Я падбадзёрыўся і, сп’янеўшы, давай танцаваць на лаве. Не разлічыў кроку ці, можа, у бакі павяло, і скінуўся далоў. А калі ляцеў, пабіў галаву аб столак.
I цяпер яшчэ знак ёсць: над левым вокам, вышэй брыва. От, можна памацаць.
Хлопцы мы былі смелыя. Цягаліся па лесе, заходзілі далёка ад сядзібы. Толькі як ахамянешся ў незнаёмым месцы, дзе-небудзь на лясной баравіне, дык націскаеш на ногі. Прыпускаешся бегчы, адно пяты мільгаюць.
А вось раз быў мне вялікі страх. Сядзім мы з Алесем каля кастра. Пяклі бульбу ці грыбы смажылі на вугельчыках, зашыўшыся ў гушчар, каб ад хаты дыму не заўважылі. Неўзаметку сцямнела. А тут з лесу ягня як забляе! Кінулі мы агонь і, не чуючы ног, — у хату. А чаго спалохаліся?
Нам расказвалі, што чорт найчасцей з’яўляецца ў выглядзе барана і мэкае авечым голасам. Відаць, нехта ехаў там лясною дарогаю і вёз авечку з ягнём. А можа, баранчык абазваўся з балота.
Ведаеш, што гэта за птушка? Баранчык — бакасова мянушка.
Канец маленства
Пераезд у Альбýць. Костусь корміць дзедаву душу. Тэпця і яе хата. Народная медыцына. Думкі пра навуку. Сакольнік і яго жонкі. Япрук пад венікам. Школа і Яська. Госці з дзіцячага дома. Чуласць да людзей. Малы Якуб. Пушкін на пáсце, і Крылоў на лоўлі рыбы. Перад далейшай дарогаю.
— Маленства маё скончылася з пераездам у Альбуць. Пярэбары туды навіслі над нашай хатай як вялікая бяда. Гэта было ўжо трэцяе месца, куды пераводзілі бацьку. Значыць, наноў абжывайся, пачынай усё ў гаспадарцы з самага пачатку.
Што паслужыла прычынай пераводу? Хутчэй за ўсё бацькава стараннасць. Ён быў акураціст і наўрад ці правініўся, каб заслужыць кару. Бацька, апрача службовых абавязкаў, догляду лесу, сенажацей, заўсёды выконваў розныя даручэнні аб’ездчыка, а то і самога ляснічага. Рыбу лавіў для панскага стала, асочваў берлагі мядзведжыя, ласіныя жыроўкі, перад тым як паны прыязджалі на паляванне.
Кляў ён тады і сваю долю і панскую волю, але ўсё, што загадвалі, нязменна выконваў. Пайсці на рыбу — значыць кінуць без нагляду лес, а нехта адразу скмеціць, што ляснік на Нёмане боўтаецца, і дасць волю сякеры. У такіх выпадках дзядзька Антось ішоў на абход лясных кварталаў, каб каля справы сваё вока было.
Так думаецца: перавялі бацьку, бо яго папярэднік не мог усяго дапільнаваць. Альбуць — байчэйшае месца, больш неспакойнае. Недалёка Мікалаўшчына — вёска вялікая, на некалькі вуліц, як мястэчка, вялікая і галодная. Людзі лічылі, што няма чаго цырымоніцца з панскімі выгодамі: «У Радзівіла зямлі хапае, лесу яшчэ больш, а ў нас няма».
Мужыкі не вельмі клапаціліся, каб не падвесці пад абух лесніка. Секлі дрэвы, травілі лугі. У Ластку бацьку было зацішней. Незадаволены быў і дзядзька Антось. Здаецца, і зараз чую, як ён бурчыць: «За сваё старанне маеш папіханне».
Больш за ўсё турбавала дзядзьку тое, што на новым месцы была няўробленая, недагледжаная зямля. Леснікам не хапала часу займацца гаспадаркай, не меў яго бацька, як і яго альбуцкі папярэднік. Усё ж і на кепска ўзвернутым разлогу або на паднятых бабскай і дзіцячай сілаю ляʹдах леснікі збіралі са сваіх дзялянак дабраватыя ўраджаі. У такім кірунку і вёў мой бацька аднаго разу размову з Антосем.
«Не гаруй, — казаў ён, — ты толькі вокам кінеш, а калі пальцам кіўнеш, тая зямля працу акупіць».
«Ага, — не здаваўся дзядзька, — а на гэты ўчастак колькі сілы ўтрубілі! I пакідай цяпер чорту лысаму».
«Абжывёмся, і там тое самае будзе, — суцяшаў бацька».
Аднак і сам не мог саўладаць з падступаўшай пад сэрца гаркотай: чалавек не належаў сам сабе. Кожную часіну маглі падняць, перакінуць, а то і зусім пазбавіць хлеба і даху.
Гэтыя пярэбары, відаць, і з’явіліся тым рашучым пунктам для нашай сям’і, калі мужчыны гатовы былі вылузацца са скуры, каб толькі жыць на ўласнай зямлі.
Пераходзіла гэта імкненне і на нашы дзіцячыя душы, але наўрад ці свядома. Пераезду ў Альбуць мы, дзеці, былі рады і хадзілі ўподскакі. Новае месца, блізка школа, будзе большая кампанія, стане весялей.
Нібы ідучы насустрач нам, а можа, каб хутчэй адхінуць маці і Антося ад жалю і смутных разваг, а яшчэ пэўней — таму, што тэрмін для пераезду быў вызначаны кароткі, бацька не марудзіў. Неўзабаве на нашым двары стаялі запрэжаныя фурманкі з хатнім дабром. Мужчыны, як і водзіцца на ад’ездзе, крыху выпілі, забыліся на сваю бяду і пабадзёралі ці хацелі здавацца бадзёрымі.