Праз год ці два зноў пайшлі чуткі, і небеспадстаўныя, што М.С. Патолічаў ад’язджае. Занепакоіўся і Канстанцін Міхайлавіч. Яму не хацелася разлучацца з чалавекам, сапраўдным другам краіны і яго асабістым.
— Мікалай Сямёнавіч добра правёў адну замежную паездку, будучы на чале савецкай дэлегацыі. Вось яго і забіраюць на дыпламатычную работу.
Перад ад’ездам Канстанцін Міхайлавіч запрасіў М.С. Патолічава да сябе.
— Не хацелася яму выязджаць, — расказваў Колас пра адвітанне. — Выдатныя людзі ў нас у сакратарах былі: М.Ф. Гікала, хай яму будзе лёгкая зямля, П.К. Панамарэнка, згодна мы з ім жылі, і вось Мікалай Сямёнавіч. Малады і мяккі, здаецца, а ўмелы і далёка наперад глядзіць. Помніш, як аднойчы расказваў нам пра прамысловасць? Што было, што будзе, казаў. Так ніводзін паэт не патрапіць.
З санаторыя Канстанцін Міхайлавіч двойчы пісаў мне. 15 чэрвеня пачаў і скончыў заўтра, апанаваны трывожнымі прадчуваннямі:
«Пісьмо гэта буду дапісваць заўтра: зараз буду слухаць радыё, затым вячэраць, а потым пайду глядзець кіно.
Рукі мае балелі, баляць і, напэўна, будуць балець: часу засталося мала, каб вылечыць іх… У галаве стаіць шум, сама яна кружыцца, і я не ведаю, ці то ад павышанага ціску крыві (210), ці ад лякарства (саліцылка, уратрапін). Праўда, мяне папярэдзілі, што ў галаве будзе шум. Ну, што ж. Няхай шуміць, балазе лес маўчыць, няма ветру.
Тут зараз сухмень, гарачыня. Першая дэкада чэрвеня ўжо забрала з грунту каля 60 % вільгаці. Калі не будзе папаўнення, дык прыйдзецца з пастом спазнацца…»
Да стану свайго Канстанцін Міхайлавіч ставіцца ўсё ж іранічна. Сапраўдны клопат, як і заўсёды, пра дождж, а значыць, і пра ўраджай.
«Пішы, як выглядаюць нашы палі», — наказвае Колас і ўспамінае пра Нарач, куды ён раіць заехаць добраму знаёмаму, «пабыць у гасцях у… Міхала-адмірала, Максіма Танка, для якога возера Нарач — калыханка, і ў Аркадзя Куляшова, што жыццё пачынае нанова…»
У пазнейшым лісце Канстанцін Міхайлавіч больш жартуе: адпачыў, палепшала здароўе, а галоўнае: «24 чэрвеня была вялікая навальніца. За ўсю вясну і лета налюбаваўся я хмарамі, маланкамі, громамі і ўлеўным дажджом».
Далей ён смуткуе з прычыны смерці I.А. Ліхачова, з якім пазнаёміўся ў санаторыі, ведаў і цаніў за дапамогу ў пабудове аўтастрады Масква — Брэст. Аднак у лісце патыхае і радасцю ад блізкай сустрэчы з домам і з Нараччу.
Перад расстаннем
Як адказваць на лісты. Госці з Віцебска. Сцэнічная рэдакцыя «У пушчах Палесся». «Паўлінка» і як яе заручалі. Сакаліны век. Развітанне з Нараччу.
Ліпень пакіраваўся на другую палавіну. Канстанцін Міхайлавіч вярнуўся з Барвіхі, ходзіць лягчэй, толькі жаліцца, што не далі рады рукам і маскоўскія дактары. Больш за месяц не быў дома, сабралася мноства неадказаных лістоў, ён гэтага моцна не любіць і ўшчувае ўсіх нават перад староннімі. Каб не выклікаць нездавальнення, я прапанаваў хоць бы на лета, калі выязджаю з горада, перадаць перапіску добрай машыністцы, а ўсё астатняе, як было, так і будзе за мною.
Згоды на гэта Канстанцін Міхайлавіч не даў.
— Чалавечую бяду і патрэбу сам праз сэрца прапускай. А як можа адказаць машыністка, самая лепшая? «Паважаны таварыш! Паведамляю, што па вашай справе…»
Дакончыўшы імправізаваць уяўны ліст з трафарэтнымі канцылярскімі аздобамі, Канстанцін Міхайлавіч кпліва дадае: — I «з прывітаннем», так сказаць… А ў лісце, каму б ты ні пісаў, павінна і душэўнае слова прабіцца. Давай, нечага, будзем цягнуць да канца.
I нядужы, у паважных гадах чалавек, ледзь трымаючы ў руках пяро, сядаў дапамагаць, адказваў просьбітам, даваў парады, разбіраў вершы.
Ведаючы ўсё гэта, я загадзя прыехаў з Нарачы падцерабіць пошту без яго. Цераблю і сёння з раніцы, але зараз праца ідзе няроўна: аддаў Канстанціну Міхайлавічу глядзець адну работу, а яна была мне ўпершыню, хвалююся. Пад вечар гара лістоў заносіцца ў паштовую скрынку, настрой у Коласа відавочна лепшае, і ён запрашае падняцца ў кабінет, дзе праседзеў амаль увесь дзень.
На стале рукапіс. Шырокі, на паўстаронкі, надпіс: «З сцэнічнай рэдакцыяй Максіма Лужаніна згодзен. Якуб Колас. 17.VII.1956 г.».
Гэта — п’еса «У пушчах Палесся». Неяк вясною завіталі былі госці з Віцебскага тэатра. Узаемны абмен далікатнымі словамі — і за справу: так і так, хочам аднаўляць пастаноўку «У пушчах Палесся». Дык ці нельга было б крыху падправіць п’есу? Няма часу, не можаце? Калі ласка, мы прывезлі накіды, дайце візу…