Выбрать главу

Прырода мудра ўсё прадугледжвае. Атрымаў, скажам, салавей шэрае пер’е, на табе за тое срэбраны голас! А ўдод дастаў таленту на адну ноту: ут-ут-ут! Таму, удодзе, каб і табе крыўды не было, насі стракатую вопратку.

Канстанцін Міхайлавіч памаўчаў і пасміхнуўся сваім думкам:

— Відаць, памылковая мая здагадка. Прырода ўмее берагчы свае скарбы. Вось і прыхавала салаўіны голас у непаглядную адзежыну. Каб драпежніку на вока не кідалася. Гэта, мусіць, больш правільна. Заўваж, папугаі — вялікія моднікі, ніводная кабета так прыбрацца не патрапіць. А каторы здальнейшы, дык і вопратку сціплейшую мае. Самы здатны да размовы і пераймання так і называецца — шэры папугай. Я ў старым часопісе чытаў, што такі жако песні высвістваў, гаспадара «татам» клікаў і гасцям «дабрыдзень» даваў.

Але прырода бароніць не толькі талент, а і хараство. На таго самага ўдода нават агаладалы коршак глядзець не хоча. Бо да яго падступіцца нельга, ад смуроду нос зрывае. Наша Тэпця ў Альбуці неяк хапіла ўдадзяня, яно з гнязда выпала. Каб ты бачыў, што з сучкай рабілася. Плакала, нос лапамі дзёрла, потым у ручайку абмывацца кінулася.

Багата яшчэ ўдодаў у пільчаку і пры гальштуку каля нас сноўдаецца. Песень у іх мала, а смуроду хоць адбаўляй.

Канстанцін Міхайлавіч нешта ўспомніў, глянуў на гадзіннік.

— Пара! Я цябе падвязу дамоў, а сам у Вярхоўны Савет. Прасілі, каб абавязкова быў.

Назаўтра я знайшоў яго ў гамаку пад хвоямі на ценевым баку дома.

— Бачыш, гняздзечка. Там мухаловачкі жывуць. З гадзіну гляджу, яны паспелі трыццаць рэйсаў зрабіць. То туды, то назад. Чуеш, які піск у гняздзе? Тут лішняга моманту не пасядзіш. У малых дзюбкі разяўлены, трэба ў кожную хоць па мошцы ўкінуць. Каб чалавек мог столькі працаваць, свет бы моцна забагацеў.

Канстанцін Міхайлавіч падняўся.

— Мая работа на лета зусім занепадае. Узяўся яшчэ адну казку жыцця напісаць. Пяты дзень сяджу, а вынік слабы.

— Можа, пачытаеце?

— Не пакуль што. Давай паходзім, хворы дубок адведаем, на хмары зірнём.

«Хвароба» дубка перажывалася Канстанцінам Міхайлавічам вельмі востра. У некаторай ступені ён адчуваў сябе вінаватым: папырскаў дрэўца нейкай «хіміяй», не разлічыўшы канцэнтрацыі раствору. Праўда, адразу ж пачалі абмываць глебу чыстаю вадою са шланга. Аднак дубок стаяў, скамячыўшы ніжняе лісце ў сухія кулачкі.

— Як быццам прымаразкам хапіла, — Канстанцін Міхайлавіч адарваў загінуўшую лісцінку. — Але павінен жыць. Гэта, вядома, толькі налета высветліцца.

Так яно і здарылася. У выніку многіх турбот дубок ажыў і наступнаю вясною добра развіўся, хоць і з пэўным спазненнем. Яшчэ цераз год дрэўца выперадзіла ў росце ўсіх сваіх лясных таварышаў, што прыжыліся на паэтавай сядзібе.

Канец дня мы праседзелі ў кабінеце. Канстанцін Міхайлавіч сам вярнуўся да ўчарашняй размовы:

— Пачалі мы з табой пра Купалу, але гаворка неяк сышла ўбок. А я прачнуўся ўночы і думаў аб ім. I пра ўсё гэтае дзейканне аб першынстве, спаборніцтве. Недзе ў Паўла Тычыны добрыя радкі ёсць.

Паглядзеў на шафу, дзе стаялі падараваныя яму кнігі, але не адчыніў. Успомніў:

Товариство, яке мені діло, чи я перший поет, чи останній?

Прачытаў і адразу ж злавіў мяне на нявыказанай думцы:

— Не ўсміхайся! Я сапраўды нездарма прыгадаў Тычыну. Вось і на Украіне два прозвішчы вымаўляюцца поруч. Дый багата дзе. А хто першы? Лягчэй за ўсё тут паглыбіцца ў мудраванні. Але карысці з іх на макавае зерне. Пабольш бы ў літаратуры спаборніцтваў было: без злосці, без падкусвання, без закасоўвання работы паплечніка. Рабілі б людзі, пра адно гэта толькі дбалі, і годзе.

А што такое тое першае месца? Чыё прозвішча першым называюць? Мы з Янкам першыя пачалі пісаць, у адзін час, бадай, у друк выйшлі. Праўда, пісалі, можа, болей за іншых, але ні адзін аднаму і нікому іншаму дарогі не перабягалі. I дарэмна зусім вакол Купалы і Коласа робяць голае месца: яны, бачыце, усю парý дарэвалюцыйную паднялі.

Нас пара падняла. Калі гэтак насыпаць курганы заслуг, дык абавязкова побач яміну выкапаеш. Завядуць катрынку, тут табе мы і «асілкі», і «волаты», і «баяны», чытаць няёмка.

А Максім Багдановіч куды падзеўся? Яго ж, каб і хацеў, з першага месца ніякай вагаю не зрушыш. У Купалы і Коласа амаль кожны радок вынюхалі і выслухалі на мацунак і смак. Дык зрабіце тое самае і з Багдановічам. Колькі ў яго добрай думкі, паглыблення ў лёсы краіны. «Ты крыкнуць не можаш „ратуйце!“, і мусіш ты „дзякуй“ крычаць». Дай бог кожнаму так пра народ сказаць. Шкада, вельмі рана ён выйшаў са спаборніцтва, калі называць гэта слова. З яго магчымасцямі можна было багата здабыць у народнай долі. Такога, што толькі яго вочы бачылі, а не мае і не Янкавы.