Заўважыўшы агульную збянтэжанасць (сярод прысутных былі жанчыны — хто пачырванеў ад нечаканасці, хто — ад прыглушанага смеху), Канстанцін Міхайлавіч перасіліў боль і пачаў распытваць аслупянеўшага аспіранта:
— Дык што парабляеце?
Я не быў пры гэтай гаворцы. Казалі, яна была цёплая. Але развітаўся Колас кіўнуўшы галавою, а хворую руку папярэдліва схаваў у кішэню…
6 чэрвеня 1956. Прыехаўшы з Нарачы, першым чынам званю да Канстанціна Міхайлавіча. Адказваюць: дома, тупае па садзе, прасіў прыязджаць. Застаю яго на звычайным месцы, пад вязам.
Збіраецца ехаць у санаторый. Як заўсёды ў апошнія гады, пад Маскву, у Барвіху. Моцна наракае на рукі.
— Баляць, праклятыя! Мусіць, на там-тым свеце перастануць…
Сустрэчы з Масквою, як і зазвычай, ён рад. А ездзіць, відаць, на свае гады мнагавата. Быў у снежні 1955 пасля даволі працяглай, так і невысветленай да канца, хваробы. Але не ехаць не мог.
Чаму кажу — хваробы нявысветленай? Не ведаю дакладна і як яна пачалася. Колас у лістах называе яе «нервовым узрушэннем».
Быў кастрычнік 1955 года. Прыехаўшы з Чэхаславакіі, я паспяшаўся да Коласа. Даўнавата не бачыліся, падымала радасць сустрэчы і літаральна распірала ад навін.
Прынёс бутэлечку чэшскай слівавіцы. Дзядзька сядзеў каля стала ў звычайнай рабочай паставе. Слухаў і не слухаў, глядзеў і не глядзеў на мяне. Нібыта гневаўся за невашта. Падарунак узяў, амаль не абазваўшыся.
Ведаючы, як лёгка змяняецца ў чалавека настрой, а ў яго асабліва, уражлівага і кволага ў душэўных узрушэннях, я палічыў за лепшае зараз жа пайсці. Колас не затрымліваў.
Літаральна праз некалькі гадзін мне расказалі, што Канстанцін Міхайлавіч выказваў нездавальненне. Колькасцю часу, якую я аддаю яму, работай, якую быццам бы раблю і не раблю.
Кінуцца высвятляць адносіны? Нельга! Толькі што быў. Мяркуючы па сустрэчы, Колас ці сапраўды нездаволены, ці заняты нечым у думках. А слоў і пачуццяў не ўтрымаць: напісаў ліст.
Праз дзень-два — на лісце дата 27 кастрычніка 1955 года — пайшоў туды, каб, павітаўшыся, быццам нічога не здарылася, пакінуць напісанае на стале. З парога быў папярэджаны: бацька захварэў, слаба пазнае людзей, ні з кім не гаворыць.
Гэта ўдарыла, як громам. Усё ж на правах чалавека, якому дазвалялася часамі многа больш, чым хатнім, падняўся наверх.
Канстанцін Міхайлавіч ляжаў у ложку. Ледзь падаў слабую нядужую руку. Уся мая гаркота, выказаная ў лісце, цяжар, што заставаўся ў пачуццях, развеялася — захаваў ліст глыбей у кішэню: як было хваляваць і без таго перахваляванага чалавека!
У дом двойчы прыязджаў М.С. Патолічаў. Ён любіў Коласа, дзверы ягонага кабінета былі заўсёды адчынены для Канстанціна Міхайлавіча. Зараз, відаць, сам асабіста хацеў дазнацца пра стан хворага.
Канстанцін Міхайлавіч насцярожыўся і захваляваўся. Яму стала блажэй. Жаліўся сам-насам свайму доктару С.О. Ліяранцэвічу: «Не хачу жыць, хачу памерці».
Калі нам здараецца застацца ўдвух, Канстанцін Міхайлавіч добра, спакойна гаворыць. Больш пра смерць. I ўсё пытае:
— Чаму да мяне спакой не прыходзіць?
3 лістапада, у дзень нараджэння Канстанціна Міхайлавіча, прыйшоў павіншаваць М.С. Патолічаў, а разам з ім таксама наведалі тагачасныя Старшыня Савета Міністраў і сакратар ЦК па прапагандзе. Быў і доктар С.О. Ліяранцэвіч.
Канстанцін Міхайлавіч ляжаў светлы, улагоджаны. Папрасіў прабачэння, што не можа ўстаць, што не напісаў, як заўсёды ў гэты дзень, вершаванага павіншавання. Потым гаворка зайшла пра ўраджай, перакінулася на дарогі. Тут яны гаварылі ў адзін голас з Патолічавым, што ў нашай рэспубліцы з дарогамі справы моцна паправіліся.
Госці паціскалі плячыма, слухаючы мудрыя і жартлівыя заўвагі Канстанціна Міхайлавіча: дзе ж тут і хто ж тут хворы?
Канстанцін Міхайлавіч папрасіў сысці ў гасцёўню і перакусіць, як заўсёды рабілася ў гэты дзень. Тым часам пад’ехалі Танк і Броўка, бяседа пакрысе збіралася.
Я не хацеў пакідаць Коласа аднаго і застаўся ў спальні. Ён бліснуў вачыма: «Ідзі ўніз, зараз жа! А сюды пашлі Міхася, ён са мной пабудзе».
Унізе — першая чарка за Канстанціна Міхайлавіча. Потым мы агалашалі тосты за гасцей, госці за нас. М.С. Патолічаў сказаў і пра мяне, пажадаў спорнай работы. Пра хваробу — ніхто ні гуку.
Пасля гэтага дня рэжым доктарскіх абмежаванняў у доме быў паслаблены. Колас пайшоў на попраўку. Я чуў па тэлефоне ягоны голас, прыязджаў у дом разам разбіраць пошту, парадкаваць рукапісы.
Так прайшоў лістапад. У канцы снежня Канстанціну Міхайлавічу трэба было ехаць у Маскву. Паедзе жонка малодшага сына, яна дагледзіць і ўсё зробіць для бацькі. Арганізуе кансультацыю, можа, хворага пакладуць на некаторы час у адпаведную бальніцу — адпачыць і праверыцца.