Цяжка рабілі мы пачатковыя крокі. Цесна ў друку было, аднак хапала месца ўсім, чыім пяром душа вадзіла. У «Нашай ніве» густы параснік падымаўся. Каб не было яго, і мы з Янкам пасохлі б. А так яшчэ і Гартны загаварыў, Бядуля, Максім Гарэцкі. Гэта таксама немалы талент, трохі навуковая работа прысушыла. Я чуў, Гарэцкі перад вайною прыязджаў у Мінск і пакінуў рукапіс рамана. Каму, не помню. Цяпер не знойдзеш, а страта, відаць, вялікая. Першая яго кніжка «Рунь» вельмі цікавая. Думка расце з глыбіні. Апісанні такія, што нібы навобмацак рэч бярэш. Каб усе гэтыя людзі жылі, галасней гаманіла б літаратура. Выкасавала іх смерць, а людзі ж не павінны забываць… Асабліва Янку.
Мне пры апошніх сустрэчах здавалася, што Купала вось-вось разгорнецца ў шырокім творы. Перагарыць яго сэрца, перагаруе ваенную бяду і абзавецца нечым незвычайным. Чымсьці накшталт «Песні аб паходзе Ігара». Вялікім помнікам, на доўгія гады. Нездарма некалі Купалу на пераклад гэтай рэчы павяло.
Зараз у яго за плячыма было б чатыры вайны.
Купалава гэта тэма, яму, як нікому, падатная. Не выдзіраць асобныя лапінкі з ваеннага часу, не маляваць падзеі з мурашынымі высілкамі людзей, а знайсці такую дарогу, дзе б змясціўся ўвесь народ. Каб відзён быў увесь агромністы рух ад перавалу да перавалу, праз вайну да міру. Такога твора я чакаю, сам смуткую па ім. А найбольш па тым, што не пашчасціў лёс, не даў узяцца за яго Янку. Ён умеў, а можа, гэта не ўмельства, а ўласцівасць, патрэба ў адным радку даць вобраз з’явы. Сказаць аб ёй канкрэтна і ў той жа час перанесці на тысячы душ і на тысячы выпадкаў.
Табе здаралася чуць Купалавы вершы адразу ж пасля напісання? У мяне так бывала: паслухаеш і не задаволішся — слабавата як быццам. Потым трапіцца табе тое ж самае ў часопісе або ў кнізе. I здзівішся: проста і хораша! А ты не ўбачыў. Значыць, адразу не ўсё выгарнуў для сябе з твора, не прытуліў яго да душы цалкам. А мінуў час, павярнуўся твор да цябе іншым бокам і як бы выпусціў з сярэдзіны яшчэ трошкі святла.
I колькі ні перачытвай добрую кнігу, яна ўсё лепшае. Здаецца, усё ведаеш ад лаўкі да лаўкі, а перагарнуў — і знойдзеш нешта некранутае. Значыць, навырост пашыта, з добрым запасам.
Калі расце твая душа, дык і ў кнізе кожны раз знойдзецца новы прастор для яе. Па-мойму, кнігі жывуць да таго часу, пакуль іх не толькі чытаюць, а перачытваюць.
Кнігарні нашы нагадваюць мне магазін гатовай вопраткі. Што ні памерае чытач, цесна, не па ім. Уся бяда — крой аднастайны, хоць ніткі, можа, і розныя сустракаюцца. А трэба кроіць, каб на ўсе ўзросты і да кожнага росту пасавала!
Канстанцін Міхайлавіч запытальна падняў вочы:
— Табе здаралася перачытваць што-небудзь з майго?
Я назваў «Новую зямлю» і «У палескай глушы».
— Ад пачатку да канца?
— Як калі. Часцей за ўсё «Агляд зямлі», «Дзядзька ў Вільні». А другім разам «Воўк», «Смерць Міхала». Або толькі малюнкі прыроды з розных раздзелаў.
— Я думаў, «Сымона-музыку» ўспамянеш. У мяне з Янкам такая размова была. Ён падараваў мне новы том. Я і ўзяўся за кнігу. Засланіў «Курган» мне ўсю работу: хаджу, паўтараю. Дацягнуў да вечара і не ўтрываў: дай схаджу да Купалы, скажу яму, што вельмі гэта добры твор. Аж тут сам Купала на маім панадворку.
Янка гаворыць: «Ведаеш, Каласок, якое здарэнне? Я ўвесь дзень твайго „Сымона“ чытаў. Прыбіліся да мяне спачатку радкі: „Восень прала кужаль тонкі, павуціння белы лён“. Пачаў шукаць той раздзел, ды неўзаметку ўсю кніжку прачытаў. Вось прыйшоў табе сказаць». Я паказваю на кіёк, кажу, што з тым самым намерам выбіраўся да яго. Пасмяяліся мы і замачылі крыху ўзаемнае прызнанне…
Канстанціну Міхайлавічу пара прымаць лякарства. З неахвотай глытае нясмачны парашок і расказвае, як некалі аглядаў яго прафесар С.М. Мялкіх.
Скончыўшы выслухванне, Сяргей Міхеевіч запытаў:
— А што вы прымаеце?
Канстанцін Міхайлавіч паказаў рукою на столік каля ложка з бутэлечкамі і парашкамі.
Мялкіх пакруціў галавою:
— Я думаю, трымайцеся звычайнага распарадку. Тое, што ўхутвацца кінулі, добра. Асабліва дыеты пільнавацца няма сэнсу. Можаце за абедам чарачку каньяку выпіць. А ўсе гэтыя мікстуры — убок, мы іх з прафесарам Трусевічам спажывём.
Гэты выпадак потым Канстанцін Міхайлавіч расказваў многа каму з сяброў і дактарам, якія не скупіліся на рэцэпты.