Тады яшчэ наўкол будынкаў не было, Коласаў дом стаяў амаль апошні. Далей разлягалася пустка, ішла яна аж да маладога хвойніку на магілах нямецкіх салдатаў. Туды, падсачыў Сяргей, і пакіравалася птушка: дзе ўподлеткі, дзе подбегам…
— Наўрад каб ён перазімаваў, — патужыў Колас. — Лётаць не можа, дый раздурэў на ўсім гатовым. Калі не падаб’юць і не ўхопіць хто з дужэйшай дзюбаю, здохне з голаду, бядак.
Напрадвесні, выходзячы на работу ў акадэмію, Канстанцін Міхайлавіч заўважыў, як ад брамкі адбеглася вялікая худзезная птушка. Нешта знаёмае здалося ў ёй: грак, і, магчыма, той самы!
Колас пакінуў брамку адчыненай, а сам адышоўся, нібыта нічога не прыкмеціў. Зрабіў некалькі крокаў, пастаяў за рогам плота і вярнуўся. Зазірнуў у двор: грак ужо быў там, шукаў спажывы каля скрынкі з адыходамі.
— Прыязджай на агледзіны, — пачуў я вясёлае запрашэнне ў тэлефоннай трубцы, — вярнуўся, здаецца, леташні кватарант.
Дзеля такога здарэння не пашкадавалі жыта з леташняга ўраджаю на Коласавай клумбе, пасыпалі шчодра і падышлі блізка, як маглі, як дапускаў агаладалы госць.
— Той самы, — абвясціў Канстанцін Міхайлавіч, агледзеўшы, як грак паводзіўся поблізу людзей і, накульгваючы, кляваў зерне. — Але як ён жывы застаўся?
— Неабавязкова той. Мала хіба тут пакалечаных птушак?
— А можа, лётаў куды недалёка, — працягваў Колас недагавораную думку, — дастаўся ў Польшчу ці ва Францыю і зімаваў.
— Наўрад, дзядзька Якуб! Каб адлятаў, дык не вярнуўся б гэтак рана.
Колас падумаў. Сапраўды, да вызначаных фенолагамі тэрмінаў звароту птушак было далекавата.
— Мог перакідацца тут, — разважыў ён, — зіма была не з цяжкіх. А зараз вясна марудзіць, вось ён і ўспамянуў, дзе жывіўся некалі. Бо каб быў які іншы, дык чаму б яму перціся ў наш двор?
Малодшы сын Міхась, у тыя часы заўзяты паляўнічы, знаўся на звычках звяроў і птушак і даволі іранічна кінуў:
— А чаму птушкі выбіраць на гнездаванне акурат вось гэтую балаціну, а не тую, што поруч? А вавёрка ці жаўна селяцца ў хвойніку сярод гушчы, а не ад дарогі? Забеспячэнне, значыць, там лепшае — чарвей і арэхаў болей.
Колас не прыняў пярэчанняў і знайшоў канчатковы доказ.
— Помніце, у таго нашага грака была белая плямка на валляку? Гэта, мусіць, на пашкоджаным месцы іншая пярынка вырасла. I ў гэтага ёсць, бачыце?
Сапраўды, у грака на горле адсвечвала адно ці два белыя пёрцы. Гэта можна было лёгка разгледзець з лаўкі, куды мы паселі.
Гракова гасцяванне цягнулася з месяц, пакуль не стала добра цёпла. З мясцін зімовага бытавання паварочаліся ягоныя родзічы, зноў пачалі абсядаць сухаверхія сосны, выклікаючы Коласава нездавальненне. Да гэтай крыклівай кампаніі прыхатні грак не далучаўся, хоць ахвотна дапускаў да пасыпанай яму ежы, праўду кажучы, тыя былі не вельмі жадны да яе. Спроб лётаць ён не рабіў, толькі задзіраў галаву, калі на верхавінах начлежнікі пачыналі перагаварвацца перад сном на сваёй, адным ім зразумелай мове.
I ўсё ж аднойчы, калі Колас выйшаў раніцаю пасыпаць зерня, птушка на голас не прыйшла. Глянуў на дрывотню — пуста.
Канстанцін Міхайлавіч выказаў надзею: можа, заляціць на абед. Дарма: грак не з’явіўся ні на вячэру, ні назаўтра. Колас пытаўся ў хатніх, у шафёра Сяргея, — і гэты нічога не дагледзеў.
Колас з усмешкаю разважыў так: падужэўшы на трывалым хлебе, грак не вытрываў штовячэрняй птушынай балбатні над галавою і наняў недзе цішэйшы куток. Ці, можа, залётныя начлежнікі ўстыдзілі яго: што ж ты, браток? Маеш крылы, а бадзяешся па зямлі з куранятамі! Вось ён і паляцеў разам з усімі, а там знайшлася пад густ сяброўка, трэба было будавацца, пайшлі дзеткі: паспрабуй накармі ды навучы лётаць… Глядзіш, новы клопат: ці рыхтуйся да зімы, ці збірайся ў вырай.
…Вырай! Колас уздыхнуў, і пачалася адна з незабыўных размоў пра жыццё, прыроду і ўсё жывое ў ёй.
…Пахіснулася, калі не сказаць — парушылася, шматвяковае, прадыктаванае жыццём і ўмацаванае ім прызвычаенне: некаторыя птушкі перастаюць адлятаць у вырай, як рабілі раней, многа восеней і вёснаў запар, пакідаючы нас адных перабываць доўгую зіму, горача паліць у печы, насіць кажухі і ўсякую іншую цёплую водзеўку, піць чарку з марозу, а ліпавы цвет і маліну — ад застуды.
Вырай… Дарэчы, гэта не толькі цёплыя краіны, казачны земны рай (вы-рай), як вучаць славутыя мовазнаўцы на чале з Насовічам і Далем. Народ укладае ў гэтае слова многа больш шырыні, асвятляе яго смуткам ці радасцю, гледзячы ў якую пару года ідзе гаворка.
Вырай, кажуць, на адлёт або прылёт птушак, на доўгую птушыную дарогу — дапраўды, якую прастору трэба перамахаць крыламі! Чараду журавоў пакажуць, задраўшы галаву на курлыканне іхніх ключоў у небе, і з грудзей як быццам выдыхнецца: вырай… Таксама называюць час, калі адбываецца вялікае птушынае рушэнне — вясновы вырай, асенні вырай.