Выбрать главу

Гэтыя для жарту прыдуманыя запаветы грыбнога збору насілі гучную назву: «Тастамант старога грыбніка»…

Выехалі мы ў Балачанку на світанні і да ўсходу сонца былі ўжо ў лесе. У загадзя нагледжаным і аблюбаваным месцы спыніліся і паснедалі.

— Я патупаю тут, каля машыны, — сказаў Канстанцін Міхайлавіч, — а ты ідзі на той бок дарогі. Там слаўныя мясціны, але я не дапну, ногі кепска носяць.

Пахадзіў з гадзіну ў паказаным мне кірунку, там былі завалы і густы падлесак, страціў надзею ўбачыць хоць што-небудзь падобнае на баравіка і вырашыў змяніць месца. Каб не забягаць наперад Канстанціну Міхайлавічу, пачаў абыходзіць яго, мерачыся падацца ў глыбіню лесу. Выбіўшыся на дарогу, убачыў, што Канстанцін Міхайлавіч ходзіць удоўж і ўпоперак па тым самым хвойніку, дзе я пакінуў яго, і даволі часта нагінаецца. Значыць, ёсць-такі баравікі!

Адышоўшы метраў трыста ад Канстанціна Міхайлавіча, сустрэў і я ўдачу. Донца кошыка пакрысе закрывалася ладнымі крамянымі грыбкамі. Аднак іх было вельмі і вельмі мала. Прадчуваючы кпіны са свайго няўмельства, я гарачыўся, бегаў і, вядома, прапускаў добрыя мясціны неагледжанымі.

Лёс паслаў на выручку цётку-калгасніцу. Кош у яе быў ужо амаль поўны, яна кіравалася дамоў. Пасля кароткага, а галоўнае — бязгучнага торгу (у лесе далёка чуваць) цётчыны баравікі перабраліся да мяне ў кошык, а мая дваццацьпятка завязалася ў вузельчык яе хусткі.

Я вярнуўся «на той бок дарогі», а адтуль пайшоў проста насустрач Канстанціну Міхайлавічу.

— Ну, як? — весела гукнуў ён.

— Слаба, — адказаў я, робячы незадаволены і расчараваны выгляд.

— А ў мяне нішто сабе.

Канстанцін Міхайлавіч паказаў дзесяткі два белых і, зазірнуўшы ў мой вышэй паловы насыпаны кош, абсекся і спахмурнеў.

— Дзе ж ты быў? Па той бок дарогі?

— Так, пакруціўся там, дзе вы паказалі.

— Цікава…

— Як бачыце.

Грыбнікоўскае самалюбства Канстанціна Міхайлавіча было моцна ўражана. Ён надумаўся ехаць на Вусцянскі груд.

— Там болей набяром.

На новым месцы, пакінуўшы яго абшукваць даўно аблюбаваныя хвойныя ўзгорачкі, я падаўся сцежкаю ўніз, на верасы.

— Там нічога не будзе, — папярэдзіў Канстанцін Міхайлавіч. — Давай лепей хадзіць разам тут, браток.

Мне не хацелася замінаць яму, дый чамусьці выбраны маршрут жывіў надзею тое-сёе знайсці. Нарэшце тут да мяне прываліла сапраўднае грыбное шчасце. Верас паабапал сцежкі стаяў высокі. Махнуўшы кашом, я зрушыў верасовы куст і ўкамянеў. Баравікі сядзелі адзін пры адным: вялізныя, са здаравеннымі рудымі капелюшамі, сярэдняга росту, як быццам падглянцаваныя ваксаю, і зусім маленькія, што ледзь вытыркалі з зямлі, нейкага дзіўнага, ліловага адцення.

Я пачаў падымаць куст за кустам: усюды было такое ж багацце. Не паспеў я падабраць і палавіны натрапленай нерушы, як пачуў клаксон: клікалі з машыны. Я ведаў, што Канстанцін Міхайлавіч не любіць чакаць, але не мог перабароць паляўнічае прагавітасці і азарту і, не слухаючы працяглага воклічу «ту-ту», не адгукаўся, пакуль не нарэзаў кошык пад самую ручку. Бег да машыны, мімаходзь адгортваючы верас: грыбы стаялі строем на сонечным баку сцежкі.

— Дзе ты бавішся? — нецярпліва кінуў Канстанцін Міхайлавіч, ён ужо сядзеў на месцы. — Паедзем абедаць…

— Ды вось, — толькі і мог вымавіць я, задыхаўшыся ад шпаркай хады.

— Ты, мусіць, варажбіт. Іграеш на дудачцы, а грыбы самі ў кош лезуць.

I ніяк не хацеў даць веры, што яны сабраны поруч, на верасовай далінцы. Потым усё ж вырашыў праверыць і са здавальненнем рэзаў самыя маладыя і здаровыя:

— Глядзі ты, як высыпалі!

На абедзе ў Дзяткавай хаце паскардзіўся гаспадарам:

— Закасаваў мяне сёння Максім. Трэба аддаваць свае грыбніцкія медалі.

Увага адцягнулася стукам у дзверы.

— О, мусіць, інспектар ідзе.

— Ён самы, — пацвердзіў гаспадар, адчыняючы.

«Інспектарам» аказаўся вастравокі хлапчук гадоў дзесяці. Даўшы «дзень добры», ён стаў у парозе разглядаючыся:

— Як маешся? — спытаў Канстанцін Міхайлавіч. — Рыбу ловіш? Не ловіцца? Дык ты ў грыбы хадзі, мы унь колькі нарэзалі.

— Я ўжо бачыў у машыне, — адказаў хлопец.

— Ну, на тое ж ты ў нас інспектар. Вазьмі сабе цукерку.