Выбрать главу

У гэтым сэнсе можна спасылацца і на прыведзеныя вышэй словы Коласа — далёка і шырока бачыў народны паэт. Шкада толькі, што і дасюль даводзіцца заклікаць да разумнага і дбайнага гаспадарання на калгасных палетках.

Любоў Коласа да прыроды, лесу і ўсіх жывых стварэнняў найлепей і найбольш поўна пералілася ў ягоныя творы. Гэтыя эпізоды ўзнаўляюцца для таго толькі, каб паказаць адносіны з жывёлай і птушкаю, хатняй, асабіста «знаёмай» яму, калі можна так сказаць.

У папярэдніх раздзелах кнігі расказвалася пра падсвінка, якога Канстанцін Міхайлавіч выпусціў з хлеўчука: «Ідзі, уцякай, Белы». Успомніў пра жывую душу, затрымаў машыну і вярнуўся ў двор. А трэба было спяшацца: Мінск гарэў пад нямецкай бамбёжкай і полымя пагражала пакінутаму дому паэта.

Не ўсё сказалася, аднак, пра каня, на якім да яго прыехалі выхаванцы дзіцячага дома. Дакладней сказаць — не прыехалі, а прыйшлі, бо драбіны былі загружаны падарункамі Коласу: яблыкамі, морквай і нават буракамі, — самі ў сваім агародзе сеялі, даглядалі, вось і прывезлі.

Канстанцін Міхайлавіч, праводзячы багата часу з дзецьмі, не забываўся і пра каня. Накасіў яму — колькі сілы стала — атавы ў садзе і, каб не бачылі госці, ціхенька падкормліваў коніка прывезенымі моркваю і буракамі. Конь хутка ацаніў гэта і, згледзеўшы Коласа, радасна падраготваў.

Да вайны была ў ягонай гаспадарцы карова. Летавала яна ў тых мясцінах каля Ждановіч, дзе Колас жыў з сям’ёю, а ўзімку пераганялася ў хлеў пры доме на Вайсковым завулку і паіла ўсіх сырадоем. Канстанцін Міхайлавіч тады хварэў, былі патрэбны свежыя малочныя прадукты. Цёплы сырадой падабалі ўсе, крывіліся толькі старэйшыя сыны — Юрка і Даніла, — ім даводзілася пасвіць жывёліну. Але нічога не зробіш: прыклад паказваў бацька, ён са здавальненнем тупаў ранічкай па беразе рэчкі, пакуль падласая спаганяла ахвоту, ходзячы па роснай траве. Ну, вядома, шкадаваў будзіць сыноў-падлеткаў: хай паспяць, растуць жа.

Як цяпер успамінаецца, Колас пайшоў на такі крок не таму, што змушала канечная патрэба. Прынамсі, я так зразумеў яго: ад жывога стварэння пры доме цягнуліся невідочныя ніцінкі да сям’і лесніка Міхала Міцкевіча, да маці і братоў, нарэшце да самога сябе — малога Костуся. Таго хлапчука, што пасвіў жывёлу і чытаў уголас пад чыстым небам ці ў лесе байкі Крылова і вершы Пушкіна: закладалася паэтычная завязь у душы.

Мясціны, дзе пражыў Колас гады маленства, адрэзала мяжа. Пабачыць іх вельмі хацелася, тым больш — ва ўяўленні канчаткова выспяваў вобраз Сымона-музыкі, недзе ў глыбіні істоты аказваўся малады настаўнік Лабановіч.

I Колас узнаўляў вакол сябе, колькі мог, сялянскі побыт і клімат тагачаснага Наднямоння. Ні на хвіліну не завагаўся, як гэта будзе выглядаць, як пачнуцца смешкі: «Чулі? Колас купіў карову!» Няхай сабе выскаляецца мешчанін, яму няма да гэтага справы. Купіў, бо так хацеў, і не без патрэбы. I ў доме былі карова, парсюк, хатняе птаства, дрозд, пра якога напісаўся верш «Дронік», і цэлая дынастыя сабак. Гэтыя чатырохлапыя сябры нагадвалі зноў жа бацькава леснікоўства, тую таксу Тэпцю, што спрытна знаходзіла норы тхароў, хату, пабудаваную за іхнія шкуркі, так і звалі — «Тэпціна хата».

А ў Мінску жылі невялічкая злая Чутка, мала ваяўнічы Марс і легендарны Лахмач. I Колас, і ўсе сямейнікі ўспаміналі гэтага сабаку з добрай усмешкай. Мяшанец — сібірская лайка і дварняк, сумленны вартаўнік дома, добрага нораву пёс, Лахмач мог бы выступаць і ў цырку. Бегаў наўкруга, ловячы свой хвост, прыносіў кінутую рэч, «служыў», даваў лапу, па камандзе сядаў, уставаў, бег у паказаным кірунку. Нават па дрэвах лазіў, не так, вядома, як кот, але ўсё ж. Гэта і наклікала на яго сабачую галаву непрыемнасці.

Канстанцін Міхайлавіч прачнуўся ўначы з адчуваннем, што на панадвору ёсць нехта чужы. Сабачага брэху, аднак, не чулася. Колас пачаў апранацца і на жончына запытанне: «Куды ты?» адказаў старым жартам: «Злодзей у хаце, пайду сабаку будзіць».

На двары было ціха, усё пазачыняна, як было звечара, а сабака не з’явіўся і на голас. Колас устрывожыўся: звёў нехта сабаку, каб сабе рукі развязаць. I не клаўся ўжо, а сеў пры акне, паглядаючы на варотцы і на плот… Калі стала днець, на адным з праслаў, дзе было ніжэй, з’явіліся сабачыя лапы, а потым і галава — Лахмач! Пералез цераз плот і ціхенька падаўся на сваё месца спаць.