У вачах Канстанціна Міхайлавіча з’яўляецца цікавасць.
— Што ж там апушчана?
Апавяданне ён некалькі разоў перапісваў, дамагаючыся асаблівай выразнасці, яно блізка года ляжала ў партфелі і, знайшоўшы дарогу ў друк, усё яшчэ турбавала аўтарскае сэрца.
Аднак няўмольныя тры хвіліны канчаюцца. Тлумачыць даводзіцца спяшаючыся. Канстанцін Міхайлавіч крыўдзіцца:
— Ты нешта гоніш, як на пажар, — гаворыць ён і раптам перастае ікаць. Слухае найбольш удалыя мясціны перакладу, ківае галавою ў знак згоды.
За дзвярыма з’яўляецца постаць Бобрыка, ён паказвае рукой: «Сядзі!» Праходзіць чвэртка гадзіны.
— Мусіць, я падрамлю, — кажа Канстанцін Міхайлавіч. — Ноччу ж не далі. Усе кішкі пабунтавалі. Пераклад, я думаю, неблагі.
Каб даць яму магчымасць заснуць, мы ўсе пакідаем палату. У калідоры Мікалай Іванавіч цісне руку:
— Я цябе і заўтра пушчу. Але ні слова аб хваробе, хай яго думкі адцягваюцца на старонняе.
Толькі дзён праз тры лягчэй уздыхнулі і мы і дактары: Канстанцін Міхайлавіч стала пайшоў на попраўку.
— Падзяка табе ад Бобрыка, — сустрэў мяне Канстанцін Міхайлавіч перад выпіскай з бальніцы. — Ён вельмі рагатаў і забраў твой верш.
Гаворка ішла пра некалькі складзеных па дарозе ў бальніцу радкоў для развагі хвораму:
Жартоўныя прысвячэнні дактарам, усхваляючы іх цудадзейную моц і высмейваюы сваю нядужасць, Канстанцін Міхайлавіч пісаў часта. Асабліва шанцавала С.О. Ліяранцэвічу, які ў вершаваных коласаўскіх пасланнях іменаваўся «мітрапалітам Сергіем».
Таму і мой зварот да доктара-хірурга не пакінуў хворага безудзельным, тым больш што быў напісаны нібы ад яго імя. Выслухаўшы верш, Канстанцін Міхайлавіч папрасіў запісаць яго, а пачытаўшы сам, падвастрыў два радкі ў заканчэнні.
— Гэтаму майму збавіцелю, дый твайму, не зашкодзіла б прысвяціць і паэму. Ведаеш, калі прыехалі тады дактары, я сказаў сам сабе: «Бывай, Якуб! З’явілася трое архангелаў па тваю грэшную душу».
Канстанцін Міхайлавіч вярнуўся з стацыянара, паабедаў у кухні каля пліты, паджартоўваючы з сястры.
— Ты мне цяпер, Міхалінка, хоць каменне давай есці, усё страўлю. Тое, што чалавеку не трэба, дактары выразалі…
Перад гэтым ён пахадзіў па двары, агледзеў увесь дом, пакрэктваючы ад задавалення, адчыняў кожныя дзверы. На сваёй палавіне некалькі разоў глыбока дыхнуў і прылёг на ложак. Уключыў радыё і пасміхнуўся. Слаўна, столькі пакачаўшыся ў бальніцы, апынуцца ў сваёй хаце, на сваім ложку! Загаварыў:
— Добра, калі чалавек сам сабе гаспадар. Захацеў музыкі, уключыў і грае. Некалі Марыя Дзмітраўна, Міхасёк і я жылі каля Ташкента ў Чымгане. Маруся пачынала хварэць, і мы пад восень 1943 года ўладзіліся там на дачы. Гэта слаўная курортная мясціна, у гарах раскідана некалькі санаторыяў. Але калі заходзіла сонца, уся шыкоўнасць гублялася: Чымган рабіўся пануры, як стары сівы дзед.
Мне было па душы жыць там, хоць пачынаў непакоіць ціск крыві, і на высокім месцы я пачуваў сябе не вельмі добра. Нашчапаю трэсак, каб снеданне згатаваць, і змаруся. Але Марыя Дзмітраўна была здаволена, ёй стала лепш. Міхасёк таксама быў рады, хадзіў на паляванне, прыносіў курапатак, збіраў у гарах яблыкі і алычу.
Мы доўга збіраліся ў Чымган, ніяк не ладзілася: спярша з пуцёўкай, пасля з машынай. Калі ж, нарэшце, выехалі, недалёка ад горада машына стала. Нешта з падшыпнікамі здарылася. Дзякуй богу, блізка аўтабаза была. А там загадчык, добры дзядзька, беларус. Буц яго прозвішча. Сустрэў ветліва і дапамог.
Канстанцін Міхайлавіч пакруціў рычажок прыёмніка, пашукаў іншае станцыі.
— Турботы былі ў мяне з гэтым радыё ў Чымгане. Ніяк не мог паслухаць з раніцы апошніх вестак. А тады якраз нашы войскі занялі ад Арла і паперлі немцаў. Далей пайшлі Таганрог, Ельня, пачаліся баі каля Смаленска. Калі быў узяты Бранск, я сказаў сваім: гэта вароты ў Беларусь. Тады хацелася ведаць, як і што, а радыё возьме знямее з ночы і раскатурхаецца, калі пачнуць перадаваць музыку.
Пайшоў я да дырэктара санаторыя. Пытаюся, у чым перашкода? Кажа: «Напружанне слабое». А тут не ў току справа! Радыст — пляменнік дырэктара, і яму робяцца палёгкі, каб не напружваўся. Сабраўся я і пайшоў раненька шукаць таго радыста. Зайшоў у хату: спіць, хвост адкінуўшы. Яму семнаццаць гадоў, а маладому раніцаю вельмі ж спіцца. Прабраў я яго, і радыё пачало гаварыць больш акуратна.