Выбрать главу

Канстанцін Міхайлавіч папрасіў пакінуць: пачытаю, маўляў, падумаю. Падумаў і адхіліў прапанову. Відаць, адштурхнула не столькі выразнае жаданне пераробшчыка паставіць на афішы поруч з Коласавым уласнае імя, як бесцырымоннасць у абыходжанні з творам.

— Гвалтоўна нейкая ручка пахадзіла, — казаў ён, — ды каб жа хоць умеючы. А чаго яны заварушыліся? Няйначай, нехта сказаў — які ж гэта коласаўскі тэатр без Коласа? Што мне яшчэ правіць? I так гэта п’еса быццам не мая. Чаго я не падапісваў некалі! То рэжысёру дагадзі, то акцёрам: аднаму слоў дадай, другому перайнач, бо вымавіць не можа. А не зробіш, горш будзе, самі напрыдумляюць абы-чаго.

Я ўжо на гэтым млыне быў, ведаю: мелеш-мелеш, а блінцы не падходзяць.

Канстанцін Міхайлавіч прыжмурваецца.

— Можа, хочаш пакаштаваць? Вазьміся, у цябе ж свярбелі рукі да такіх спраў.

Не ведаю, што адказаць. Так, па просьбе кінематаграфістаў я пачынаў думаць пра экранізацыю «Рыбаковай хаты» і пытаўся аднойчы дазволу ў аўтара. Ён паставіўся даволі скептычна, далей скажацца — чаму, а потым параіў лепш звярнуцца да трылогіі — вось дапішацца апошняя старонка, і можна будзе.

Адным словам, пасля доўгіх ваганняў давялося брацца за п’есу: у словах Коласа чулася жаданне яшчэ раз выйсці да гледачоў. Бянтэжыла адно: не даў ён ні парад, ні выказаў і пажаданняў, як звычайна рабіў. Але ў памяці яшчэ не ачэрсцвелі не так даўнія гаворкі пры падрыхтоўцы зборніка п’ес — будзем аглядацца на іх, працуючы. Тады Канстанцін Міхайлавіч ставіўся да прапаноў памяркоўна, а вось што скажа, глянуўшы на зробленае: перастаўлены эпізоды, удакладнены паводзіны герояў, а галоўнае — шмат скарачэнняў, асабліва яны закранулі дыялог.

Зараз размашыстая рэзалюцыя на першай старонцы здымае сумняванні.

— Нічога, нічога, — падбадзёрвае Колас. — Павыкрэсліваў лішняе, але збольшага, можна было б і смялей.

— Каб жа вы сказалі, дзядзька Якуб…

— Я падумаў: і так павінен угадаць, не першы дзень бачымся. Там, у сярэдзіне рукапісу, я старонак колькі падправіў. Перадрукуй ды пасылай у Віцебск. Толькі прыгледзь потым, на рэпетыцыі з’ездзі. Каб гэтак, як з Купалам, не выйшла…

Гэта — дакор у бок спектакля і экранізацыі камедыі «Паўлінка».

— Лепшы Янкаў твор і ў ягоным тэатры, а зрабілі не па-купалаўску…

Не ведаю, як наконт тэатральнай пастаноўкі, а супроць фільма-спектакля Канстанцін Міхайлавіч пратэставаў. У маленькім кіназальчыку Дома ўрада, дзе паказвалі першую копію, азіраўся па баках і, як толькі запалілася святло, моўчкі пайшоў.

Міністр кінематаграфіі падаўся трухам наўздагон.

— Як, як, Канстанцін Міхайлавіч?

— Няма чаго якнуць. У п’есе — не той сэнс…

Прыкладна праз дзень мяне выклікалі ў ЦК партыі, там грунтоўна пачалі распытваць пра фільм. Тлумачу, што, пішучы сцэнарны план «Паўлінкі», я пільнаваўся аўтара і не маю дачынення да пераносу ў фільм «шчаслівай» тэатральнай канцоўкі: насупар п’есе, Якіма ніхто не арыштоўвае, і Паўлінка ўцякае з ім пад вянец.

Мне было сказана, што кінематаграфісты зрабілі дзве канцоўкі, хочуць паглядзець, памераць, але абяцаюць паставіць фінал паводле Купалы. Так і належыць перадаць Канстанціну Міхайлавічу, ён званіў з гэтай прычыны, дык няхай не хвалюецца.

На жаль, абяцанні засталіся абяцаннямі: Коласа супакоілі, а Купала так і застаўся ў крыўдзе. Відаць, кінарэжысёр узяў руку тэатральнага: абы відовішча! А сацыяльная сутнасць і нацыянальная прыналежнасць твора апынуліся ўбаку.

— Пажаніць Якіма з Паўлінкаю — замах не новы. — Канстанцін Міхайлавіч уважліва выслухаў мой пераказ. — А пра «Заручыны Паўлінкі» ты чуў што-небудзь?

Колас называе і аўтара Ф. Аляхновіча, нясветлай памяці драматурга.

— Калі я прыехаў у Мінск, можа, у 1921 годзе ці пазней крыху, трапіла да мяне тая п’еска. Янку Купалу прысвечана і пад яго ж мінай падкладзена…

Крыху абегла Канстанцін Міхайлавіч абнажвае сацыяльны стрыжань купалаўскай камедыі: кулакі Крыніцкі і Пустарэвіч, зрабіўшы папярэдне данос, пасадзілі ў турму маладога настаўніка Якіма Сароку, не ўважылі і на яго каханне з дачкою Крыніцкага Паўлінкай.

— Што яны кулакі, даводзіць не трэба, паслухай іхнія падлікі, колькі хто зямлі мае, што данеслі — таксама не схаваеш. Успамяні, як гаворыць Крыніцкі, як ён робіць змову супроць Якіма.

Канстанцін Міхайлавіч дадае доказаў. Пакуль Якім не выказваў сваіх поглядаў, не насцярожваў Крыніцкага, хлопцу дапамагалі вучыцца, нават за зяця мог сысці. А падзьмуў не ў тую дудку, адразу стаў «хамулам», «гэрэтыкам», «бунтаўшчыком», і настаўніку «даюць дарогу» ў турму.