Выбрать главу

Адтуль і пайшло маё ўяўленне аб субоце.

— Мне не раз даводзілася чуць, як старэйшыя кпяць з папа ці дзяка. Якія гэта божыя слугі, калі і на гарэлку ласыя, а галоўнае — бяруць грошы за хрэсьбіны ці за вянец або цягаюцца з мяхамі па калядзе. Аднак, поруч з гэтым здаровым, сялянскім адпіхваннем ад вонкавага боку рэлігіі, вера ў існаванне вышэйшай сілы заставалася непахіснай. Я пераказваў табе бацькава апавяданне пра салдата. Выходзіла так, што бацька пакідаў права сумнявацца толькі сабе. Дзеці раслі ў страху божым.

Дзядзька Антось быў самы сапраўдны пантэіст. На абразы хрысціцца-то ён хрысціўся, але маліўся ў лесе або ў полі, кажучы, што бог ёсць усюды. Калі згледзіш, што дзядзька ідзе лясною сцежкаю ці панадворкам і варушыць губамі, лепей не руш яго. Гэта значыць, богу моліцца.

Паспрабаваў гэтак і я за ім следам замяніць выстойванне перад абразамі праходачкай па двары і па хаце. Хадзіў і толькі цёпкаў губамі, вядома, не гаворачы слоў малітвы.

На гэтым і злавіў мяне бацька: «Чаму ты не становішся на малітву?» — «А я памаліўся», — кажу. «Калі гэта ты паспеў?» — «Ходзячы, так як дзядзька Антось». — «Не, брат, — сказаў бацька і за вуха павёў мяне пад абразы: — Маліся як след». Я ўпіраўся, спасылаючыся на дзядзькавы словы, што бог прымае маленне ўсюды. «Усюды-то ўсюды, — згадзіўся бацька, — але не ад усіх, асабліва ад смаркатых». І паставіў мяне на калені: «Маліся і не выдумляй!»

— У Ластку жыў з намі дзядзька майго бацькі, мой стрыечны дзед. Вельмі стары, хваравіты і злосны. Ён кульгаў на адну нагу. Калі я назаляў дзеду, ён браўся за дзягу і ўшчуваў.

Маці, выходзячы з двара ці выбіраючыся на поле, часта прасіла дзеда паглядзець мяне. Ён глядзеў, есці даваў, але ці вуха закруціць, ці плескача ўгрэе. «Паплач, здаравейшы будзеш». Каб дапячы дзеду, я палез на прыпечак, выпацкаў рукі ў сажу і ўмыўся імі: «Паглядзі, які я харошы!» Дзед кінуўся за мною з кульбаю, але не дагнаў. Увечар ён паскардзіўся маці, а тая выцягнула мяне з-пад лавы і, па сваім прызвычаенні, адсцёбала нейкім паўразом.

Нашу дзіцячую веру ў бога парушала яшчэ і дзедава маленне. Нас вучылі, што малітвы трэба казаць дакладна, слова ў слова, іначай моцна саграшыш. А дзед, хоць і маліўся колькі разоў на дзень, але словы страшэнна перакручваў і кары ніякай за гэта не меў. Часамі ён проста выдумляў свае ўласныя модлы, у якіх ад царкоўнаславянскай мовы не заставалася і знаку. Атрымлівалася ў яго замест «Цару нябесны, уцéшыцелю душэ ісціны» нешта больш для яго зразумелае: «Царуня брэсцкі, уцеш цяля дужа лысае».

Дзед моліцца, а дзядзька Антось са смеху кладзецца, але стрымліваецца перад намі, зробіцца ўвесь чырвоны, адвернецца ў парог і робіць выгляд, што закашляўся.

Мне дзедавы малітвы падабаліся куды больш за царкоўныя. Але аднойчы, калі я прачытаў на дзедаў узор «Отча наш», бацька паставіў у кут, да сцяны носам. А выходзіла хораша: «Войча наш, бацька ваш, на небе стаў, чарцей у пекла сапхаў, нам сон паслаў. Кладуся спаць, дай божа ўстаць. Станьце пры мне, анёлы мае, што вам, тое і мне».

Паўтараючы ўсё за дзедам, мусіць, я чуў асалоду ад таго, як слова прыкладаецца да слова па сугучнасці.

— Калі дзед памёр, дзядзька Антось адчыніў юшку, каб, паводле народнага забабону, «душа выходзіла». Я сеў каля нябожчыка і кажу: «Ага! А цяпер за вуха не пацягнеш!»

Потым, калі мяне ўстыдзілі, растлумачылі, што дзеда занясуць на могілкі і ён ніколі не прыйдзе ў хату, я тужыў і гараваў.

— А вось яшчэ ўспамін з ласткоўскіх чáсаў. Бацька прыйшоў з Мікалаўшчыны і расказваў тамтэйшыя навіны: хто памёр, у каго былі хрэсьбіны, хто добрую дзеўку ўзяў замуж.

Гэты «замуж» мне ўявіўся так: хлопец бярэ дзяўчыну за вуха і цягне да сябе ў хату.

Наслухаўшыся навін, я ўзлез бацьку на калені і запытаў:

— Тата, а як гэта жэняцца?

Бацька вышмаргнуў з веніка розачку, задраў мне кашулю і жыгнуў:

— Вось так! Вось так! А вось як!

Другі раз я паспрабаваў падысці да гэтай справы хітрэй:

— Тата! А я ведаю, нашто жэняцца…

— Ну?

— Дзеці рабіць.

Бацька, нічога не гаворачы, выгнаў мяне за дзверы.

— Было аднойчы, што я замалым богу душы не аддаў. Спраўлялі ў Ластку дажынкі. Гуляла наша сям’я, сваякі папрыходзілі са сваім прыпасам.

Чарка ішла наўкруга. Падышла чарга піць дзядзьку Петрусю. Я круціўся ў яго за плячыма на лаве, вось дзядзька і надумаўся: «На, лыкні!» Я ўгібаў абедзвюма рукамі чарку і амаль апаражніў яе. Апякло ў роце, я скрывіўся, мерачыся пусціць слязу, а ўсе пачалі падхвальваць: «Глядзі, як жлукціць! Добры ваяка!»