Птушкі заклапочана лёталі сюд-туд і крычалі, быццам аплаквалі страту і ў той жа час раіліся: што ж будзем рабіць! I ўзяліся зранку ляпіць новае жытло.
Выслухаўшы гэту навіну, Колас прысеў:
— Няшчасце нікога не мінае. Але ж я табе казаў учора: пачнуць усё нанова рабіць. У гэтым яны да чалавека падобны.
Мы адчынілі бакавінку акна, і Колас паглядзеў, як ідзе работа: гнёзды былі ўжо амаль у палавіне.
— I гэта яны паспелі за сённяшні дзень? Такога тэмпу і сабе мець не пашкодзіла б. Але за вынікі, праўду кажу, страшнавата.
Цяпер нашы сустрэчы з Канстанцінам Міхайлавічам пачыналіся з распытвання: «Як там будаўніцы?» і канчаліся наказам: «Глядзі ж там ластавак!»
Каб жа хто ўмеў дапамагчы ім! Як гэта зрабіць, як паказаць бяспечнае месца, адгаварыць ад марнай патраты часу і сілы?
Даўно ўжо не даводзілася бачыць Коласа ў такім узрушэнні!
Другая спроба забудавацца скончылася гэтак жа сумна, як і першая. Гняздо пратрымалася на дзень ці два больш, дый то таму, што друкарня стаяла ўначы.
Зноў паплакаўшы над руінамі сваіх неабжытых хатак, ластаўкі не адступіліся ад намеру застацца жыць у суседстве з друкарамі і аўтарамі кніг. Птушкі, здавалася, шпарчэй лёталі, часцей з’яўляліся пакласці на месца кропельку мокрай гліны, не ўпыняліся працаваць ледзь не ў змроку.
Глядзець на ўсё гэта было немагчыма, ды ва ўсіх нас былі кепскія прадчуванні…
На птушак нізрынулася трэцяя няўдача. Тады ластаўкі, відаць, вырашылі, калі далей так павядзецца, дык можна без дзяцей застацца, і зніклі.
Неўзабаве, ідучы да Коласа, я заўважыў, як дзве пары ластавак майструюць гняздзечкі пад гзымсам аднаго з будынкаў Акадэміі навук. Там усе ўчасткі былі ўжо размеркаваны, будаўніцтва, па ўсім відаць, даўно скончылася, і праца запозненых навасёлаў мімаволі кідалася ў вочы.
— Пойдзем глядзець!
Канстанцін Міхайлавіч пажвавеў, апрануўся, узяў уласнаручна зроблены яблыневы кіёк.
— Пэўна, тыя самыя, домадрукаўскія, — сказаў ён, крыху паназіраўшы. — I перабраліся недалёка, толькі вуліцу пераляцець, і працуюць учатырох. Тут ім будзе ціха. I звонку, і ўсярэдзіне.
Колас памаўчаў:
— Навука ніколі не была надта порсткая.
Дадому ён ішоў пасвятлеўшы, але маўчаў. I вярнуўся да здарэння праз некаторы час:
— А хто здолеў бы перажыць, каб у яго тры дамы разбурылі?
Адказ прыйшоў з тых самых вуснаў, што пыталіся:
— Скажаш, не ластаўка вайну запыніла? Чалавек-то чалавек гэта зрабіў, але ж іх раўняць нельга: у ластаўкі ўсяго дзюба ды пара крыл. Але…
Што павінна было сказацца пасля «але», так і не сказалася, перабіў тэлефонны званок. Аднак, думаецца мне, паўстала ў яго перад духоўнымі вачыма неймаверная трываласць народа, чыю зямлю складалі ў прысак страшныя навалы і спаленні. Не раз і не двойчы…
Апошнія дні апошняга года
Цудадзейная гразь. На родных мясцінах. Матчына песня пра Нёман. Чоканне з Купалам. Акадэмічны бусел. Зборы ў Маскву. Поле без камення. Дэлегат XX з’езда КПСС. Былінка. Галантнасць і даверлівасць. Лісты пра выхаванне і мову.
Ад новага года яму не даюць спакою рукі. Спецыяльна лячылі ў стацыянары. Аглядалі і прыезджыя маскоўскія дактары.
Канстанцін Міхайлавіч жаліцца:
— Усе ў адзін голас: пройдзе, пройдзе. А яно не праходзіць.
Вырашыў лячыцца сам. Успамянуў, што ў Мікалаеўшчыне розныя рэўматычныя хворасці выганялі з дапамогай мясцовай гразі.
— Там, каля вёскі, тарфяныя канавы, і гэтага дабра — хоць новую Мацэсту адкрывай.
Напярэдадні 1 Мая Канстанцін Міхайлавіч са старэйшым сынам паклікалі мяне ехаць разам у раздабыткі цудадзейнага сродку.
Яшчэ дзе тая Мікалаеўшчына, а наш хворы палепшаў. Павярнуўшыся з пярэдняга сядзення машыны, Канстанцін Міхайлавіч падымае ўгору рукі.
— От ліха на іх! Сціхлі! Затое я цяпер ведаю, як ратавацца ад болю. Абы пачало круціць, буду ездзіць сюды, на 757 кіламетр. Акурат тут балець перастала. Гэта ж заўсёды так: прыйдзе хворы да доктара і не ведае, на што скардзіцца: адпусціла раптам. Нервы ўсё гэта робяць.
Ён гаворыць ужо амаль не ўпыняючыся. Хоча абавязкова зазірнуць у стаўбцоўскую сталоўку. Калі тое было, а не забыўся… Аднойчы, едучы з Навагрудка, мы заходзілі туды падсілкавацца і елі цяжкі, глеўкі хлеб. Аб гэтым была размова з работнікамі райкома: «Чым жа вы, хлопцы людзей корміце? Хлеб для рабочага чалавека першая страва…» Пасля Канстанціна Міхайлавіча запрашалі пад’ехаць, пакаштаваць і ўпэўніцца, што выпечка палепшала.
Павярнулі на Мікалаеўшчыну. Цераз Акінчыцы едзем паволі, з правага боку вуліцы хата, дзе ён упершыню ўсміхнуўся маці, злева, на ўзгорку, — камора, дом ляснічага, пад які звычайна сыходзіліся леснікі на чарговую праборку.