Выбрать главу

Алесь Разанаў

Кніга ўзнаўленняў

Падрыхтаванае на падставе: Кніга ўзнаўленняў / Алесь Разанаў. — Мн.: Логвінаў, 2005. —134 с.

ISBN 985-6701-84-8.

Copyright © 2013 by Kamunikat.org 

Кірыла Тураўскі

(каля 1113 - пасля 1190)

Слова ў нядзелю святога Фамы

Вялікі вучыцель i красамоўца мудры патрэбен царкве на ўпрыгожанне свята. А мы убогія словам, марудныя розумам i агню Духа Святога ў сабе не маем, каб гэтак скласці душакарысныя словы, што ix пачуюць i прымуць людскія душы.
Аднак дзеля вас, браты, што сёння сабраліся тут, са мною, i дзеля любові, якая нас лучыць, мы нешта, хоць i не шмат што, скажам аб узнаўленні Хрыстова ўваскрэсення, ну а вы паслухайце дбайна.
Было на святы Вялікдзень, у тую нядзелю, здзіўленне нябёсам i перастрашанне апраметнай, было абнаўленне стварэння i выбаўленне свету, было зруйнаванне пекла, было спраможанне смерці; у тую нядзелю было уваскрэсенне з мёртвых i выгубленне спакуснай улады д'ябла, было чалавечага роду выратаванне, збядненне i паніжэнне суботы, узбагачэнне царквы i ўзвышэнне самой нядзелі; было у тую нядзелю ўсяму змяненне.
Нанова стварылася небам, а Богам ачысцілася зямля. ад погані д'ябальскай — i анёлы з жанчынамі шчырадайна слугуюць Хрыстову ўваскрэсенню. Абнавіўся знябожаны род чалавечы: ужо багамі не наймяноўваюцца стыхіі — ні сонца i ні агонь, ні дрэвы i ні крыніцы.
З гэтага часу пекла ужо не прыймае ахвяраў — бацькамі загубленых немаўлят, а смерць — пашаноты. З гэтага часу скончылася слугаванне стодам i д'ябальскае змуштаванне расцялася хросным таемствам. З гэтага часу род чалавечы не толькі займеў збавенне, але асвяціўся Хрыстоваю верай. Ранейшы закон з гэтага часу страціў ранейшую сілу: не жывяць яго ўжо ні кроў цялят, ні козаў ахвяраванне, бо сам Хрыстос з гэтага часу самога сябе ў ахвяру за ўсіх Айцу-Богу узнёс.
Скончылася праз гэта свята суботняе, a нядзелі была лагода дзеля Хрыстова ўваскрасення дадзена, і, Хрыстовай стаўшы, яна красуе цяпер спаміж іншых дзён.
Вянчайма ж, браты, нядзелю царыцаю дзён — i з верай у новае звеставанне прыносьма свае дарункі! Дамо хто што можа па здольнасці i па моцы: хто — міласціну i незласлівасць, хто — чыстую цноту, а хто — любоў; хто — веру праўдзівую i змірэнне, хто — псалмаспеў, хто — прыклад апостальскага вучэння, а хто — малітву, прачулую сэрцам. Бо кажа Гасподзь словамі, што Майсею уклаў у вусны: «Не аб'яўляйся перада мною парожні у дзень святочны».
Дык прынясем Госпаду нашы дарункі, што называліся тут, i ўспрымем Божую міласць, бо не пазбавіць Гасподзь добрае долi таго, хто прыходзіць ca шчыраю вераю да яго. «Хто славіць мяне — праслаўлю»,— ён абвяшчае гэтак. Усхвалім жа сёння нядзелю гэту — мы ў ёй святкуем нанова Хрыстова ўваскрэсенне.
Не паўтараецца ў ёй, зазначым, Вялікдзень Гасподні, a дзейсніцца Процівялікдзень. Вялікдзень ратуе свет ад д'ябальскага змуштавання i вызваляе мёртвых з вязніцы пекла. A Процівялікдзень — ён узнаўляе ўваскрэсенне: сустракаем вобраз яго мы ў Старым Законе, калі Гасподзь Бог кажа Майсею ў Егіпце: «Вось выбаўляю маіх людзей ад фараонавай працы i вызваляю ix з-пад уціску яго паслугатых; дык узнаўляй жа дзень свайго выбаўлення, Ізраіль, бо перамог ён тваіх ворагаў».