Выбрать главу
Вер у мяне, Фама, i ўведай мяне, як Аўрам: з двума анёламі я прыйшоў пад шаты яго, i ён уведаў, што гэта я, назваў мяне Госпадам i маліў мяне аб Садому: каб не губіў горада, дзе набярэцца праведнікаў хоць бы дзесяць.
Не будзь нявернікам, як Ваалам, што Духам Святым прарочыў аб умярцвенні маім за свет i ўваскрэсенні, але потым, спакушаны нізкаю ўзнагародай, загінуў.
Вер у мяне, Фама, што я гэта; бачыў мяне Іакаў на версе прыснёнай драбіны, якая злучала зямлю i нябёсы, i ён жа мяне распазнаў духам, калі я з ім змагаўся ў Месапатаміі: абяцаў яму я тады, што прыму у родзе яго чалавечае ўцелясненне.
Не будзь нявернікам, як Наўхаданосар, што ўбачыў мяне, калі я у печы напаленай ад загубы трох юнакоў ратаваў i сам быў спаміж імі чацвертым; тады назваў ён мяне Божым Сынам i вызнаў мяне перад тварам прысутных, ды потым зноў да спакусаў сваіх вярнуўся i ў ix загінуў.
Вер у мяне, Фама, што я гэта; бачыў мяне Ісая, калі яму ўбачыўся ўзгорны трон, які абступала мноства анёлаў. Я — той, хто быў Езекілю з'яўлены вобразам чалавечым спаміж жывёлін; i вы былі з'яўлены ў выглядзе колаў, якія злучаліся з постацямі жывёлін i рухаліся за мною; у колах быў тады дух жывы, i цяпер у вас я ўдыхнуў Святы Дух гэтаксама.
Я — той, каго ўбачыў Даніл на аблоках нябесных i хто, постаццю Сын Чалавечы, сышоў да Спрадвечнага днямі i атрымаў ад яго уладу i царства на небе i на зямлі гэтага веку i будучага, якому не будзе канца. Укладзі, Блізня, свой палец сюды i ўгледзь мае рукі: імі я вочы сляпым адтуляў, імі глухім я слых аднаходзіў, i адмыкаў нямым рукамі гэтымі мову. Угледзь i ногі мае: хадзіў імі па моры узбураным перад вамі, імі ішоў па паветры і, увайшоўшы у пекла імі, спрамог апраметную цемру; імі прайшоў з Лукой i Кляопам шлях да Эмаўса. Дык жа не будзь, Фама, тым, хто не верыць, а будзь тым, хто верыць».
Фама адказаў: «Госпадзе, веру, што ты Хрыстос, Бог мой, i што аб табе пісалі прарокі, відушчыя духам, i што ў Законе Майсеевым твой правобраз, i што адпрэчыліся ад цябе фарысеі, i што з цябе здзекаваліся заканазнаўцы, i што глуміўся з цябе натоўп, i што, вымыўшы рукі, Пілат аддаў цябе на укрыжаванне, i што Бог-Айцец уваскрасіў цябе з мёртвых.