Выбрать главу

Рупіць і рупіць не ўціхаючы: ці толькі зараз падняло і павяло мяне за сабою Коласава ўяўленне? А ці не быў я некалі раней саўдзельнікам чагосьці вельмі падобнага да выбару касы, ці не прысутнічаў пры такой цырымоніі асабіста?

Шукаючы адказу, слухаю завею, і ў ёй ажываюць развітальныя словы Канстанціна Міхайлавіча:

— Каб давялося складаць беларускую міфалогію, я перш-наперш абвясціў бы Антося богам касы. А Міхала, свайго бацьку, богам лесу. Ты думаеш, яны з неба падалі, розныя багі? У пісаніі сказана, нібыта бог стварыў чалавека па сваім вобразе, на свой кшталт. Не, усё наадварот: чалавек падганяў па сабе бога. З тых, што былі старэйшыя ў доме, каго хатнія паважалі і баяліся. Пярэйдзе такі старэйшына ў кола нябожчыкаў, аддаліцца ад жывых на адлегласць прапрадзеда, і гатова: паданні аб спрыце, сіле, адважнасці, німб вакол галавы.

Бог касы і бог лесу! Колас надзяляе створаныя вобразы дакладнымі імёнамі, нібыта сапраўды робіць подпісы пад іх партрэты ў міфалагічнай хрэстаматыі. I сам аказваецца ў найбліжэйшым сваяцтве з імі, у такой самай постаці, за такой самай працай.

Успамінаю Канстанціна Міхайлавіча з касой каля свайго дома. Ён сіліцца выкасіць траву між кустоў, але немаведама дзе ўзятая каса не бярэ, пахістваецца на коссі і не паддаецца ні мянташцы, ні асаджванню малатком. «Падосак!» — кідае зняважліва змакрэлы касец і сядае пакурыць.

Завея гоніцца за мной усю ноч, стараецца не астацца ад цягніка. I ў ранішнім сутонні на чыгуначным мосце каля Барысава дагнала, закруціла, закурыла, засланіла белай пацярухай далечы. I раптам апала доле і разам з познім сонцам выгарнулася са снежнага кужалю і лёгкага прадзіва ўспамінаў такая самая калючая і вятрыстая раніца…

Год дзесяць назад… Таксама — Масква. У квадратовым вялікім пакоі два чалавекі. Добрыя і зацятыя, усмешлівыя і крыху ўгневаныя, яны ўпарта адстойвалі кожны сваё. Размова ішла горача, але і ў самыя вострыя моманты яны не трацілі здольнасці зірнуць на сябе і на прадмет спрэчкі зверху ўніз, як дарослыя на дзіцячыя гульні.

Гэта былі Колас і Купала. I спрачаліся яны не пра што іншае, як пра нажы — чый лепшы?

Усё, што так настойліва трывожыла цэлую ноч, раптам узнавілася ў памяці.

У канцы Малой Пірагоўскай, дзе я тады жыў, моцна задзімае. Завеяны і акалеўшы, пераступаю з нагі на нагу — пазнюся на работу, а трамвая няма і няма.

Праз снегавую імглу ад Нова-Дзявочага манастыра пасоўваецца постаць, не пазнаць якую нельга, а паверыць, што пазнаў, таксама немагчыма. Бо адкуль жа тут узяцца Коласу, ды яшчэ так рана?

Аднак гэта ён, ідзе насустрач, падае руку, адгукаецца на абвыклае са студэнцкіх год: «Дзень добры, дзядзька Якуб!» — такім жа абвыклым: «Здароў, галубок!»

Пачаў працу VII з’езд Саветаў. Яны прыехалі разам з Купалам і жывуць у новых дамах каля манастыра. Вось Колас і выйшаў, па сваім прызвычаенні, патупаць перад працоўным днём. Запрашае заходзіць, тым больш што мой дом поблізу.

Пагаварыць вельмі нецярплівілася. I я, вядома, апараніўся, не даў людзям перадыхнуць пасля дэлегацкіх турбот, атак карэспандэнтаў, выдавецкіх спраў.

Аднак яны і не збіраліся спачываць. Перад Коласам ляжала недапісаная паштоўка, а Купала распытваў дзяжурную, дзе бліжэйшая аптэка, — яму спатрэбілася лякарства.

Яны адразу ж вярнуліся да недакончанай, мусіць, перад маім прыходам размовы. Даклад Сярго Арджанікідзе аб прамысловасці пакінуў незабыўнае ўражанне, паэты прадчувалі новую індустрыяльную будучыню Беларусі. Не менш абяцалі і захады, якія збіралася зрабіць краіна ў гадоўлі жывёлы.

Уражанняў не пазычаць — прыгадка змяняе прыгадку, адзін малюнак саступае месца другому.

Я слухаў, рады магчымасці пабыць лішнюю хвіліну з людзьмі, каго тады не так часта шанцавала бачыць. Аднак асабліва расседжвацца нельга. Гляджу на гадзіннік, каб, зачапіўшыся за позні час, падняцца. Але Канстанцін Міхайлавіч вельмі добразычліва затрымлівае, пытае, як паводзіцца тут, у Маскве, як заработкі, ці хапае ведання рускай мовы для работы ў выдавецтве. Адказваць даводзілася стрымана, не скардзіцца ж ім на свае нягоды!

Колас, відаць, адчуў гэта і перавёў адразу гаворку на галоўнае.

— Толькі пісання не закідай. Давай хоць заметкі, водгукі на кнігі. Потым і што большае надрукуецца.