Калі Колас выйшаў з дому, яго сустрэлі звычайны радасны віскат, падскокі і загляданне ў вочы. Толькі ад запытання: «А дзе ты бадзяўся ўначы, валацуга?» Лахмач як быццам крыху збянтэжыўся.
Пазней было высветлена, што, пажадаўшы гаспадарам добрай ночы, Лахмач пералазіў цераз плот і кіраваўся па сваіх кавалерскіх справах. Каб спыніць гэту «самаволку», наверх плота наўкасы набілі фанеру, — з таго часу сабаку давялося начаваць дома і выконваць усе абавязкі, якія ўскладала пасада вартаўніка.
На маёй памяці, пасля вайны, у Коласа жыла Муза, чорная, з крэмавымі падпалінамі прыгожая аўчарка. Узялі яе шчанюком з гадавальніка, зноў жа на пасаду вартаўніка. Аднак хутка выявілася поўная неадпаведнасць сабакі такому прызначэнню. Муза была вельмі баязлівая, лашчылася да сваіх, ад чужых уцякала і хавалася. А нораў мела вясёлы і вельмі смешна хапала футбольны мяч, гуляла з ім.
Канстанцін Міхайлавіч цешыўся з гэтай забаўкі, нават сам падкідаў мяч да сабачай морды. А потым неяк пажартаваў, што лепей бы перадаць гэтую Музу на стадыён, можа, падвучыцца каля футбалістаў і выб’ецца ў людзі.
Мне заўсёды здавалася, што для Канстанціна Міхайлавіча дзікая жывёла і птушка многа бліжэй, чым свойская, прыручаная, у нечым прыстасаваная, калі хочаце, прыняволеная чалавекам.
Назіраць, як нястомна шчыруе пара мухаловак над акном, сачыць за лётам ластавак, — калі лётаюць нізка, чакай дажджу, мошкі пайшлі ўніз, — падоўгу стаяць на беразе Балачанкі, вычэкваючы, ці не выплыве на паляванне вадзяная гадзюка, узняўшы бліскучую галоўку і з прысвістам рассякаючы ржавую ваду, — усё гэта давала яму відавочнае задавальненне, можна сказаць больш — прыносіла жыўленне для работы душы. Што так і было сапраўды, можна меркаваць хоць бы вось па чым: пра здабытае пад час назіранняў Колас не гаварыў, не раскідаўся ўбачаным нават дзеля сяброў: сабе патрэбна, у нешта ж ды перапрацуецца. Хіба ўжо штосьці смешнае кідалася ў вока: дапраўды, не смяяцца ж аднаму, аднаму толькі плакаць можна.
Так неаднойчы расказвалася ім смешнае здарэнне з дачным сабакам па мянушцы Сівак. Гэты заўсёды галаднаваты вясковы дварняк не грэбаваў нічым з чалавечай ежы: буракі — давай буракі, капуста — хай будзе капуста, нават яблыкі еў, калі былі сопкія і салодкія. Праз гэту сваю ненаеднасць ён аднойчы ўвабраў выкінутыя з-пад настойкі вішні, а бутля была літраў на пяць. Ну, і ўпіўся, і трымаўся рыхтык п’яны чалавек: падскокваў, дурэючы, каля хлопцаў, вішчаў, лашчыўся да іх, гаўкаў без злосці на каня і на пеўня, потым кінуўся ў бойку з суседскім сабакам і нарэшце, хістаючыся, даківаўся да павеці, запоўз пад панарад і праспаў да белай раніцы.
Назаўтра на сабаку было шкада зірнуць, ён выглядаў вельмі няшчасным і нікому не глядзеў у вочы.
— Саромеўся, відаць, — жартліва заканчваў Колас, — бо адразу збег на пасту, выганяў са шкоды каровы, словам, акупаў правінку самай вернай службаю.
Пры кожным пераказе гісторыя абрастала падрабязнасцямі, падлягала, як кажуць, літаратурнай апрацоўцы і таму выслухоўвалася ўсімі і заўсёды з нязменнай цікавасцю.
Таксама сакавіта расказваў Колас і пра сініц, — гэтых вясёлых, зграбных, з густам апранутых франціх ён упадабаў ў далёкім маленстве.
— Здалёк здаецца — птушка, а возьмеш у руку тую сініцу, дык яна нічога не важыць: адзін пух, а пад пухам — кволенькія костачкі. I нетрывалая гэта птушка. Я, малы, лавіў іх. Паставіш сіло на шчыгліка — хораша пяюць шчыглы раніцай і перад вечарам, — дык абавязкова сініца ўблытаецца. А ўнясеш яе ў хату, пражыве дзень і — лапкі ўгору. Вельмі яны чаду баяцца. А як вясковую варыстую печ выпаліш без чаду? Гаспадыні ж трэба, каб каша ўпрэла і крупеня на вячэру гарачая была, вось і засланяе, калі ў печы збольшага прагарыць. А засланка прылягае няшчыльна, дый дзіркі ў ёй ад часу выгараюць. Бывала, і чалавек як надыхаецца ўночы такога паветра, дык у дзверы ніяк не ўцэліць. Стаіць потым голы на марозе, смокча лядзяк за ледзяком, а вушы мёрзлай калінай закладае.
Часта ўспаміналіся Канстанціну Міхайлавічу і тыя сінічкі, што тройчы на дзень, паводле распарадку дня, жывіліся на акне ягонага пакоя ў санаторыі «Вузкае», апошнім гасцінным прытулку перад зваротам дадому. Успамінаў і смутнеў: гэта была зіма, астатняя для сяброўкі ягонага жыцця.
Не абышлося без сініц і ў першы год пасляваеннага бытавання ў Мінску. Дом Коласу трапіўся халодны, мала прыстасаваны для работы. Галоўнае ж, быў ён неспарадкаваны яшчэ, не знаходзілася жаночай рукі, гаспадарку вёў сын, Даніла Канстанцінавіч, тады халасцяк. Даволі прасторная веранда была запята з сярэдзіны нечым накшталт фіранкі, падобнай да сеткі з буйнымі ячэйкамі. За фіранкаю ветраў куплены ў запас кумпячок: падсохне крыху, дык можна будзе і самім укусіць, і госця пачаставаць, балазе турбацыі мала: адчыніў дзверы са сталовай — і пачастунак на стале.