Выбрать главу
8 Псалом — суадзіны голас усёй царквы Багаіснай, ён упрыгожвае набажэнства i аздабляе свята, a ростыркі, злыбеду, варажнечу дзеля ўсявышняга Бога змірае. Нават каменнае сэрца псалом расчульвае i змякчае, i слёзы з яго вытачае, быццам ваду з крыніцы. Псалом — песнаспеў анёльскі, цімвян духоўны: вучыць душу, а цела вяселіць спевам.
9 Што ёсць высокае ў высачыні, што для псалмоў было б недасяжным? Што ёсць глыбокае ў глыбачыні, што для псалмоў засталося б схаваным? Што ёсць далёкае ў далечыні, пра што б у псалмах не вялося гаворкі? Псалмы жыватворыць хвала, якая ўзыходзіць ад сэрца, i поўніць Божая веліч, якая пераўзыходзіць усё, што ёсць.
10 У ix — справядлівасць i чысціня духа, душы i цела; у ix — непахібная праўда i навучанне праўдзе; у ix — дасканалы розум i ўсёабдымная мудрасць; у ix — чалавекалюбства, якому чужая ліслівасць i незнаёмае запабяганне; у ix — міласэрнасць, што не вышуквае ўзнагароды, a ўзнагароджвае шчодра; у ix — дабрыня i шчырасць i іншыя цноты, што, быццам з крыніцы, з ix вынікаюць i не вычэрпваюцца ніколі.
11 У ix — вялікая таямніца пра вечнаіснага Бога, адзінага ў Тройцы, пра ўцелясненне Божага Сына Ісуса Хрыста, пра яго цудадзейныя ўчынкі, прыпавесці i запаветы, i пра пакутніцтва беспавіннае, i пра смерць, i пра ўваскрэсенне з мёртвых.
12 У ix — неўміручае спадзяванне на перамогу над смерцю i на паўстанне з мёртвых; у ix — прадчуванне жыцця, што не мае скону, у ix — засцярога прад страшным судом i агнём апраметным; у ix — адмыканне замкнёнага, водшук схаванага i патаемнага выяўленне. Быццам вялікая скарбніца, усё гэта мае i зберагае ў сабе Псалтыр.
13 Ззажаючы на спажыткі сабраныя ў гэтай кніжцы, я, Францішак, Скарынаў сын, у навуках лекарскіх доктар, родам з Полацка горада, загадаў друкаваць у горадзе Пражскім старым Псалтыр рускімі словамі у мове славянскай: для ўвасхвалення i ўшаны Бога, у Тройцы адзінага, i прачыстай Божае маці — Марыі, i Божых святых, i ўсяго нябеснага чыну; а гэтаксама для добрага ўжытку i для карысці людзей паспалітых, з якімі зрадніў мяне Бог міласцівы, даўшы мне нарадзіцца на свет у гэтым народзе i ў гэтай мове.
14 Псалтыр азначае снадзь, якая нагадвае гуслі. Сам цар i прарок абвяшчае у сваім хваласпеве: «Хваліце Бога на гуслях i псалтыры!» I дзеля гэтага цар Давыд выбраў спаміж усёй людской грамады чатырох іярэяў вялікіх — Асафа, Ямана, Яфана i Ідыфуна, паставіўшы ix, каб ігралі перад каўчэгам Гасподняга запавета i каб спявалі ўвесь час псалмы,— як сведчыць першы Параліпаменон.
15 Аднак жа псалтыр ад гусляў адрозніваецца заўважна: гуслі маюць шмат струн, псалтыр — толькі дзесяць. «Хваліце Бога на псалтыры дзесяціструнным!» — гаворыцца ў хваласпеве. Усталявана гэта я снадзь была Духам Святым на азнаку Гасподняга дзесяціслоўя, якое Майсею запавядаў Гасподзь Бог на Сінайскай гары для нашага навучання: каб мы, калі спяваем псалмы ці чытаем, ці разважаем над імі — заўсёды мелі перад вачамі дзесяцікротны Божы загад.
16 Хай будзе ведама, што змясціў я на баках друкаваных старонак таксама найменні раздзелаў з другіх багаўгодных кніг, каб кожны, хто хоча пераканацца, мог распазнаць, што сведчаць астатнія пісьмы святыя адно пра адно i разам усе згаджаюцца з Псалтыром. Таксама змясціў на баках, ні ў чым не рушачы Псалтыра самога, словы, што простым людзям незразумелыя будуць, i растлумачыў ix моваю рускай. I падзяліў я таксама псалмы на вершы — паводле таго, як дзеляць у іншых мовах.