Выбрать главу

Застыдаліся людзі, стала ім шкада беднай нядзелі, і пачалі высцерагацца ад работы.

— Вось як мне ўяўляліся тады дні тыдня.

Нядзеля — поўная шпулька белых нітак. Гэта, відаць, таму, што маці ў гэты дзень не бралася за шытво і не адрывала нітак, а застаўляла сваю скрыначку з голкамі, гузікамі і шпулькамі высока на паліцу.

Панядзелак — такая самая шпулька, але без нітак.

Гэта ўяўленне таксама можна растлумачыць. Пустыя шпулькі звычайна аддаваліся мне, я качаў іх па падлозе або разразаў, надзяваў на дубчык колцы і майстраваў нешта накшталт цялежкі. Найчасцей шпулькі траплялі да мяне пасля нядзелі, калі маці бралася за шытво, перастаўляла сваю скрыначку з паліцы на лаву.

Аўторак — на гліняным белым кубку сіняя плямка — фабрычная марка.

Мы пасцілі не толькі ў пятроўку ці ў піліпаўку, а і кожную сераду і пятніцу. Такім чынам, аўторак быў перадпосным днём. Маці ўвечары прыносіла з прыгрэбкі вялікую гладышку малака і налівала нам. Асабліва смачна пілося малако з белага кубка, адзінай крамнай пасудзіны ў нашай хаце.

Серада — драўлянае біла на ложку (з клапамі ў шчылінах).

Каб уся работа не спіралася на суботу, маці пачынала апратваць хату з палавіны тыдня. Выносіла на двор пасцельныя бэбахі і, пакуль яны ветралі на плоце, грэла ваду і залівала кіпнем ложкі. Такі малюнак жыве ў маёй памяці.

Але нехта з братоў, ці не Уладзя, пярэчыць, кажа, што ласткоўская хата была чыстая, без гэтых непажаданых жыхароў. Калі гэта праўда, не ведаю, чым падмацаваць сваё ўяўленне. Можа, бачыў я такое выпарванне ў чыёй другой хаце. Можа, дзе ў іншым месцы заўважыўся нячысты ложак з клапамі ўсярэдзіне. А па гукавым падабенстве слова «сярэдзіна» я пачаў звязваць з серадою. Пойдзем далей.

Чацвер — адвёртка з ручкаю.

У бацькі была добрая паляўнічая стрэльба, а ў дзядзькі Антося зусім благенькая. Ён заўсёды корпаўся з ёю: то курок туга ходзіць, то якая другая прычына. Стрэльба гэтая моцна рвала і тузала, і звычайна пасля палявання ў дзядзькі пабольвала плячо і адна шчака была падышоўшы, як пампушка. Аднак яму ўдавалася тое-сёе ўпаляваць, вельмі метка страляў.

Гэта здольнасць, мусіць, перадалася і Міхаську, ён жа прыроджаны лесавік і паляўнічы. Можа, гэтаму майму сыну трэба было выбіраць не інжынерскую, а якую лясную спецыяльнасць.

Дык вось, паляўнічым днём у дзядзькі лічылася пятніца, а напярэдадні ўвечары рабілася генеральная праверка і падрыхтоўка стрэльбы: чыстка, разборка. Мы не адступаліся ад майстра і, вядома, заміналі яму. Тады дзядзька браўся за адвёртку і настаўляў каму-небудзь у жывот: «От я зараз падкручу табе пуп, каб добра страляў увесь тыдзень, ад чацвярга да чацвярга».

Пятніца ўяўлялася як прыклáд паляўнічай стрэльбы.

Неяк дзядзьку асабліва пашчаслівіла на паляванні: ён прынёс некалькі птушак. Глушцоў або цецерукоў, не ведаю, адно помню — вялікіх. Кінуў здабычу ў парозе і сеў абціраць стрэльбу. Адна птушка страпянулася, пачала біцца, відаць, была недастрэленая, і паспрабавала ўзляцець перад сконам.

Дзядзька падняў яе за крылы і ўдарыў галоўкаю аб прыклад. Птушка абмякла і дайшла. Я кінуўся да дзядзькі з кулакамі, закрычаў, заплакаў: «Ты гэтак можаш і нашага пеўня забіць! Ты сабе страляй у птушкі, але не бі іх галавою».

Бацька нахмурыўся і паказаў рукою на папружку. Я сціх, але канчаткова супакоіўся, калі дзядзька некаму занёс ці прадаў дзічыну, бо быў вялікі пост ды яшчэ пятніца, і мяса мы не елі.

Нарэшце — субота. Гэты дзень я ўяўляў як верхні абрэз халяў у мужчынскіх ботах. У суботу ўсюды крыху раней канчалася праца. Каб чалавек паспеў схадзіць у лазню, змыць грахі, што назбіраліся за тыдзень, і, чысценькі, кіраваўся ў царкву, на вячэрню.

Ну, зразумела, не аб людскім адпачынку думалі ўстаноўшчыкі такіх парадкаў. Дбалі, каб у царкву болей хадзілі. У горадзе для чыноўнікаў і рабочых гэта было ўстаноўлена афіцыйна, а ў вёсках трымаліся звычаю ад страху перад богам. Вечар перад нядзеляю лічыўся святым, і нават калі ў царкву не хадзілі, дык маліліся дома і нічога не рабілі. Так вялося і ў яўрэяў: суботняе свята пачыналася, як, гаварылі, «заходзіў шабас», у пятніцу, на захадзе сонца.

А ў нашай сям’і дзядзька сыскваўся дадому хутка пасля паўдня, нават бацька раней пакідаў лес, спадзеючыся, што ў свята ні ў кога не падымецца рука на крадзеж. Мужчыны мыліся, змянялі бялізну, надзявалі чысцейшыя порткі і камізэлькі, а потым браліся глянцаваць боты. Гэта ўжо быў той строй, у якім заўтра ехалі на кірмаш ці ішлі на набажэнства.

Даставаў наш дзядзька свае заслужаныя боты з юхтовымі халявамі і гамбургскімі перадамі. Усё адны і тыя ж служылі яму на працягу многіх год. Не таму, што былі моцныя, а проста насіліся на кійку за плячыма, як кажа стары жарт. Але як старанна ні начышчаў іх Антось, зверху халяў заставалася крыху рудаватая палоска.