Выбрать главу

Колас усё ж сказаў збірацца і мне.

У вагон да Канстанціна Міхайлавіча зайшлі С.О. Прытыцкі і Ф.А. Баранаў — ён працаваў у Бабруйску. Мусіць, знарок расказвалі шмат смешнага. Пра цыганоў, што атрымалі пазыку для арганізацыі калгаса і грэчку на насенне, нарабілі з яе круп, усю зіму елі грэцкую кашу, а пасеялі грэцкае шалупінне. Прытыцкі ўспамінаў, як ён пасвіў кароў у скупога кулака і прыносіў з пасты назад няз’едзенае ёлкае сала, што яму давалася ў торбу на ўвесь дзень. Кулак быў рад такой ашчаднасці пастуха, не ведаючы, што той напярэдадні набірае з курыных гнёздаў свежых яек. Дык на чорта тым старым салам душыцца!

Колас смяяўся і аджываў на вачах. Паслугі медыцыны былі адхілены.

Вярнуўшыся з Масквы, Канстанцін Міхайлавіч па-сапраўднаму падбадзёрыўся. Помнячы ўмову нічога не ўтойваць, я аддаў-такі свой даўно напісаны ліст. Паклаў, адыходзячы, на папку з паперамі і развітаўся.

Ледзь паспеў увайсці ў дом — званок.

— Еду да цябе! — голас у Канстанціна Міхайлавіча неспакойны.

I зараз жа прыехаў. Зачыніў за сабою дзверы ў мой пакой, паклаў на стол ліст, а сам не сеў.

— Я часамі думаў пра цябе ўсяк. Потым выходзіла — не на маё. Можа, што лішняе і сарвалася з языка. Быў я вельмі знерваваны тады, помніш? Ліст твой я знішчыць не маю права, а пакінуць у сябе — чужым вачам аддаць. Пачнуць качаць на языках. Дый неасцярожнае слова цаляе і ў таго, хто яго кажа. Вазьмі, — ён падняў са стала канверт, — прыхавай. А ў печ не кідай. Калі мяне не будзе…

Не дагаварыў, сеў на канапу, пасадзіў мяне поруч, узяў за руку:

— Калі можаш, выбачай: дай мне спакойна памерці…

Не даў мне ні заплакаць, ні стаць перад ім на калені, чаго вымагаў мой стан узаемнай узбуджанасці. Шырока расчыніў дзверы:

— Гаспадынька! Жоўтыя рыжкі не звяліся? Дык давайце іх сюды. I цыбулькі не забудзьце!.. А слівавіцы ў цябе няма? — гэта ўжо да мяне.

Пачуўшы адмоўны адказ, пахваліў тую слівавіцу, што прывёз яму з Прагі, і паўтарыў здагадку:

— Прага — гэта ад прагал, прагалак, западзіна паміж гор. Што ж, запоўнім наш прагал не слівавіцай, дык іншым чым…

Пасля Новага года пачалася партыйная канферэнцыя. Ён прысутнічаў там ад пачатку да канца з усёй уласцівай яму акуратнасцю да выканання партыйных абавязкаў і даручэнняў. Адначасова рыхтаваўся выступаць. Меўся падняць на партыйным з’ездзе справу, што турбавала не адзін год.

Ачыстка палёў рэспублікі ад камення! Таму асабліва старанна чыталіся матэрыялы, ішлі гаворкі з раённымі работнікамі, браліся з інстытутаў і іншых устаноў лічбы, весткі аб засмечанасці нашых палёў каменнем.

Асабліва абурала Канстанціна Міхайлавіча закупка каменю ў Чарнігаўскай і Жытомірскай вобласцях і транспарціроўка яго ў Беларусь на будаўнічыя патрэбы.

— Гэтая аперацыя, — іранізаваў ён, — нагадвае мне паездку па чыгунцы з Брэста ў Мінск цераз Адэсу або Кіеў. А ў сябе пад носам не бяром. Каля самай сталіцы, на адной толькі Бягомльшчыне ляжыць і просіць ужытку звыш пяці мільёнаў кубоў каменю.

Калі выказваліся пярэчанні, што прывезці кубаметр з Украіны танней, чым здабыць у сябе ў рэспубліцы, Колас пачынаў даводзіць:

— З пункту гледжання асобнага гаспадарніка гэта, мусіць, зусім правільна. Але трэба ўлічваць выгаду не толькі будаўнічых арганізацый, а ўсяе краіны. Тады высветліцца, што эканомія — нейкага паўрубля — выгада часовая, а глянуўшы глыбей — гэта пралік і пройгрыш. Вызвальце зямлю ад камення, і яна верне за гэты паўрубель у першы ж год чысты чырвонец. Я лічу, што ўрадлівасць нашага поля падымецца сама менш процантаў на пяцьдзесят.

Другі чырвонец верне наша сельскагаспадарчая тэхніка. Хто не ведае, што трактары, камбайны прастойваюць і ломяцца праз гэтае самае праклятае каменне. А на камяністых глебах, скажам, у Маладзечаншчыне, і зусім адмаўляюцца хадзіць.

Вось вазьміце ды памножце гэтыя чырвонцы на ўсе доўгія гады, якія наша зямля будзе даваць ураджаі нам, нашым унукам і праўнукам. Дадайце сюды вызваленне транспарту ад непатрэбных перавозак і абарочванне сродкаў унутры рэспублікі. Як тады будзе выглядаць гэтая эканомія ў паўрубля?

Канстанцін Міхайлавіч ужо бачыў, што з сабранага камення створаны велічэзныя фонды будаўнічых матэрыялаў для патрэб горада і для разбудовы калгаснага сяла.

— Тады можна будаваць розныя памяшканні для жывёлы і даць, нарэшце, хоць невялічкую перадышку нашым шматпакутным лясам. Каб падраслі трохі. I галоўнае — забрукаваць вясковыя вуліцы, дзе і людзі топяцца ў гразі і коні. Ды не забыць і ўсе дарогі селавыя апрануць у брук. Бо там жа «ні праехаць, ні прайсці, ні коніка правясці».