Выбрать главу

— Доктар доктара па почырку пазнае. Сапраўды, напярэдадні ў мяне быў Трусевіч і навыпісваў лекаў не шкадуючы. Дык вось пра почырк.

— Мы з Купалам думалі з першых сваіх крокаў пра адно: каб як мацней народ на ногі стаў. Пра гэта і гаварылі, і пісалі ж, вядома. Але падыходзілі да пісання кожны з іншага боку: што каму больш на вока ўпадала.

Янка не вельмі любіў слухаць заўвагі, асабліва пра свежанапісанае. Аднак, калі слова гучала напаўгубы, згаджаўся і правіў. Мы з ім адзін у аднаго па радках не поўзалі, а раіцца — раіліся. Напэўна, нейкая частка яго працы ўзмацняе маю. Але не спарышы мы з ім, як малюецца ў крытыцы. Спеюць жа два яблыкі на адной галіне, сядзяць усутыч, а не зрастаюцца. Магчыма, дзе-небудзь далёка і думаюць пра нас як пра адну істоту, злепленую з дзвюх палавінак. Можа, гэта і нядрэнна. Злажыўшы разам усё, што напісалася адным і другім, паўнейшы вобраз нашага краю ўяўляецца. Каб бог меў розум і ў часе адумаўся ды злучыў нас у цэласць, пэўна, громкі голас бы атрымаўся. I ніхто б пра «спаборніцтва» языком не мяльнуў.

Вось цяпер апынуліся не ў роўным становішчы: Янка змоўк, мне аднаму дыбаць трэба. Не пагаджаюся ніяк. Усё хочацца азірнуцца на яго, паслухаць, параўняцца на ягоны крок. Нават каб ён нічога не рабіў цяпер, а проста быў. Каб ведаць, што ён тупае недзе па горадзе або размаўляе з кім-небудзь, як мы з табою! I тады б нам усім дружней было б. Ахватней бы рука па паперы хадзіла.

Таварыскасць жыла ў ім. Праз гэта многа тлуму яму парогі абівала! Сяброў сапраўдных не так многа было, а рэшта — так званыя прыхільнікі таленту, ахвотнікі кульнуць чарку. I Янка зводзіў на іх мноства часу. Дый здароўя таксама. Мы з ім на поўдні лячыліся. Ну, сядзеў бы ціхенька, хочаш пі тую ваду, хочаш палашчыся ў ёй. Дык не. Праз два дні аброс кампаніяй: адна душа цікавая, а дзесяць — чыстыя падсёрбвальнікі. I зглумілі яму адпачынак.

Я тады напісаў эпіграму: «Памыецца Янка ў нарзане…»

Янка спачатку нібы надзьмуўся крыху, але, прыехаўшы ў Мінск, смеючыся пераказваў вершык, калі дзе-небудзь у гасцях да яго чапляліся з пачастункамі. Наогул жа ён больш любіў частаваць, чым частавацца.

Сустрэнешся з ім, бывала: «Здароў, Янка!» — «Здароў, Якуб!» Часамі на гэтым і гаворка ўся. А дзень пройдзе весялей і зробіцца больш. Значыць, ён табе моўчкі паспагадаў, дабра пажадаў. Чалавек заўсёды чуе, што яму другі зычыць у нутрах. Такое зычлівасці Янка меў багата. Не скажа, але ўсё роўна зразумееш, што ён душою хінецца да твае радасці або бяды.

Ад свае думкі ён не адступаўся, і з яго добры камуніст быў бы.

Коласавы падарункі

Пошукі нажа. Зноў «Новая зямля». Дзядзька Антось у постаці бога касы. Купала і Колас выпрабоўваюць струмант. Што падараваў Канстанцін Міхайлавіч.

— Ты маскоўскія магазіны, здаецца, ведаеш — купі мне нож.

Напярэдадні мы ехалі ў цягніку, і калі я папрасіў у правадніка начынне для перакускі, Колас пачаў кпіць. Маўляў, хто гэта выязджае з дому без нажа, і наогул, чаго варты чалавек, калі не мае такога струманту. Потым дастаў кішанёвы ножык, акуратна нарэзаў скрылькамі любовае і накроіў хлеба, падкідаючы па слоўцу ў адрас незапаслівых бесхацінцаў і спадцішка падсмейваючыся. Значыць, нож у яго быў, і ў вагоне мы, здаецца, нічога не забывалі.

— А хіба вы той згубілі?

— Згубіў не згубіў, а зрабі мне такую ласку — купі. — I дадаў: — Выбірай, каб быў з добрай сталі, не вялікі і не цяжкі, ды каб, зірнуўшы на яго, можна было сказаць, што гаспадар — прыстойная асоба.

Апошнія словы Канстанцін Міхайлавіч крыху падкрэслівае, нібы нагадвае штосьці, вядомае нам абодвум.

У магазінах, як на тое, трапляліся не лепшыя ўзоры шырспажыву, амаль пад адзін стандарт. Нарэшце, дзесьці ў камісіёнцы, знайшлося нешта больш-менш людскае: складанчык зграбны, кішэні не адцягваў, і чаго-чаго ў ім не было! Два лязы, нажнічкі, відэлец, напільнічак, пінцэт, рэчаў семнаццаць, калі не болей.

— Лоўкая штука! — Канстанцін Міхайлавіч агледзеў пакупку з усіх бакоў, прымераў на ўжытак усе прыстасаванні, аднак у кішэню не паклаў. Нож паказваўся ўсім наведвальнікам: «О, бачыце, я разжыўся на старасці гадоў!»

Госці роблена і няроблена ахалі, гаспадар здаваўся здаволеным і відавочна цешыўся, выслухваючы экскурсы С.М. Гарадзецкага ў айчынную прамысловасць з імёнамі Кандрацьевых, Кузняцовых і другіх рускіх нажавікоў. А нож як ляжаў, так і заставаўся ляжаць на стале і ў пінжак не перабіраўся.

Канстанціну Міхайлавічу давялося затрымацца ў Маскве надаўжэй.

— Весялей было ўдвух, — ён глядзіць, як я пакуюся ў дарогу, — ды ўжо ж дабуду як-небудзь. А за тое, што мы ў згодзе жылі, — трымай. — I падаў хвалёны нож.