— Дык што ж вы мне раіце, дружа? — з дакорам ківае галавою Колас. — Вас паслухаўшы, хлопцы, мне ад людзей браму замыкаць трэба. — Праз жарт у голасе Канстанціна Міхайлавіча прабіваецца горкая нотка. — Ну, няхай адзін які пасвісцёл і ўб’ецца, затое паўсотні добрых пабачу і пачую. Шкоды, па-мойму, тут няма.
Каб адцягнуцца, бярэцца за рукапіс, і праз хвіліну мы пераносімся ў алегарычную плынь казкі.
Навела ўдалася, Колас ведае гэта сам і цяпер чытае пацвярджэнне на нашых тварах. Надыходзіць тая добрая хвіліна, калі лёгка думаецца і гаворыцца, калі мастацкі твор змушае гаварыць не пра сябе, а пра ўсё, з чаго ён вырас, куды кіруецца, пра выпадковыя, здаецца, рэчы. А сам, абудзіўшы мноства думак і вобразаў, прысутнічае сярод людзей на правах паўнамоцнага, хоць і маўклівага, суразмоўніка.
Развітваючыся, Колас напамінае:
— Вы на таго малайца не наракайце. I крыўдзіць яго не трэба. Ці мала каля літаратуры людзей ходзіць? Ёсць асабліва трапяткія, адчувае, небарак, што ў славе ён не паплыве, дык, можа, хоць калошы замочыць. I гэты хоча выбіцца. Толькі няграматны ён зусім. Але нічога, перачакаўшы крыху, яшчэ і ўспаміны пра нас з вамі напіша. — Канстанцін Міхайлавіч стрымлівае на паўдарозе ўсмешку: — А ўсё ж не трэба шкадаваць на людзей добрага слова. Нават калі яны потым прыманяць, пішучы ўспаміны.
З Купалам
Яшчэ ўрок майстэрства. Тры тройкі і дом Раманавых. Хата ў Смольні. Як сапраўды першы раз сустрэліся Колас і Купала. Гаворкі пра пяршынства. Глыбокія і плыткія душы. Салаўіны голас у шэрым пер’і. Мы — не спарышы. Слова навырост. Ненапісаная Купалава кніга. Два сябры.
Нешта падазрона маўчыць Канстанцін Міхайлавіч. Ніжняя губа падціснута і раз-пораз пасмыкваецца, ні на момант не асвятляюцца цікавасцю і ўнутранаю ўсмешкаю вочы. Можа, новая задума турбуе яго? Не падобна. Тады ён гаваркі. А то адвячорак мінуў за разборкай пошты, і за ўвесь час, можа, адна-дзве заўвагі, аднаскладовыя.
Заўтра змаўляемся сустрэцца раніцай. Што пакажа яна? Часамі цераз ноч прыплывы маўклівасці ў яго праходзяць. Але не на гэты раз. Усё ў такім жа змрочным стане. I з маім прыходам ён як быццам яшчэ больш пазмрачнеў. Размаўляў з сынам пра гаспадарчыя справы і раптам замкнуўся.
Каб не дакучаць распытваннем — не гаворыць, значыць не хоча гаварыць, — адвітваюся, абяцаю зайсці другім разам.
Канстанцін Міхайлавіч рэзка падымаецца з крэсла, за адзін шырокі крок апынаецца каля балконных дзвярэй. Адтуль, тупаючы драбней, але так жа паспешліва, пераходзяць у процілеглы кут пакоя. Стоячы там, пачынае сварыцца, літаральна сварыцца, ледзь не крычаць:
— Як гэта людзі пішуць! Намалюе алеаграфічную дробязь і рад. I ў друк хутчэй. I там рады: усе шчаслівыя, усе смяюцца. Сёрбай, чытач, ружовую вадзіцу. Пішуць пра жыццё партызанаў у лесе. Паспрабуй уявіць той лес! Герой дзве гадзіны ідзе пушчаю, а ў яго пад нагою нават сучок не хрусне. Партызаны, вядома, з «суровымі тварамі», камандзір устае і аддае каманду «звонкім» голасам і, вядома ж, «падцягнуўшы пояс». А ў канцы «спалоханыя гітлераўцы валяцца, як снапы»… Камандзір дзякуе героям ці дае клятву помсты над «паўшым целам» таварыша.
Канстанцін Міхайлавіч вельмі трапна парадзіруе акамянелыя звароты, што сапраўды прымільгаліся ў неразборлівай прозе. Пачынаю смяяцца.
— Смешна?
Ён падыходзіць да мяне ўсутыч і паўтарае:
— Смешна? А як табе падабаецца такая сустрэча двух паэтаў? Яны першы раз бачацца і адразу абдымаюцца і тройчы чаломкаюцца, як «загадвае звычай», і, не паспеўшы ўцерці губы, хапаюцца за вершы, і пачынаюць чытаць, і не абы-як, а выйшаўшы на сярэдзіну хаты і ўпёршы рукі ў бокі. З-за коміна паглядаюць дзеці — абавязкова замурзаныя! — і варушаць губамі — абавязкова пульхнымі! — паўтараючы вешчыя словы. Дарослыя — абавязкова! — зміргваюць з вачэй слязу. Хто — абавязкова! — цярэбіць хустку, хто — абавязкова! — пагладжвае вусы ці бараду…
Ён хаваецца ў спальні. Чуваць, як адкручваецца накрыўка тэрмаса, — п’е гарачую ваду і працягвае адтуль:
— Не веру і не паверу. Сто разоў ціснутае клішэ. Алеаграфія.
Цяпер маланкі сыплюцца проста на маю галаву. Напярэдадні я прынёс яму заключны раздзел аповесці. Думалася закончыць яе сустрэчай Купалы і Коласа ў Смольні. Так найлепш закругляўся замысел — прайсці за Коласам ад нараджэння чалавека да нараджэння паэта. Песня сустрэлася з песняй, паціснулі рукі і пайшлі поруч.