Прамова на XXII з’ездзе КПБ доўга пісалася і перапісвалася. Потым рабіліся ўстаўкі, дадаткі. Перад выступленнем Канстанцін Міхайлавіч хваляваўся, але прыехаў з пасяджэння ўзрадаваны: дэлегаты сустрэлі прыхільна.
— Асабліва добра заключэнне прынялі, — сказаў, дзелячыся ўражаннямі.
А ў заключэнні гаварылася:
«Дазвольце мне, таварышы, сысці з гэтай трыбуны ў добрай надзеі, што маё слова аб ачыстцы ад камення нашай зямлі не папала на бясплодны камяністы грунт».
Другую палавіну лютага Канстанцін Міхайлавіч правёў таксама ў Маскве. Ішлі пасяджэнні XX з’езда партыі. Вярнуўся змораны, але давольны. Некалькі дзён расказваў сябрам, гаварыў аб з’ездзе як аб выключнай падзеі.
— Пад вялікі кумір падбіты здаровыя кліны. Але ад гэтага ён не ўпадзе яшчэ. Трэба порах сыпаць.
Цяперашнюю паездку ў Маскву Канстанцін Міхайлавіч плануе так: чэрвень прабыць у санаторыі, а потым, падмацаваўшыся, адразу на сесію Вярхоўнага Савета.
— Тады ўжо раз’едземся з табою, будзем спакойна адпачываць. Трэба будзе папрацаваць восенню. I многа. «На шляхах волі» дакончу. Але ты завязі мяне ў Маскву. Яшчэ нацешышся з свае Нарачы.
Гэтак мы гаворым назаўтра пасля майго прыезду з дачы. Канстанцін Міхайлавіч ляжыць у ложку. Напярэдадні кепска спаў. Стаўлялі п’яўкі, каб знізіць ціск крыві, — лягчэй будзе ў дарозе. Ад’езд прызначаецца праз тры дні, на 10 чэрвеня.
— Прыедзем, Тукану пазвонім. Нешта ён маўчыць, не піша.
Тукан — сяброўская мянушка паэта Гарадзецкага. Колас выводзіць яе ад імені птушкі з ніштаватага памеру носам. Гісторыя адносін з С. Гарадзецкім доўгая і не заўсёды для мяне зразумелая. Назваць гэтыя адносіны дружбай цяжкавата, аднак нейкае сябраванне бясспрэчна ёсць, праўда, са шматлікімі спадамі і затуханнямі.
Звычайна, уладзіўшыся ў гасцініцы «Масква», Канстанцін Міхайлавіч здымае тэлефонную трубку.
— Сяргей! Ну, здароў! Дык я ў… — тут называўся нумар гасцінічнага пакоя.
З госця часамі падкпівае, але дабрадушліва і прыходу яго чакае з прыкметнай нецярплівасцю. Усмешліва слухае навіны, на якія не скупы сябар, нібы адпачывае пад несціханую гаману, не прымаючы глыбока ў свядомасць. Быццам слухае шапаценне лісця на ветры, а думае сваё.
Аднойчы, калі запрошаны прыпазняўся, чаго, як ужо даводзілася гаварыць, Канстанцін Міхайлавіч не любіў, ён сказаў нечакана жорстка:
— Каб ён меў маё становішча ці хаця б зарабляў столькі, як я, ён са мною і не гаварыў бы…
На твар набегла сумнаватая ўсмешка: ён бачыць за вонкавай абалонай сапраўдную сутнасць людзей і тым не менш даруе ім вольныя і нявольныя чалавечыя слабасці. Але ад слоў патыхае гаркотай:
— На пачатку вайны, калі ў мяне не было ні кала ні двара, Сярожа не пусціў да сябе ў кватэру. Мусіць, баяўся, што завалю яму хату сям’ёю. Ды яшчэ і карміць нас прыйдзецца.
«Сярожа» вымаўляецца іранічна і ў той жа час журботна. Сумна, куды як сумна сустракаць пацверджанне старой ісціны, што гора — асялок сяброўства.
Даніла Канстанцінавіч дадае некаторыя падрабязнасці той сустрэчы. Колас прыехаў з разбітага бамбёжкай Мінска і не меў дзе прыхіліць галаву. I той, што ўчора раскрываў абдымкі, дзяліў хлеб-соль, цяпер гаварыў з ім, як з надакучыўшым жабраком: стоячы на парозе, цераз прачыненыя дзверы.
Відаць, Сяргею Мітрафанавічу хацелася б забыць гэта… Колас жа прывеціў яго і зноў, як госця і друга, пасадзіў за свой стол у Ташкенце, калі Гарадзецкага звеялі з жытла ваенныя вятры.
Шмат іншага даруецца ў імя даўняй дружбы, нават кепскі пераклад раздзелаў «Новай зямлі». Колас зрабіў заўвагі, прасіў паправіць хоць бы асабліва благія мясціны.
У адказ прыйшоў абразлівы, калі не сказаць менш далікатна, ліст.
На час адносіны далі прыкметную расколіну. Рэдагаваць пераклад быў запрошаны П.А. Сямынін. Рэдагаваць, бадай, не тое слова. Ён проста перапісаў нанава большую частку некаторых раздзелаў. Пераклад выйшаў з друку, Сяргей Мітрафанавіч хутка забыўся на крыўду, якое ў сапраўднасці і не было, а Канстанцін Міхайлавіч зрабіў выгляд, што не заўважыў нетактоўнасці.
Усё пайшло па-ранейшаму. Відаць, таму, што яны — людзі прыкладна аднаго ўзросту, абодва адзінокія, рана страцілі сваіх сябровак, і як-ніяк Гарадзецкі адзін з першых перакладчыкаў Коласавай паэзіі. Да таго ж ён быў цікавы Канстанціну Міхайлавічу як асоба, дыхаў паветрам некалькіх літаратурных эпох.
Зараз Канстанцін Міхайлавіч успамінае Гарадзецкага перад недалёкай сустрэчай з ім у Маскве.