Выбрать главу

Не дзівацтва, не калекцыянерская прагнасць, нават не жаданне мець лепшую, чым у каго іншага, рэч штурхалі Купалу і Коласа на раздабыткі новых узораў нажовай вытворчасці. Нястомныя ў працы і пошуку іншых скарбаў, яны такім чынам як бы прыядноўваліся да высілкаў многіх і многіх майстроў. Тых, што выраблялі безліч гатункаў гэтага інструменту, і тых, хто карыстаўся ім. З аднаго боку выстрайваліся густыя шэрагі рудазнаўцаў і рудакопаў, сталявараў і прэсавікоў, гартавальнікаў і паліроўшчыкаў, з другога было яшчэ гусцей: землепраходцы, садаводы, марскія вандроўнікі, пасажыры, паляўнічыя, горныя і селавыя пастухі. Нож быў рэччу выключнай у гэтым сэнсе: патрабуючы немалога ўмельства для свайго вырабу, уладаў і агромністай аддачай.

Для Купалы і Коласа ў старажытнай прыладзе працы, здабывання ежы, абароны і нападу як бы сінтэзаваўся поступ чалавецтва ад дасканаласці і вяршынь культуры. Дарма, што прылада гэтая часамі трапляла ў рукі подласці, падступнасці і фанатызму. Дабрадзействы яе — незлічоныя!

Перад вачыма паэтаў гарталася шматвяковая гісторыя, прыгадваліся далёкія і блізкія прыклады, як на ўсіх неаглядных шляхах, аж да каменнага веку, выручаў чалавека і служыў яму на дабро — нож. З ім, крамнёвым, бронзавым, стальным, нарэшце, чалавечая мужнасць ратавала жыццё, адстойвала добрае імя людзей, а чалавечае ўмельства вызваляла ад болю, выклікала на свет творы мастацтва, затоеныя ў кавалку дрэва, скручвала дудкі з вярбіны.

Вось, бадай, і ўся навука, якую перадаў Колас разам са сваім падарункам. Я даўно ўжо не нашу таго чорнага ножыка ў кішэні, не бяру ў лес, нават не вастру ім алоўкаў. I трымаю не на стале, а ў шуфлядзе — каб не выраслі часам ногі. Праўда, не пахваліў бы за гэта дзядзька Якуб: нашто тая рэч, калі на яе можна толькі глядзець! А я толькі гляджу… Але чую яго мудрыя парады, аднаўляю галасы мінулага, стараючыся ўслухацца ў тое, што будзе.

I сам гавару з людзьмі, жыву з імі…

Не сатвары сабе куміра

Подых часу. Вінакуравы вусы. Перачытванне Караленкі. Час патрабуе праўды. Крытыка і самакрытыка. Недатыкальнасць.

Лета 1953 года.

Масква.

Ідзе сесія Вярхоўнага Савета СССР. Канстанцін Міхайлавіч вярнуўся з пасяджэння. Змораны, але ўсмешлівы.

— Як быццам нічога не змянілася. I людзі ўсе тыя самыя, і зала тая, і распарадак работы знаёмы… А паветра стала больш. I вачам нібыта святлей.

Сядлае нос акулярамі і бярэцца за кнігу. Чытае дзённікі Караленкі вось ужо некалькі дзён.

З паўгадзіны моўчкі гартаюцца старонкі. Потым кніга адкладаецца ўбок.

— Тут многа цікавага. Чытаў? Добра сказана, якім павінен быць пісьменнік. Але складана крыху. А як сказаць прасцей? Пісьменнік — той, хто можа прымусіць чалавека заплакаць, а праз хвіліну выкліча на яго вусны ўсмешку. Былі пісьменнікі, катавалі чалавечую душу ў сваіх творах. Відаць, думалі такім чынам прывабіць да светлага, лёгкага. Але найбольш выразна крайнія душэўныя рухі чалавека спалучаюцца ў Гогаля. Я схіляюся перад ім.

Гогаль — адзіны ўплыў, які ён прызнае, нават крыху ганарыцца ім. Заканчваючы трылогію «На ростанях», камусьці з членаў суда «начапіў» вусы гогалеўскага вінакура, падобныя на заціснутую пад носам мыш.

— А як будзе з вусамі? — асцярожна спытаўся я, прачытаўшы раздзел.

— Хочаш сказаць — не маё? Ну, што ж. Я ж не вінаваты, што Гогаль раней жыў і ўзяў ды прыдумаў першы.

Патрымаўшыся на сваім з тыдзень, перад здачай рукапісу ў часопіс — «вусы» ўсё ж выкасаваў.

Зараз Канстанцін Міхайлавіч не хоча развітвацца з Караленкам.

Чытае з адгорнутай старонкі:

«…Руская думка ўжо не маўклівая і заяўляе сябе. Думка пераходзіць у слова. А слова — шукае таксама і свайго выражэння, якое называецца справаю.

Думка, слова і справа — гэта тры ступені, па якіх рухаецца гісторыя».

Памаўчаў, узважваючы прачытанае, і пачаў:

— Помніш справу вацякоў? Іх абвінавачвалі ва ўжыванні чалавечай крыві. Караленка не збаяўся стаць супраць усяе махіны царскага суда. Вялікі праўдалюб ён. I не толькі любіў праўду, а ўмеў і пастаяць за яе. Вось такі і павінен быць пісьменнік.

Сапраўдны.

Час патрабуе самай чыстай праўды.

Нядзеля.

У Тушыне павінен быць авіяцыйны парад. Радыё абвяшчае: з прычыны дрэннага надвор’я святкаванне адкладаецца. А надвор’е ўзяло і разгулялася.