Выбрать главу

Канстанцін Міхайлавіч пасмейваецца:

— Пагода адбылася, а вось прагноз, нават у межах адных сутак, падкачаў.

I нечакана перайшоў на літаратуру:

— Няма ў нас майстроў на прагнозы. Крытыка аднабаковая, без мыслі, без святога агню. Зараз палепшала, малавата, праўда. Хіба што моладзь паможа. А да вайны! Які артыкул ні разгарні, адусюль вытыркае аблуплены носік аднаго і таго ж крытыка. У меру асцярожненькі, у меру падхалімны або нахрапісты. Былі і гібрыды — заядла ціхманыя. А можа, герой Ільфа і Пятрова не знайшоў другога жыцця ў «Залатым цяляці», уваскрос і падаўся ў крытыку! З Астапа стаў Лукою і ўкараціў на адну літару прозвішча. Трываласць зайздросная! Пасля нас заснаваў павуцінне ў новым месцы. Так і глядзі, зноў пачне таптацца па літаратуры. Яго ж напарнікі аджываюць пакрысе.

Самае паганае — крытыка з аглядкай на асобу. Тое самае, за што цябе, скажам, абняславяць на ўвесь свет, мне прынясе лаўры. Цяпер «Новая зямля» — і філасофія, і энцыклапедыя, і выключнае майстэрства… А не так даўно: кулацкая мара, прыземлены бытавізм, дзеяслоўныя рыфмы — і ўся гаворка.

Тады за ўзор лічылі п’есу адну, сшытак дрэнных рыфмаў. Праўда, пачатак лоўкі ў яе быў, уголас не вымавіш: адразу ж з лаянкі. Тут знаходзілі: глыбіннае раскрыццё сучаснасці і найноўшае светаадчуванне. I каб жа не ведалі, што за смак, ведалі… А ніводная душа не адважвалася сказаць праўду. Аўтар быў недатыкальны. Праз гэту бяду і застой. З нашай паэзіі апошняга дзесяцігоддзя перад вайною многа можна смела выкасаваць.

Паэзія не даруе слоўнай разбэшчанасці. А мы зноў маўчым, і цяпер зноў пільнуемся недатыкальнасці. Для некаторых. Іх хваляць, а яны пэўным і цвёрдым крокам ідуць усё далей, уніз.

Гаворка пра недатыкальнасць аднавілася ў Мінску амаль перад канцом года.

— Чытаў? — сустрэў мяне Канстанцін Міхайлавіч, падаючы нумар газеты з вершаванымі слупкамі. — Прынёс дахаты рукапіс, прысвячэнне мне паставіў. Усё водгуку чакаў, бо пра лес напісана. А што яму сказаць? Па-першае, так наслядуе мне, што чытаць няёмка. Лёгка ў яго пячэцца…

Прыкмеціўшы ў мяне ўсмешку, Канстанцін Міхайлавіч раптам угневаўся:

— I няма чаго лыбіцца. Хочаш сказаць, што я за яго слова закідаў?.. Дык хай бы рабіў найлепей.

Канстанцін Міхайлавіч прыгадвае адзін выпадак і рагоча.

Некалі мы пілі піва ў часовай драўлянай будыніне на Купалаўскай вуліцы, дзе зараз стаіць цырк. Колас жаліўся:

— Не далі сёлета ніводнай прэміі на Беларусь. Я вельмі хацеў, каб наш кандыдат атрымаў. Агітаваў усіх і творы яго ўголас чытаў…

— А не спявалі часам, дзядзька Якуб? — жартліва спытаўся Танк.

— Лоўка падсек мяне Максім, — смяецца Колас ад прыгадкі. — Так і трэба, не распінайся за абы-што. Ну, бог з ім, хто колькі мае, так і грае. А наогул — хлопец вясёлы і не дурны той мой пратэжэ. I дружыць з ім можна, асабліва калі ты яму патрэбен.

Шматгадовае знаёмства і раптам — горкія словы, у першую чаргу для самога сябе. Частыя паўзы разрываюць нашу гаворку. Аднак у расчараванні ён прызнаецца мужна: было? было!..

Канстанцін Міхайлавіч пераходзіць на паэзію, бярэцца за асобныя творы.

— Чытаў адну рэч. Чакаў, можа, чалавек з’явіцца, хоць няўдаленькі. Няма. Значыць, і твора няма.

Аўтара Канстанцін Міхайлавіч не назваў. Паказаў на бакавы столік, куды адкладаліся прачытаныя кнігі, там ляжала некалькі нумароў «Полымя» за мінулыя гады.

Часопіс разгарнуўся якраз на назве твора, выходзіла, што гэтая рэч не так даўно чыталася. Канстанцін Міхайлавіч пацвердзіў здагадку:

— Так кепска ўсё, што нават нічога не падкрэсліў.

Колас ведаў вагу свайго слова і дарэмна не кідаў пахвалы ці асуджэння.

— А думаеш добра, што мне ніхто не гаворыць праўды ў вочы. Нават ты.

Канстанцін Міхайлавіч меў рацыю. Я нясмела запярэчыў, што стараюся сумленна выконваць нашу ўмову на гэты конт.

У адказ пачулася катэгарычнае пытанне:

— А як ты мяркуеш пра маю «Адплату»? Маўчыш? Значыць, ухіляешся ад адказу. Я ж цябе не першы дзень ведаю. Ты ні разу не загаварыў пра гэтую паэму. Не падабаецца. Што б гэтак і сказаць. Не, недатыкальнасць!

Канстанцін Міхайлавіч пачаў збірацца да знаёмых на сямейную ўрачыстасць.

Надзеў капялюш і вярнуўся з парога:

— Не сатвары сабе куміра. Хоць гэта і бог з Маісеем прыдумалі, а сказана ўдала. А мы стварылі. I духу ягонага яшчэ выдыхаць не можам. Самі пнёмся ў большыя і меншыя кумірчыкі. Але папомніш маё слова: вялікая праўда недзе каля дзвярэй.

Ды не глядзі на мяне вялікімі вачыма. Раздзярэцца заслона, якая адлучае праўду ад няпраўды, учарашняе ад сягонняшняга, а сёння ад заўтра. Можа, я не дачакаю, дык ты ўбачыш.