Раней за людзей смачную спажыву пакаштавала сініца, — гэтыя птушкі вялікія ахвотніцы да сала: пакладзеш ім кілбасы, перш за ўсё павыклёўваюць белыя вочкі тлушчу. Дык вось, прыкмеціўшы кумпяк, сініца знайшла і дарогу да яго, трэба сказаць, не вельмі лёгкую. Яна ўлятала ў фортку, якую пакідалі адчыненай, каб вяндліна хутчэй падсушылася, уплішчвалася паміж шыбкаю і фіранкай і пралазіла далей, чапляючыся лапкамі за тканіну. Кумпяк вісеў ад форткі даволі далёка, аднак вынаходлівая драпежніца-сінічка хутка даставалася да аблюбаванага ласунку.
Пакуль гаспадары агледзеліся, маленькая птушынка выдзеўбла ў кумпяку такую дзірку, што ў яе хаваўся Данілаў кулак, а чалавек ён буйнога складу.
Пачаліся здагадкі: хто ўнадзіўся?
— На мышэй не падобна, яны пачапалі б у некалькіх месцах, — сказаў Канстанцін Міхайлавіч. — Ага, бачыце, — гэта ж знакі дзюбы. Птушкі ядуць.
Панаглядаўшы з хатняга акна на веранду, сініцу злавілі, што называецца, на гарачым, падсачылі, як яна дапінае па фіранцы да ежы і тым жа шляхам выкіроўваецца назад.
Колас сказаў птушкі не палохаць і форткі не зачыняць:
— Дазнаемся, колькі душ у мяне на ўтрыманні.
Канстанцін Міхайлавіч ніяк не хацеў верыць, што сініца прылятае амаль у адзін час і адна, ніякай хеўры за сабой не прыводзіць.
— Не можа быць, яны — птушкі кампанейскія. Счакайце крыху, зараз з паўгорада наляцяць.
Аднак новых сталаўнікоў не прыбывала. За кумпяк узяліся людзі. Прыйшлі госці, і Колас расказаў ім пра птушыныя хітрыкі. Раптам сумеўся, нібы асветлены здагадкаю:
— Гэта яны, д’яблы, вінаваты, фашысты. Тужыліся адвучыць ад хаўрусавання людзей, а гэта і на птушках абазвалася. Жыві, бачыце, адзін, што ні зарвеш — тваё, на аднаго, дужэй можна на свеце трымацца. Што казаць, гуртавання і чалавецкай таварыскасці яны баяліся… Дык, можа, даруем, хлопцы, нашай сінічцы міжвольны індывідуалізм. Людзі не мелі чаго есці, дык перасталі і птушак карміць. Яна ўсё ж — птушка: магла і не дазнацца, што ў горадзе — свае. Трэба даць ёй зразумець гэта. Ахрысціць яе можна — Падпольшчыца, па-мойму, пасуе. Не крыўдна будзе?
Каля форткі прыстроілі фанерку з набітымі па краях планкамі, і Колас, на першы раз сам, насыпаў туды сланечніку, паклаў некалькі скрылёчкаў сала.
Сінічка з’явілася ў сваю пару, агледзела кармушку — ці няма якога падвоху? — але паколькі кумпяк перавесілі, узялася за прызначаны ёй пачастунак. Таго ж дня, крыху пазней, на дошчачцы балявала ўжо цэлая кампанія сініц і нават верабей. Агледзелі яны самі ці тая сініца запрасіла сябровак на вячэру — засталося невядомым.
А Колас хадзіў задаволены:
— Ну вось, цяпер усе ведаюць: часы змяніліся, можна гуртам жыць.
Яшчэ адно здарэнне — сумнае, але не хочацца абмінаць яго.
Мы здавалі ў друк нумар «Вожыка» і заседзеліся ў рэдакцыі дапазна. Адна з палос ніяк не вярсталася па-людску, я круціў галаву, а выйсце ўсё не знаходзілася. Задумаўся і не заўважыў, як у пакоі прачыніліся дзверы і пачуўся знаёмы голас:
— Здароў! Паказвай, што тут у вас нарабілася.
Не дачакаўшыся майго прыходу, Канстанцін Міхайлавіч пазваніў мне дадому і падаўся расшукваць на рабоце. Тым больш — нецярплівілася дазнацца падрабязнасці аварыі, пра што я расказваў яму напярэдадні.
Пасля вайны ўсе мінскія газеты і часопісы ды яшчэ і выдавецтва жылі пад адным дахам — у будынку Дома друку. Вялізнае акно нашай рэдакцыі глядзела на двор друкарні, а сцяна ўпіралася проста ў друкарскі корпус. Няўпынны шум друкарскіх машын не дазваляў адчыняць вокны нават улетку. Да таго ж вібрыравалі шыбы, лёгка пазвоньвалі шклянкі, прыпёртыя да графіна з вадою.
I вось на сцяне, поруч з нашым акном, надумаліся забудавацца дзве пары ластавак. З зайздроснай стараннасцю птушкі завіхаліся да позняга вечара, пакуль не былі скончаны хацінкі, падобныя на сырыя, неапаленыя гаршчэчкі. Нанасі пуху і мяккіх бадылінак, вымасці ўсярэдзіне ды бярыся адкладаць яечкі.
Тут здарылася нечаканка, больш — гора, ніяк не меншае і не лягчэйшае, чым у сем’яў, які трацяць дах пад час раптоўнага землятрусу. Ад няўлоўнага для вока няспыннага трымцення сцен гнёзды пачалі адставаць ад атынкоўкі. Ластаўкі абвясцілі аўрал і кінуліся кітаваць, залепліваць расколіну паміж сцяною і гняздом. Але рады так і не далі, пад вечар абодва гняздзечкі ссунуліся на асфальт.