сядзенні, а мы з табой спераду. У Люшоне, дзякуй Богу, экіпажаў хапала і наняць іх нічога не каштавала, але толькі вам — Фандадэжам магло стрэліць у галаву валачы сюды сямейны экіпаж…
Ціха ішлі коні. Над імі віўся рой мух. Манашка драмала. Твар яе блішчаў ад поту. Бабулька памахвала веерам. На ім быў намаляваны матадор, які шпагай заколвае чорнага быка. Такія вееры ў Люшоне прадаваліся на кожнай вуліцы. Стаяла страшэнная гарачыня, а на табе чамусьці былі доўгія, да самых локцяў, пальчаткі. Ты была ўся ў белым. «Пасля смерці двух братоў, - сказала ты, — я дала сабе зарок насіць толькі белае». Тады я не разумеў, што гэта азначае «даць зарок насіць той ці іншы колер». Пазней я даведаўся, што ў вашай сям'і ўсе мелі схільнасць да дзівацтваў, але ў той дзень мне гэта здалося нават паэтычным. Як жа табе расказаць пра душэўны стан таго маладога чалавека, што сядзеў з табой побач? Нечакана мне здалося, што я не выклікаю ў табе непрыемных пачуццяў… Ты з цікавасцю глядзіш на мяне… А можа, нават я падабаюся табе!.. І на ўсё жыццё запомніў я той вечар, калі ты сказала: «Гэта ж так рэдка бывае, каб у мужчыны былі такія доўгія вейкі!.. Ах, якія ў вас вейкі!..»
Я старанна хаваў свае адносіны да рэлігіі. Помню, у час гэтай прагулкі мы з табой злезлі з экіпажа і пайшлі пад гару пехатой, каб было лягчэй коням; твая бабуля і манашка тым часам узяліся за ружанцы і пачалі мармытаць малітвы, а фурман, які за доўгія гады службы ў вас ад пачатку да канца вывучыў гэты рытуал, своечасова падхопліваў: «Амі-ін». Нават у цябе ўсё гэта выклікала ўсмешку. Але я быў вельмі стрыманы. Кожную нядзелю я амаль з задавальненнем суправаджаў цябе і тваю маці ў царкву да абедні, хоць царкоўныя цырымоніі не выклікалі ў мяне ніякіх метафізічных думак. Рэлігійны культ быў; на маю думку, звычайнай з'явай для таго класа, да якога цяпер далучаўся і я. А буржуазія любіць традыцыі, паважае рэлігію сваіх продкаў, шануе гэтую сістэму абрадаў, якая, калі і мае які сэнс, то толькі сацыяльны.
Бывала, у царкве ты крадком кідала позіркі ў мой бок, і ўспамін пра гэтыя абедні звязваецца ў мяне з цудоўным адкрыццём, да якога я тады прыйшоў: я магу зацікавіць, магу падабацца, магу хваляваць дзявочае сэрца. Маё каханне, як мне здавалася, злівалася з тваім каханнем да мяне. Ды што там мае перажыванні!.. Яны, бадай, ніякага значэння не мелі. Самае галоўнае было ў тым, што я верыў у тваё каханне. Як у люстэрку адбіваўся мой вобраз у дзявочай душы, і адбітак гэты не адштурхоўваў яе ад сябе… Якое шчасце! Якая радасць! Уся мая істота расцвіла. Ніколі не змагу я забыцца, як пад тваім цёплым позіркам адтаваў лёд, што скоўваў маю душу, і ў ёй нараджаліся жыватворныя крыніцы трапяткой пяшчоты і чыстага кахання. Самыя звычайныя прыкметы тваёй увагі — поціск рукі, кветка паміж старонак у кнізе, — усё захапляла і хвалявала мяне, усё было для мяне новым.
І толькі мая мама нічога не мела ад гэтага майго адраджэння. Я адчуваў, з якой варожасцю глядзіць яна на маю яшчэ не зусім акрэсленую задуму, на маю нясмелую мару, якую я і сам лічыў вар'яцкай. Я злаваўся на маму, што яна не падзяляе маёй радасці. «Няўжо ты не бачыш, што гэтая сямейка хоча завабіць цябе ў пастку?» — паўтарала яна, не ведаючы пра тое, што сама можа растаптаць маё светлае пачуццё. Нарэшце я спадабаўся дзяўчыне!.. Так, на свеце ёсць дзяўчына, якой я спадабаўся!.. Можа, нават яна захоча выйсці за мяне замуж!.. Я верыў у гэта насуперак маці і яе падазронасці. Турбавала, непакоіла, апякала толькі адно: ці захочуць твае багатыя арыстакратычныя бацькі парадніцца з нашай сям'ёй?.. Як жа я бунтаваў тады супраць мамы за тое, што яна магла перакрэсліць усе мае надзеі!..
І ўсё ж мама навяла даведкі пра фінансавы стан вашай сям'і: патрэбныя сувязі, дзякуй Богу, у яе былі амаль ва ўсіх асноўных банках. Радасць мая была бязмежнай, калі маці мусіла прызнаць: фірма Фандадэж, нягледзячы на некаторыя часовыя цяжкасці, карыстаецца вялікім даверам і з ёю лічацца самыя салідныя ўстановы. «Яны маюць шалёныя грошы, — гаварыла мама, — але занадта ўжо шыкуюць. Усё трацяць на коней, на экіпажы, на чэлядзь. Не каб адкласці, зберагчы, сэканоміць, а так… кідаюцца грашыма, абы пускаць пыл у вочы…»