Выбрать главу

Дзядзька Антось пачаў прыслухоўвацца, дзе прадаюцца хаты. Паехаў некуды, старгаваў зруб і прыгнаў яго вадою ў Смольню. Будавацца было цяжка, але Антось быў майстар на ўсе рукі. Дый сваякі памаглі.

Мне расказвалі потым пра пажар і пра будоўлю. Дзядзька ўсё войкаў: «Занялося раптоўна, а гарэла ж ціха, хораша, як свечачка». Здавалася, ён не аб страце гаруе, а той прыгожы малюнак не можа адкінуць ад вачэй. У душы ён паэт быў. Са смольненскай хаты вельмі цешыўся, моцна хваліў яе: «О, маем! Над палацамі палац!»

Будынінка стаяла неважнецкая, але магла-такі здавацца палацам. А як жа: першая ўласная хата на ўласным драбочку зямлі. Дзядзька і лужок прыкупіў непадалёку. Словам, у гэтым месцы як бы ажылі і дзядзькавы і бацькавы мары — асесці на сваёй зямлі.

Антось гаварыў: «Нябожчыку брату спакайней цяпер у жвіры ляжаць. Мы ўжо схапіліся за пэўнае дзела».

— Я бываў у Смольні наездамі. Аднойчы пайшоў у Мікалаўшчыну да некага з хлопцаў «пагуляць». Удалае слова, дарма забываем пра яго. Гэта не ў госці схадзіць, а так зайсціся адпачыць часінку, пасядзець без работы, гуляючы. Мне далі знаць: прыйшоў Купала і чакае ў нас у хаце. Я вельмі ўзрадаваўся. Вярсту да Смольні бегма бег. Але як ні спяшаўся, захапіў-такі кварту гарэлкі.

Купала ўстаў з лавы, хацеў падысці мне насустрач і ледзь не паваліўся. Мы абодва збянтэжыліся. Неяк павіталіся ўсё ж. Ён, накульгваючы, забіўся зноў на покуць і не падымаўся з месца. Ад пераходкі Янка намуляў ногі, чаравікі былі новыя і малаватыя. Дык ён ціхенька параспускаў шнуркі і сядзеў босы. Зачуўшы, што нехта забразгаў дзвярыма, хацеў абуцца, але спяшаўся і паблытаў свае хадакі, панадзяваў не на тую нагу. А ішоў да мяне пешкі, бо пашкадаваў грошай на фурманку. Чорт яму плаціў, таму балаголу, лепей прыхапіць непустую пасудзіну. Ён здагадваўся, што дастатку ў мяне не густа.

Спярша мы з Купалам страшэнна саромеліся адзін аднаго. Я стыдаўся свайго таннага лапсардачка — Купала ў новым пільчаку выглядаў куды ямчэй. Брыдка было і за пачастунак. Госць з вялікай дарогі, першы раз у хаце, а на стале ў нас як быццам ежы вобмаль.

Саромеўся і Янка. Сядзеў як прыкуты. Еў тое, што стаяла бліжэй, і лішне рукамі не варушыў. Потым ён прызнаўся, што пагнаўся за модным гарнітурам. Купіў і не агледзеўся: рукавы караткаватыя. Я і сам прыкмеціў: пацягнуўся ён дастаць хлеба, а рукаў заехаў на самы локаць.

Праз гэтую сарамяжлівасць мы больш маўчалі і часцей, чым належала, кулялі чаркі. Разгаварыліся, як добра асвойталіся. Радаваліся і бедавалі. Пішам, а для каго? Хто чытаць будзе? На нашай мове школ няма. Што ж ты — адною ці дзвюма беларускімі кніжкамі свет абернеш? Але надзея на перамены была. Не павінна ж усё дзевяцьсот пятым годам скончыцца. Мы чулі пра Ленскія падзеі. Янка даволі многа ведаў, ён у шырэйшым свеце нігаў. А лёс у абодвух быў хісткі. Купала пацярпеў ад цэнзуры. Кожнае слова бралі на зуб: ці не насыпана пораху. А пра мяне і гаварыць няма чаго…

Мае хатнія даўно паснулі. Толькі маці не спала, трывожылася, мусіць, каб чаго благога не выйшла з гэтай сустрэчы. Не сама дадумалася. Ці не шапянуў ёй дзядзька Антось. Ён быў не ў гуморы, ледзь упрасілі прысесці. Выпіў адну чарку і сышоў на ўсю ноч. Адгаварыўся, што падаецца на рыбу, трэба свежанькаю заўтра госця пачаставаць. А напэўна не хацеў размове замінаць. Дый на выпадак, калі пачнуць пытацца, — нашто лішні сведка. Не быў дома, і ўсё.

Хітры народ мікалаўцы! Так некалі і запішуць гістарыёграфы.

Сядзелі мы і жаліліся на сваё няпэўнае жыццё. Многага не стае. Як направіць? I вырашылі, што трэба бліжэй трымацца. Перакінуцца словам, руку падаць. I пакрысе весці сваю баразну. Колькі ўдасца.

— Назаўтра я пайшоў Янку праводзіць. Як толькі пачалася лясная дарога, ён разуўся. Тут і высветлілася гісторыя з чаравікамі. У Свержані мы пабылі ў гасцях, падмацаваліся. Янка ўсё прабаваў заспяваць песню. Я суцішаў яго, а ён слухаць не хацеў. «Я старэйшы, кажа, я ўжо сваёй маці ўсміхаўся, а ты яшчэ і разу ў калысцы не вякнуў». Тады пачалі спяваць разам. Ты чуў такую?

Шавец мяне спадабаў, Цвічча-шылле раскідаў. Я ў шаўчыхі не хачу, Я і ў дзеўках пахаджу.
Кравец мяне пакахаў, Голкі-ножны паламаў. Я ў краўчыхі не хачу, Лепш у дзеўках паскачу.
А каваль мяне пазваў — Малаток у рукі даў. Ой, хачу ці не хачу, А ўжо бабаю хаджу.

Пасядзелі мы з ім у хмызняку і развіталіся. На ростань пацалаваліся. Праўда, не тройчы, — Канстанцін Міхайлавіч падымае на мяне вочы, — але моцна. Калі так напісаць, будзе папраўдзе.