Выбрать главу

Як ні ўцешна было чуць спагадлівае слова, мяне бянтэжыў Купала. Выгляд у яго быў не з лепшых часаў, гартаючы на канапцы «Крокодил», ён неўзаметку паглядаў на ложак.

Канстанцін Міхайлавіч угадаў мае намеры адвітацца і падсунуў сподак з яблыкамі.

— Укусі на адыход. Нашы антонаўкі. Ёсць жа ў людзей сакрэты: яблыкі да новых далежваюць. Калі хочаш, абірай, — ён выгарнуў з паперы, відаць нядаўна куплены, складанчык. — Чаго касавурышся? Гэта ўсім нажам нож, — у голасе ў яго пачулася адценне ці то перавагі, ці нават лёгкае пахвалянне.

Нож быў просценькі, у касцяных ці нават драўляных тронках і, праўду кажучы, асаблівага ўражання на мяне не рабіў.

Гэта і зазначыў, пасмейваючыся, Купала. Я і не згледзеў, як ён паспеў апынуцца поруч. Колас запярэчыў. Маўляў, не ў выглядзе справа, а ў фірме, і паказаў кляймо славутай у тыя гады арцелі.

— Вось я і кажу — нічога асаблівага, — паўтарыў Купала, — і ў мяне гэтакае дабро ёсць. — Ён паклаў на стол акурат такі ж самы ножык.

На Коласавы словы, што мала купіць, а трэба ўмець выбраць, Іван Дамінікавіч прадэманстраваў цэлы шэраг выпрабаванняў. Дыхаў на лязо і сачыў па гадзінніку, як знікае туманок запацеласці з паверхні: хутка, значыць, сталь добрая. Потым прыціскаў дзюблік пад вялікі палец на рагу стала і лёгка біў па тронках. Нож глуха трымцеў, а калі вібрацыі аціхалі, падспеўваў тонкім голасам. I гэта неблагая адзнака! Затым аднекуль з’явілася тоўстая іголка, з яе дапамогай было вызначана, як паддаецца лязо вастрэнню і ці будзе трымаць вастрыню. Нарэшце глядзелі, на колькі ўбіваецца кончык нажа ў фанерку, падаючы з паўметровай вышыні. Тут прыкідалася на вока разацкая, як сказаў Купала, здольнасць струманту.

Падобныя маніпуляцыі, можа, толькі ў іншай паслядоўнасці і з пэўнымі варыянтамі, прарабіў са сваім нажом і Колас. Вось тут і занялася спрэчка: хто ж зрабіў больш удалы выбар? Пайшлі доказы, пярэчанні, падхвальванне свае пакупкі. Пасля агледзеліся, што пад час выпрабаванняў падобныя цюцелька ў цюцельку нажы пераблыталі, і вызначыць, каму які належыць, немагчыма.

— Смех смехам, — сказаў Купала, — а як дзяліць будзем?

Выручыла «камуканне» — Канстанцін Міхайлавіч помніў надзейны спосаб дзяльбы з настаўніцкай семінарыі.

— Стань тварам да дзвярэй, — закамандаваў ён мне і спытаў: — Каму?

Не помню, чыё імя я назваў першае, але спрэчка аб прыналежнасці нажоў гэтым не вырашылася. Пазней расказвалі, што, вярнуўшыся ў Мінск, сябры не-не дый падкпівалі адзін з аднаго.

— Дзякуй, Каласок, хвацкі ты мне нож купіў, — гаварыў Іван Дамінікавіч, намякаючы на блытаніну.

— I ў мяне няйначай, як твой, — аджартоўваўся Колас. — Не рэжа, а голіць. Адразу відаць — чалавек сабе выбіраў.

З розных паездак і падарожжаў паэты прывозілі нажы. Верх па якасці браў то адзін, то другі: Купала вярнуўся з Карлавых Вараў, набыўшы нейкі ледзь не адзіны экземпляр.

Праз некаторы час школьны таварыш падараваў Коласу унікальны выраб фабрыкі Заўялава, падкасіўшы замежнага прэтэндэнта на пяршынства. Шансы ўраўнаважваліся, пакуль новы набытак з чыйго-небудзь боку не выклікаў прыкметных хістанняў. Вось як зараз…

Купала і Колас пабралі свае пераблытаныя трафеі і ўзяліся замацоўваць дадзены мне ўрок тонкага майстэрства выбіраць нож. Гэта былі, так сказаць, метадычныя парады:

— Нож павінен быць такі, — казаў Колас, — каб можна было выразаць кій, накрышыць тытуню, накроіць хлеба, ну і часамі корак выцягнуць.

Купала слухаў і ківаў галавою. Пакуль не дайшло да шыла і адвёрткі.

— А нашто яны табе?

— Бывае, у стрэльбе што прыкруціць або вушка ў боце адарвецца, — вочы Коласа ўсміхаліся. — Ды я не пра сябе, людзям патрэбна.

— Хіба што! — хмыкнуў Купала. — Але на розныя налады ёсць майстры, яны чысцей робяць. Ты ж сам першы клічаш ісці ў нагу з прагрэсам. Цяпер скрозь спецыялізацыя, дык нашто ляпіць усе прычындалы ў адзін нож? Выпускай на кожны густ і патрэбу: садоўніцкія, паляўнічыя, дарожныя.

Канстанцін Міхайлавіч не мае нічога супроць.

— Мы ўсе ў дарозе, — гаворыць ён. — Мала якое здарэнне можа натрапіць падарожнага. Яму трэба добрую снасць у рукі.

Купалаў твар на момант перасмыкваецца, няйначай, абзываецца нядужасць. Але ён авалодвае сабой і дадае яшчэ адно пажаданне, напаўжартліва:

— Галоўнае, каб, зірнуўшы на нож, можна было сказаць, што гаспадар яго — прыстойная асоба.

…Ваенныя і вандроўныя гады моцна прыпарушылі тую сустрэчу. Па дарозе з Масквы я адгарнуў апалае лісце дзён і што ўспомніў, што аднавіў па запісах 1935 года.

Выходзіла, Канстанцін Міхайлавіч, выпраўляючы мяне пашукаць добрага нажа, дакладна паўтарыў колішнія Купалавы словы. I нават вымавіў іх асабліва, відаць, думаў, што і я помню ўсю цырымонію выпрабавання. А можа, быў не супроць паўтарыць яе і праз гэта прыгарнуцца сэрцам да адышоўшага сябра, да ўсіх людзей, якія ўмелі і любілі рабіць усякую работу.