Гэта была добрая і патрэбная турбота. Папярэднім чытаннем ён хацеў лішні раз асцерагчы мяне, прымусіць падумаць яшчэ раз перад здачай твора ў друк. Ён лепш за іншых ведаў, што ў той час крытыка ставілася да мае працы занадта ўважліва, і Канстанцін Міхайлавіч быў рад кожнаму добразычліваму слову ў мой адрас. Ён першы вычытаў у «Литературной газете» рэцэнзію У. Лугаўскога на маю кнігу.
— Гэта добры паэт, яго слову і густу можна верыць.
Сказаў і не ўтрымаўся ад жарту:
— Асабліва таму, што нашыя густы супадаюць.
Неяк перад першамайскім святам вяртаўся я з Масквы і купіў у Оршы нумар «Звязды». Там быў прыемны падарунак: артыкул Коласа пра маю паэму. Яшчэ большы падарунак чакаў мяне дома: сустрэўшыся, Канстанцін Міхайлавіч аддаў мне рукапіс свайго артыкула.
— Гэта я напісаў для цябе і для сябе, — сказаў ён. — I друкаваць не думаў… А тут з рэдакцыі пазванілі, просяць, дайце што-небудзь перад святам… Давялося аддаць, выбачай…
1954 год, пачатак жніўня. Блізка з’езд пісьменнікаў рэспублікі. Канстанцін Міхайлавіч падагульняе думкі аб літаратуры, піша і бясконца крэсліць прамову, яму давядзецца адкрываць з’езд. Выказвае нездавальненне: пісьменніцкі Саюз мала чуцён у рэспубліцы.
— Успамяні, як маладнякоўцы грымелі некалі. За год-два здабылі велізарную папулярнасць. А пісаць толькі-толькі вучыліся. Нешта заядае цяпер у нашай арганізацыйнай калымазе. Відаць, уся справа ў таленце кіраўніка. Вазьмі Фадзеева. Апрача ўсяго, у яго і чалавечая таленавітасць: у трыманні, у абыходжанні… Калі яго хто і не вельмі любіць, дык усё роўна не паважаць не можа. Ён умее прымаць адказнасць на сябе. За ўсё. I не спіхае з плячэй — абы толькі як збыць — справы, людзей якому-небудзь памагайлу, чыя фантазія не сягае далей пратакола і птушачкі ў пэўнай графе.
Ну, пішуць, хай пішуць некаторыя, стрэмка ім у порткі! Але ж яны і мераюць на свой мушыны крок напісанае іншымі. Графаман графаману не дасць заганы. Найбольш актыўны з іх, хлопцы смяюцца, абы памачыў пяро, дык і пайшло рваць. У санаторыі, кажуць, за нейкі месяц выціснуў з вантроб лібрэта для оперы і для балета, дзесяткі са два баек, прадмову і апавяданне. А як выдахся, каб не прастойваць без работы, браўся перакладаць свежы нумар газеты на беларускую мову.
Канстанцін Міхайлавіч мякчэе, на твары пасвечвае лёгкая ўсмешка, яна звычайна з’яўляецца, калі расказвае што-небудзь вясёлае сам або слухае смешную выдумку.
— Тут, вядома, моцна прыкладзена…
Прамовіў і пазмрачнеў. Пальцы пачалі выбіваць на стале такты.
— Відаць, сапраўды слабая ў нас літаратура… Смех сказаць (называюцца некалькі прозвішчаў), у пісьменніках ходзяць. Яны з такімі ж поспехамі маглі б быць і гатэнтоцкімі мовазнаўцамі.
— I ведаеш — ці гэта больш смешна ці трагічна? — яны ўсур’ёз лічаць сябе пісьменнікамі. Не ківай галавою! Гэта добры пісьменнік наганяе крывавыя мазалі на рабоце. А такія пішуць лёгка: сапсуе некалькі пачкаў паперы і пачынае сцвярджаць, што ён пуп зямлі. Ды ён-то не пуп, а пух, тапаліная парушынка, зусім без вагі. А сказаўшы грубей — пух-пух, пухірок балотнага газу… О, каб пуп! — горка працягвае Канстанцін Міхайлавіч. — Паболей бы нам людзей, што звязаны з зямлёй матчынай пупавінай!
Ён усё мацней узрушваецца.
— А вінаваты мы самі. Нашто дазвалялі няўмекам і няздарам церціся каля святое работы, прызвычаіліся да іх? Калі арганізм выпадкам атручваецца, ён адразу ж адчыняе ўсе засланкі і выкідвае згубу прэч. Тым часам па нашых вачах пэцканіна атрымлівала імя і годнасць таго, чым ніколі не была і не магла быць. А што гэта? Патуранне махлярам, якія выдаюць мядзяныя бляшкі за залатыя аздобы! Ідэя быццам бы высокая ў аснове, а як напісана? Знявага высокіх ідэй! Сапраўды! Возьмецца чытач за які-небудзь хвалёны творык, глыне старонак з дзесяць, і лічы, што навечна чалавека адвярнула ад беларускай літаратуры.
Пара дом ветрыць… Ёсць адзін закаранелы цынік. Ён ведае, чаго варты, што і дзеля чаго робіць, ні ў грош ён не ставіць нашу літаратуру.
Нябожчык Міхась Зарэцкі іначай не называў яго, як «господин учитель заштатной прогимназии». Міхась прысягаўся, што мае прыродазнаўчыя і прыгодніцкія часопісы, адкуль узнік гэты пісар, выказваў намер: даць заданне студэнтам, каб параўналі пісаніну таго аўтара з часопісамі і выпісалі запазычанае. Зарэцкі паказваў мне перадзёртыя сказы і абзацы, але лічыў, што для публікацыі іх малавата.
Што застанецца пасля такіх людцаў? Які след бывае ад кроплі вады на пяску? Яны ў літаратуры самі па сабе — нуль, пустата, але смецця пакідаюць горы. А працавалі б дзе-небудзь адміністратарамі ці гаспадарнікамі, можа б, і дзякуй заслужылі.