Усю дарогу дамоў ён чытаў той зборнік народных прыкмет і цешыўся, тлумачачы нам, якія з іх супадаюць з ягонымі ці наогул з беларускімі.
— Прыкметы на пагоду па ўсім свеце аднолькавыя, — казаў Канстанцін Міхайлавіч, — толькі мы не ведаем іх. Неяк у Ташкенце мы з Марыяй Дзмітраўнай пабіліся аб заклад. Уставалі клубястыя хмары, і я казаў, што сонца абавязкова сядзе ў хмару. Але я не ведаў яшчэ, хоць у нас гэта прыкмета верная, ці паказвае яна тут на дождж. I ўпэўніўся: назаўтра сабралася вялікая навальніца.
Ты не бачыў Чымгана? Ён некалькі разоў на дзень змяняе ўбранне, як франт-рызыкант. Усё ў новых фарбах паказваецца. А выходзіць, што ў гэтых зменах ёсць прароцтва, якога надвор’я можна чакаць.
Я любіў глядзець на Чымган вечарамі. Хмары пазвісаюць над ім і, здаецца, вышыню гары павялічваюць. Там і ўзнік верш пра Чымган. Я сядзеў пад арэхавым дрэвам і назіраў за хмарамі. Напісаў нешта за два дні.
У Ташкенце я добра такі напакаваўся ўзбекскімі прыкметамі. Кожную вольную хвіліну аддаваў назіранню.
Сяджу, бывала, каля акна, пакуль не закалышу Сірыус. Гэта значыць, пакуль вочы не пачнуць зліпацца і зорка заскача на даляглядзе…
Доўгі летні дзень разамлеў ад гарачыні і лянуецца пераходзіць у адвячорак, завісае ў паветры паўзмрокам.
Стары ельнік абмахвае разгатымі лапамі круглую паляну з лугавою травой. Крыху адступіўшы ўбок, даспяваюць выносістыя хвоі, пад іх кучаравымі шапкамі па маладой, яшчэ жоўтай кары верхавін пабліскваюць, знікаючы, апошнія промні.
Само сонца ўжо дзесьці там, за ўскраінай лесу, — спынілася на даляглядзе, нібыта раздумвае: ноч кароткая, ці варта ўкладацца на сон у душнае жыта. Можа, лепей перастояць так на ветрыку, усё роўна зараз узыходзіць. Але пачынаць хаду на небе давядзецца з іншага боку, і свяціла апускаецца ва ўгрэтую збажыну.
Драўляны дом на два паверхі расчыняе неасветленыя вокны, узіраецца, як у канцы паляны, пад ялінамі, закурэў дымок і вясёлы агеньчык пралізаў складзенае стажком сухое галлё.
Сустракаць нараджэнне вогнішча цяжкаватым крокам немаладога ідзе прысадзісты чалавек у капелюшы. Сядае на лаўку і, заціснуўшы між каленьмі кіёк, жмурыцца на агонь.
Гэта — пара вячэрняга кастра ў мясцовых жыхароў.
Якуб Колас працуе тут у пісьменніцкім Доме творчасці і заўсёды праводзіць шарую гадзіну каля цяпельца.
Любіць агонь.
Любіць вечаровы спакой.
Па адным, па двое сыходзяцца насельнікі дома, добра пераседжваць вечары гуртам, дый не так часта здараецца пабыць з Коласам, паслухаць яго.
Касцёр паджыўляюць ахапкам ламачча. Полымя буйнее, набліжаючы твары людзей і постаці хвой.
Пакуль што ўсе маўчаць, цешацца цішынёй, развязаўшы рукі і думкі ад дзённага клопату. Гаворка ўзгарыцца пазней, калі ападзе прахалода і паляна ўкрыецца расой. Тады пойдуць расказвацца падхопленыя ў жыцці выпадкі, сакавітыя і не без лёгкай аздобы выдумкай. Будзе смяяцца Колас, будзе смешна ўсім.
З ганка чуваць галасы. Няйначай, скалочваецца кампанія на ўсю ноч ісці да рэчкі, можа, удасца і юшку зварыць. Такія паходы наладжваюцца амаль кожны вечар, але пра гатаванне юшкі нешта дасюль не было чуваць.
Пакліканы некім з рачных вандроўнікаў малады паэт глядзіць на агонь, на Коласа — шкада пакідаць! — але ўсё ж устае з травы. Падымаецца лёгка, як падкінуты трамплінам, не дакрануўшыся зямлі рукою.
Колас глядзіць услед… Многа пазней, праязджаючы ў тых мясцінах, успомніць:
— I спрытна ж устаў ад кастра той хлопец! Быццам спяшаўся светлы бераг неба на даляглядзе схапіць. А што ж, гэткі ўхопіць.
Змаўкае, нібы чакаючы пацвярджэння, але падмацоўвае сам сябе далейшымі развагамі. Маўляў, так і трэба. Хто ўмее трымацца за зямлю, той здолее і ўзляцець. Такім людзям зямное прыцягненне не страшна. Захацеў пайсці і ўстаў, не штурхаючы зямліцы. Навошта крыўдзіць старую!
Канстанцін Міхайлавіч прымае блізка да сэрца ўзаемаадносіны чалавека з зямлёю-планетай, дзе жывуць і будуюцца дзяржавы, з зямлёй-скарбніцай, хавальніцай золата і вугалю, нафты і каштоўных каменняў, з зямлёю-карміцелькай людзей і рэк, лясоў і палёў.
Гаворыць пра гэта часта і памногу, ушчуваючы чалавека за няўважлівасць да зямлі і яе дароў, за грабежніцтва часам і збядненне той маці, каму абавязана існаваннем усё жывое.
— Моладзі нашай трэба зямлю даглядаць!
Зараз у Коласа можа прарвацца засмучэнне. Яму не так даўно сталі вядомы паводзіны двух маладых літаратараў, шумныя, з выклікам, не сказаць каб добрапрыстойныя. Канстанцін Міхайлавіч абурыўся, пачаў думаць аб формах ушчунку неслухаў.