Выбрать главу
Былі мы раней, бы дрэвы ў дуброве, якія спажыўнага плоду не маюць, але цяпер у наша нявер'е ўжывілася вера Хрыстова. І вунь вернікі тыя, што шчыра трымаюцца, як прышчэпы, Іосіфава карэння, бы ў кветкі, у цноты ўбіраюцца i чакаюць жыцця, што Хрыстом пераўтворыцца неўзабаве У рай. Гэтаксама свяціцелі, што, аб сабе забыўшы, рупяцца аб царкве, той час прадчуваюць, калі ix узнагародзіць узнагародай сваёй Хрыстос.
Цяпер аратаі слова ў шчамлёты духоўныя ўводзяць цялят словамоўных i заглыбляюць крыжовае рала ў змысловыя нівы i баразну пакаяння накрэсліваюць. i сеюць насенне духоўнае, i спадзяваннем на будучы плён весяляцца.
Сёння старое, што светам валодала, стала мінулым, а свет дзеля Хрыстова ўваскрэсення стаўся новым.
Паўнюткі рэкі апостальскія цяпер вадою разводдзя, i нерастуюць язычныя рыбы. І рыбары, выпрабаваўшы глыбіню Божага ўчалавечання, здабываюць поўны царкоўны невад лавітвы. «Рассядзецца рэкамі,— кажа прарок,— зямля, убачаць, уразяцца i праз гэта нудой абнядужацца несумліўцы».
Цяпер працаўніца-пчала, манаскага чыну, усіх здзіўляе, паказваючы сваю мудрасць,— так, жывучы ў пустэльні i жывячыся самапасам, манахі здзіўляюць людзей i анёлаў. Яны — гэтаксама пчолы, што, кветкі аблётваючы, ствараюць мядовыя соты i слодыччу адмысловай частуюць людзей i царкву. Цяпер спеўнагалосыя птушкі сям'і царкоўнай, гняздо абнаўляючы, весяляцца. «I птушкі,— кажа прарок,— займеюць сваё гняздо Тваім алтаром i будуць, спяваючы свае песні, славіць Бога нязмоўчнымі галасамі».
Сёння новяцца постаці ўсіх святых i прымаюць здабытае бытаванне: прарокі i патрыярхі, што працавалі няўтомна, сёння раююць у боскім садзе; апосталы i свяціцелі, што святлом Хрыстовым свяціліся, сёння ўслаўляюцца на зямлі i на небе; пакутнікі i спавядаўцы, што за Хрыста зазналі злыбеду i пакуту, вянкамі увенчваюцца спаміж анёлаў; сёння цары i князі ратуюцца паслушэнствам; нявіннікі, што захавалі цноту душы i цела i неслі самааддана свой крыж цярпення, услед за Ісусам Хрыстом узыходзяць з зямлі на нябёсы; сёння поснікі i пустэльнікі, узнагароду з рукі Гасподняй прыняўшы, цешацца са святымі у горадзе ўзгорным.
Сёння новіцца новым людзям свята Хрыстова ўваскрэсення i ўсё тое, што сталася новым, добраахвотна прыносіцца Госпаду: вера — ад жыхароў, ад хрысціян — набажэнства, апека царкоўная — ад вяльможаў, ад праведнікаў — мудрасціпласць, ад грэшнікаў — пакаянне, ад несумліўцаў — звяртанне да Бога, адно аднаму дараванне — ад варагоўцаў.
Узыдзем цяпер, браты, i мы на Сіён i ўвойдзем змысловымі ўвойдзінамі ў святліцу, дзе ўжо сабраліся вучні Хрыстовы i сам Хрыстос, калі былі дзверы зачынены, спасярод іхняга збору з'явіўся і, прывітаўшы ix: «Мір вам!»,— споўніў ix радасцю невымоўнай. Усцешыліся — апавядае Пісанне — вучні, убачыўшы Госпада, i растаў тут жа, умомант, іхні цялесны смутак, i страх сардэчны прапаў. I далася духоўная здарсць іхнім душам, калі распазналі свайго Уладыку, а ён агаліў рабрыны, што дзідай былі ўвярэджаны перад імі i раны цвіковыя на руках i нагах паказаў Фаму.
Не было Фамы з астатнімі вучнямі, калі першы раз ім аб'яўляўся Хрыстос уваскрэслы, таму, пачуўшы, што насампраўдзе Хрыстос уваскрэс, не даваў гэтаму веры, але хацеў упэўніцца сам у гэтым. «Пакуль я рукі сваёй не ўкладу у рэбры яго, a ў раны цвіковыя пальца свайго, не паверу»,— казаў ён. Таму Гасподзь, дакораў не чынячы, гэтым разам яму i сказаў: «Працягні руку сваю i ўкладзі у рэбры мае, i вер, што я гэта. Бо i раней прарокі i патрыярхі верылі, розумам спазнаючы знакі часін, у маё ўчалавечанне. Распазнай, што пішацца пра мяне у кнізе Ісаі: «Дзідай у рэбры працяты будзе i сыдзе кроў i вада». А потым: «У рэбры працяты быў i праз гэта Адама зупалага ўваскрасіў». I хіба цябе, хоць ты не паверыў словам, што я ўваскрэс i жыву, адпрэчу?!. Даткніся i ўпэўніся,— гэта я. Верачы ў маё прыйсце, калі я быў немаўля, упэўніўся праведны Сімяон, што споўнілася абяцанне Святога Духа, i з вераю ў Бога прасіў, каб цяпер ён адпусціў яго з гэтага свету з мірам. Не будзь нявернікам, як быу Ірад. Калі ён пачуў пра маё нараджэнне, выпытваў у вешчуноў: «Скажыце, дзе нарадзіўся Хрыстос, каб i мне пайсці яму пакланіцца»,— a ў гэты час думаў у сэрцы сваім аб маім забойстве. Па ўсёй акрузе ён вынішчыў немаўлят, ды таго, чаго ён жадаў, асягнуць не здолеў,— так будуць мяне шукаць зламыснікі i не знойдуць.