Выбрать главу

— Праўда, адзін мае шансы ўвайсці ў літаратуру…

Канстанцін Міхайлавіч робіць паўзу. Потым недатрымлівае сур’ёзнага выгляду.

— Можа не ўвайсці, а ўехаць… На маіх плячах. Ён, во врэмена оны, ператрэсаў маю кватэру, пад кожны сяннік лазіў. Гэта, бадай, самай чыстай вады рамеснік. Піша, і ўсюды — мешаніна: падчэпленыя, адкуль можна, сказы, выхапленыя ў другіх слоўцы. Вунь гэты, як яго… Дык у яго хоць у гаворцы часам пракідаецца нешта жывое.

Канстанцін Міхайлавіч успомніў сваю эпіграму, напісаную ўпоперак старонкі ў «Полымі» на апавяданні:

Не ведаю, каб я здароў, Нашто друкуюць гэткіх праснакоў.

— Аднаго такога пісара я вітаў з пяцідзесяцігоддзем. Пэўна, маё слова ўпоперак горла стала.

На заўвагу, што падрабязнасці з ператрэсваннем сеннікоў нікому не вядомы, адказвае:

— Не клапаціся. Не адзін ён трос у мяне. Дык два другія капянуць што-небудзь збольшага і адыдуцца. У вочы мне саромеліся зірнуць. А гэты шчыраваў да поту, кожны рубец на зуб браў. Скончылі трэсці, ён памыў рукі і загадаў падаць ручнік. Абавязкова чысты. Марыя Дзмітрыеўна хацела сказаць: забяры нечага з сабою, можа, задавішся калі. Мае дзеці бачылі ўсё. Я некаторым хлопцам гаварыў пра гэта, вось і табе расказваю. Чаго толькі не прымаў на свой карак стары дзядзька Якуб!.. — паўжартам Канстанцін Міхайлавіч звяртаецца да сябе. — Ну, гэта дарма, дробязі. А вось некалі пераважаць: колькі мы пакінулі зерня, колькі мякіны… Як мы будзем выглядаць перад людзьмі ў будучыні?

Дзіўна насміхаеца лёс! Вестку аб смерці Канстанціна Міхайлавіча прынёс адзін з тых, хто ўспамінаўся тады Коласам.

— Я да вас, — прамовіў ён.

Голас у яго быў, як і звычайна, нудны, рыплівы, у ім не пракідалася ўзрушэнне.

— Толькі што пазванілі з Мінска…

I я задыхнуўся, падбіты гарачаю весткай…

Няшчасце прыйшло цераз два гады пасля тае нашай адкрыўшай на многае вочы размовы. Як далёка былі тады мае думкі ад непапраўнай бяды!

Коласава худоба

Прыблудны грак. Вырай і ўраджай. Лахмач і Муза. Хітрая сінічка. Ластаўкі ў Доме друку.

Неўзабаве пасля вайны, нейк пад восень, на гарадской Коласавай сядзібе з’явіўся грак. Ці то, акалечаны з рагаткі, рынуўся ад крыўдзіцеляў у адчыненую брамку, ці то, прыхварэўшы, шуснуў за агароджу, прываблены засенню дубоў і яблынь, мноствам кустоў арэшніку і ягадніку — ёсць дзе схавацца і добра адседзецца ў зацішку. Падрабязнасцей граковага з’яўлення не ўсачылі, а ўбачылі яго выпадкам, калі перабягаў з аднае свае схованкі ў другую.

Хаваўся ён больш у гусцейшым зарасніку, а калі крыху акрыяў, асмеліўся выходзіць на чыстую мураву і нават да дзвярэй дрывянога хлеўчука, дзе на лаўцы адпачываў Канстанцін Міхайлавіч, не забыўшыся пасыпаць чаго-небудзь птушцы. I грак, не баючыся павольнага ў кроку Коласа, патупваў блізка каля яго, браў ежу амаль што з рук. Усіх іншых жыхароў дома асцерагаўся, уцякаў, нават спрабаваў падлятаць, але махаць-то махаў крыламі, а ў паветры адзéржацца не мог.

Так і дабыўся калека-грачок да першага снегу, хоць і паправіўся ўжо, жывучы на дармовых харчах.

— Замерзне, небарака! — Колас вярнуўся з праходкі па зацярушаным шэранню садзе, дзе ўжо аказваўся першы маразок.

Пацёр рукі, сядаючы за абед, і пачаў уголас думаць, якой даць рады, каб птушка перазімавала ў цяпле. Забыўся нават, што злаваў на граковае племя ў час іхніх крыклівых адвячоркаў, калі птушкі ўмошчваліся нанач на прыхатнія сосны. Тады ён наракаў і лаяў іх чорнымі дармаедамі: ломяць, бачыце, галлё, а дрэвы праз гэта ўсыхаюць.

Пачалі рабіць захады прыстроіць грака на жытло ў цёплай прыбудоўцы. Але, пакуль тое што, здарылася адліга, снег растаў, а галоўнае, не было для каго старацца даху: грак знік.

Шафёр Сяргей расказаў, як рыхтаваліся ўцёкі. Кожнае раніцы, калі ён аглядаў у гаражы машыну і па двары яшчэ ніхто не хадзіў, грак выпрабоўваў сілу крылаў. Прарабляў трэніроўку паводле самых строгіх правіл аэранаўтыкі: выбраўшы на панадворку вольную роўную мясціну, хутка бег і, разагнаўшыся, узлятаў. Толькі лёту таго было ўсяго метры са два, — яшчэ не трымалі крылы, не ўдавалася набраць вышыню.

— Дзівак! — сказаў Колас. — Яму трэба ўзляцець на дрэва і пераскокваць па галінах як мага вышэй. А з верхавіны — кідацца ў паветра. Тады крылле размахаецца, можна паляцець.

Аднойчы спроба ўдалася і менавіта так, як разлічваў Колас. Настойлівы грак злаўчыўся сесці на сасну, адпачыў, зноў замахаў крыламі і апынуўся за агароджай.