Выбрать главу

Дождж, ураджай i паэзія

Малітва аб дажджы. Сяўба жыта старадаўнім спосабам. Паэма, напісаная на зямлі. Навука пісаць вершы. Два варыянты страфы. Рэцэнзія для сябе. Мядзяныя бляшкі і залатыя аздобы. След кроплі на пяску.

— А ведаеш, што ў мяне самае асноўнае ў творчасці? Гэта прага да вады, проста малітва аб дажджы. Я ўсё жыццё клічу ўраджай на наша поле.

Усміхнуўся, памаўчаў.

— Праўда, ён мала палепшаў. Але не таму, што я кепска прасіў. Я зрабіў для гэтага ўсё, што мог.

Вясною 1952 года ён пазваніў мне:

— Прыязджай, будзем жыта сеяць.

— Хто ж цяпер жыта сее? Хіба яравое?

— Не яравое, а самае сапраўднае…

Жыта Канстанцін Міхайлавіч сеяў у сябе пад вокнамі кожны год на ўчастачку велічынёй з клумбу пад кветкі. Глеба ў садзе пясчаная, ураблялася і гнаілася яна прыкладна так, як у калгасах сярэдняга дастатку. Сабраўшы зерне з свае клумбы, Канстанцін Міхайлавіч прыкідваў, як выглядае ўраджай года наогул. Жыта сеялі звычайна ўвосені… Што ж будзе цяпер?

Італьянец Гваніньі, праслужыўшы дзесяць год ротмістрам у Віцебскім замку, пакінуў пасля сябе хроніку, выдадзеную ў 1578 годзе на лацінскай, а ў 1611 годзе — на польскай мове. Дазнаўшыся з пераказу хронікі, як сеялі жыта віцябляне ў канцы XVI стагоддзя, Канстанцін Міхайлавіч вырашыў праверыць той стары спосаб, паставіць дослед.

Ён пасеяў вясною зерневую сумесь: дзве часткі ячменю і адну частку жыта. Дослед удаўся, і Колас, які пачаў у жарт называць сябе «аграномам-вопытнікам», надрукаваў у цэнтральнай і мясцовай прэсе артыкул аб выніках сваіх проб пад назвай «Справа, якая заслугоўвае ўвагі».

Вось што пісалася там:

«Ячмень падняўся добры, але радкаваты, жыта тулілася ўнізе. Пасля таго як быў зжаты ячмень, жыта пачало моцна расці і ў канцы верасня стала вышэй калена, яго давялося скасіць… Вясною 1953 года… дзялянку пабаранавалі… Жыта падскочыла ўгору, пасля нармальна выкаласілася, адкрасавала і налілося.

Кожнае зерне дало куст да 20–25 сцяблін па 160–170 сантыметраў вышынёй, каласы былі сярэдняй даўжыні — 12–14 сантыметраў. З дзялянкі 40 квадратных метраў сабрана 8 кілаграмаў жыта».

Гэта паведамленне абудзіла значную цікавасць даследчыкаў, калгаснікаў, аграномаў. Пошта Канстанціна Міхайлавіча стала куды больш важкая. З усіх бакоў Савецкага Саюза пачалі ісці лісты, запытанні, просьбы ўдакладніць апісаны спосаб сяўбы. Адпаведны дослед быў закладзены на ферме Акадэміі навук.

Справа сапраўды заслугоўвала ўвагі: з аднае дзялянкі зямлі пры тых жа самых затратах працы атрымлівалася два ўраджаі і ўкос руні на корм ці на сілас.

Апроч таго — і жыта і ячмень былі чыстыя, пустазелле не магло прабіцца наверх і гінула.

Пачатак свае гісторыі жытняя клумба брала з ваенных гадоў.

— Вярнуўшыся з Ташкента ў Клязьму, пачаў я сельскай гаспадаркай займацца, — успамінаў Канстанцін Міхайлавіч. — Пасеяў грэчку. Расла яна спачатку ў пакоі, а пад канец красавіка — высадзіў у грунт. Так я пасля паездкі ў Гомель надумаўся. Там людзям не было як сеяцца, — вайна блізка, дай, думаю, хоць я зерне ўкіну. Пра гэты клопат нельга забывацца. Дзе б ты ні быў, як бы скрутна ні прыходзілася — усё роўна сей… Дык у Мінску і пачаў я засяваць гэты палетак пад вокнамі.

Канстанцін Міхайлавіч пажартаваў і зараз жа дадаў зусім сур’ёзна:

— Усе свае паэмы я пісаў на паперы, а вось адну паспрабаваў — проста на зямлі. Хто яго ведае, што лепш? Праўда, сюжэт запазычаны, але ў народа, а гэта не забараняецца…

Канстанцін Міхайлавіч заўсёды радаваўся, даведваючыся з ліста ці з размовы, што прапанаваны ім спосаб сяўбы знайшоў дзе-небудзь яшчэ аднаго прыхільніка.

Такім чынам, павышаная цікавасць да прагнозаў надвор’я па радыё (ён слухаў іх рэгулярна, два, а то і тры разы на дзень — мясцовыя і з Масквы), да народных прыкмет, якія паказваюць на змену надвор’я (дым сцелецца, сонца заходзіць за хмару, гракі і вароны аблепліваюць дрэвы на сядзібе), штодзённыя размовы з барометрам, пагрозы ўтапіць яго, гада печанага, вершаваныя прысвячэнні гэтай свавольнай прыладзе, усё, што старонняму воку магло здацца шматгадовай прывычкай ці нават дзівацтвам, паўстае перад намі ў праўдзівым жыццёвым святле.

У лістападзе 1947 года мы з Данілам Канстанцінавічам, прыехаўшы ў Кіславодск, дзе Канстанцін Міхайлавіч захварэў, падаравалі яму кнігу «Народное погодоведение». Крыху паспешліва, з патугаю на гумар, быў зроблены і надпіс:

Паміж кіслых він і водаў Гэтым слаўнае зямлі Гэту кніжку пра пагоду Для цябе мы здабылі.