— За што ўсім палюбілася «Паўлінка»? — пытае і сам сабе адказвае Канстанцін Міхайлавіч, ён часта робіць гэтак. — Прыхільнікаў не злічыць: чытачы, выканаўцы, гледачы. I да рэвалюцыі, і ў колішняй Заходняй Беларусі, і пад нядаўняй акупацыяй фашыстаў жыла «Паўлінка», не зважаючы на забарону. А вось за гэта самае ўпадабалі: за бунт, за рэвалюцыйны штуршок у думку, у сэрца. Маладое пакаленне бунтуецца супроць цёмнай сілы ў вёсцы, не хоча ўціску, несправядлівага ладу жыцця.
Як быццам для большай пэўнасці ў тым, што гаворыць, Канстанцін Міхайлавіч дастае том з Купалавымі п’есамі. Крыху пагартаў і працягвае:
— У свой час тлумілі галаву: у Купалы нічога гэтага не напісана. I трагічны канчатак — штучны, дарма прышпілены. Смех слухаць, дый годзе! Купала — усюды наскрозь сацыяльны, і раптам маеш — збіўся на чысты смех. А паспрабуй тады сказаць выразней: 1912 год, сама рэакцыя ўсходжвалася. Вось Купала і пісаў: не колькі хацеў, а колькі мог. I так забароны з усіх бакоў… Жандары, пілсудчыкі, фашысты, усе чулі ў малой дзяўчыне, Паўлінцы, небяспеку. Нічога гэтага, вядома, не здарылася б, каб Янка скончыў шлюбам, згодаю, але тады ён не быў бы Купалам. Якога шчасця можна было шукаць у тым часе? У нутрах часу ляжаў трагізм, а шчасце заслонена, захмарана, за сотнямі замкоў. Каб даць таму шчасцю засвяціць, чалавек ламаў агароджы, прабіваў хмары і гінуў. Але жыцця не шкадаваў, абы волю ў рукі. Не адчуваў гэтага хіба бязвокі або глухі, а мастака адчуванне трагічнага працінала наскрозь. Пра Купалу і казаць няма чаго: усяго сам паспытаў.
Цяпер Канстанцін Міхайлавіч здымае покрывы з другой, некупалаўскай п’есы. З зайздроснай дакладнасцю пераказвае змест, амаль слова ў слова прыводзіць вытрымкі, у чым давялося пераканацца пазней, чытаючы «Заручыны Паўлінкі». Гэта — саматужная даробка, як бы трэці акт да сапраўднай «Паўлінкі», змастачаны груба, з драўлянымі вершамі. Асабліва адчуваецца ўбогасць падробкі поруч з іскрыстым дыялогам, незраўнанымі жартамі і прыпеўкамі — Янкі Купалы.
Але не літаратурныя якасці твора найбольш цікавяць Коласа, а сапраўдныя намеры аўтара. Папулярнасць «Паўлінкі» настрашыла не толькі разнамасных ахоўнікаў парадку. Спалохаліся і другія асобы, што хадзілі пад лічынай дабрадзеяў і добразычліўцаў паэта. Як так? Купала сцвярджае сацыяльнае расслаенне беларускай вёскі, паказвае на сілы, што супрацьстаяць адна адной, а па-іхняму — у беларускім народзе мір ды згода, няма і завідам не было ніякіх класаў. I вось адзін з носьбітаў такіх незайздросных поглядаў і галаснік такіх казаняў рынуўся на іх абарону, надумаўся нейтралізаваць рэвалюцыйнае ўздзеянне купалаўскай камедыі.
I што ж? У ягонай даробцы і падробцы ідзе, калі можна так сказаць, своеасаблівая рэабілітацыя Якіма: ніякі ён не бунтаўшчык і не рэвалюцыянер, чытае кнігі, «дазволеныя цэнзурай», а што датычыць зняволення, дык «мала за якое глупства можна папасці ў астрог». Словам, настаўнік — асоба цалкам добранадзейная, яго «пасадзілі дзеля страху», сапраўды праз відавочнае непаразуменне: гаварыў недзе здуру, «намаўляў выгнаць паноў. Хіба ж гэта не глупства, добрыя людзі: як жа жыць без паноў?»
Крыніцкі і Пустарэвіч тут не кулакі і даносчыкі, а дабрадушныя п’янюгі. Лічаць, што Якім «хлопец нічога», «але аддаць яму Паўлінку — не для пса каўбаса. Мы ўсе шляхоцкага роду…»
Інакшай паказваецца і постаць Якіма. Усё абыдзецца, мяркуе ён, калі пераканаць Крыніцкага, што «толькі там шчасце, дзе ёсць каханне». I вось як пераконвае: «Няўжо я не гэтакі самы сын свае бацькаўшчыны Беларусі, як і вы? Няўжо мы розныя мовай і сэрцам?» Гэтага зусім даволі — пераканаў. I чулліва спявае: «У каханні перашкод ужо няма, блаславіла нас бацькоўская рука».
— Відаць пана па халявах, — кідае ў адрас аўтара Канстанцін Міхайлавіч. — Чуеш, які пах з яго творыка верне? Толькі адны рэжысёры хіба і не чуюць. А ты мяне яшчэ ў кіно сватаеш…
Іду следам за развагамі Канстанціна Міхайлавіча. З тэатральнай трактоўкай «Паўлінкі» не згаджаліся многія. Пісалі, гаварылі, выступаў у тым ліку і я — шкада, не ведаючы ўсяго, што зараз пачуў. Што ж, гэта навука спатрэбіцца не сёння, дык заўтра.
Сапраўды, каму з пастаноўшчыкаў, хоць бы і лічыўся ён наватарам над наватарамі, у якую хмарную ноч мог прыбачыцца на сцэне шлюб Чацкага з Соф’яй? Вядома, геніяльная рэч нават ад такога свавольства не ператварылася б у фарс, але якое страшнае пакаранне спасцігла б свавольніка ад рукі грыбаедавазнаўцаў дый проста прыхільнікаў літаратуры і тэатра! Вунь як асцярожна зрабіў Меерхольд, сапраўдны наватар, а наогул — адважны майстар у адносінах да аўтарскіх тэкстаў. Дастаў з грыбаедаўскіх чарнавікоў першы варыянт назвы і выпусціў з ёю спектакль: «Гора з розуму». Хіба пайшоў супроць аўтара? Ні на парушынку, толькі падкрэсліў яго задуму.