Адхіляць прапанову не даводзілася, можна было толькі калі-небудзь ухіліцца ад яе, каб не адбіраць у Канстанціна Міхайлавіча часу. Але ён нічога не забываў і дамагаўся выканання ўмовы — таму даводзілася чытаць.
Аднойчы, аддаўшы яму на суд свежы, толькі зняты, як кажуць, з варштата, верш, я ніяк не мог зразумець, чаму Колас не прымае яго. Ён хадзіў па пакоі, гарачыўся, кідаў гаворку, браўся за газету. Нарэшце, відавочна, пакрыўдзіўшыся на някемлівага суразмоўніка, прылёг.
Выкарыстаўшы зручны момант, я паспрабаваў бараніць свае пазіцыі. Канстанцін Міхайлавіч не вытрымаў, падхапіўся, хвіліну падумаў і прачытаў асенні малюнак з «Сымона-музыкі», які пачынаўся страфою:
Уважліва паглядзеў на мяне:
— Цяпер ясна?
Тут надышла мая чарга крыўдзіцца:
— Я ніколі не думаў раўняць вашу работу са сваёю. Іх нельга мераць адною меркаю. Тут кожны, каго ні вазьмі з майго літаратурнага пакалення, апынецца ў невыгодным, калі казаць мякка, становішчы.
— Во, дзівак! Ды я не пра гэта зусім. Разумееш: сэнс, гук, вобраз. Яны складаюць паэтычны твор. Калі чаго-небудзь з іх не стае, цэльнай карціны не будзе…
Я хутка прадумаў не ўспрынятыя ім строфы. Дык вось што ён мае на ўвазе! Гарманічнае спалучэнне думкі, малюнка і гучання. Іначай кажучы — дасканаласць. А ён з няўмольнай прастатою гаварыў далей:
— А ў цябе што? Адзін радок лёгкі, поўны, адразу ж запамінаецца, а другі — кульгавы, ледзь ногі валачэ. А каб сэнсу дабраць, трэба добра мазгі натрýдзіць. Удала задумаў, а да сэрца не даходзіць.
I пайшоў гуляць чырвоным алоўкам па рукапісе.
Калі поўнае ўзаемаразуменне было дасягнута, я запытаўся:
— Дзядзька Якуб! А чаму вы адмовіліся ад гэтага варыянта, што зараз чыталі?
— Як адмовіўся?
— У апошніх выданнях так:
Канстанцін Міхайлавіч задумаўся:
— Гэта я, мусіць, з жоўценькай кніжачкі ўспомніў, з першага выдання. А можа, і трэба было змяніць. Нядобра, калі эпітэт ідзе за словам: «у лесе шумным», «з крыкам сумным». Расказ робіцца вялы. Дый «над балотам» няўдала. А «паднябессе» дае ўражанне прасторы, праўдзівей, журавы ў вырай нізка не лятаюць.
Я быў іншае думкі пра першы варыянт. Закрытыя рыфмы ў ім чаргаваліся з адкрытымі, а гэта надавала больш энергічнае гучанне ўсёй страфе. Лягчэй чыталіся два апошнія радкі, асабліва чацвёрты, абцяжаны злучэннем «зз» — «з звонкім крыкам».
— А наконт «балота», не ведаю, Канстанцін Міхайлавіч. Відаць, усё ж гэта слова не выклікае думкі пра нізкі палёт.
— Не выклікае і пра высокі, — адразу падхапіў ён. — А я хачу, каб было ўражанне высокага.
На дварэ каля брамкі затрымаў маю руку.
— Выбачай, што я сваё прачытаў. Гэта пад гарачую руку. Першае, што ўспомнілася. Трэба было вось што табе нагадаць.
Прачытаў яшчэ дзесятак радкоў і засмяяўся.
— Пэўна, і добра, што не ўспомніў гэтага. Бо ты яшчэ горш бы пакрыўдзіўся, нашто адной меркай з Пушкіным мераю. А ў паэзіі розных мерак няма. Пачытаеш вось такога асілка і бачыш — пераводзім мы ўсе паперу надарма.
— Канстанцін Міхайлавіч! Глядзіце, а Пушкін жа ставіў эпітэт у канец сказа: «конь неутомимый», «в степи необозримой».
— Яму, брат, як богу, усё дазволена, — задуменна прамовіў Колас. — А калі хочаш ведаць, трэба будзе ў новым выданні адправіць страфу па-ранейшаму. Толькі замест «балота» паставіць «над палямі». Давай не забудземся пра гэта.
Пэўна, з тыдзень пасля гэтай размовы я не чытаў яму нічога, хоць суд ягоны быў і павучальны і някрыўдны, не зважаючы на тое, што Канстанцін Міхайлавіч гаварыў, не падшукваючы выразаў. Не хацелася зморваць занятага тысячай неадкладных спраў чалавека.
Канстанцін Міхайлавіч прыкмеціў гэта і выкпіў самым нечаканым чынам.
— Мала пішаш зусім, — як быццам мімаходзь заўважыў ён пры сустрэчы.
Я пачаў пералічваць зробленае за апошнія тыдні, не чакаючы ніякага падвоху, але раптам убачыў, што вочы яго смяюцца.
— Нішто, нішто, — пахваліў ён мяне, пасміхаючыся адкрыта. — Я меркаваў, нічога не робіш. А ты, выходзіць, ад мяне тоішся. Або думаеш: начорта гэтаму старому карчу паказваць, што ён разумее. Прынось заўтра ўсё, я табе залію сала за скуру.