Канстанцін Міхайлавіч слухае. Хваля ўзрушэння сплыла, ён выгаварыўся і падпадае пад уладу элегічнага настрою.
Ён прачытаў уголас радкі, задумаўся, потым зноў паўтарыў апошнія.
— А чаму «сакаліны», дзядзька Якуб?
— Кажуць, сокал сто гадоў жыве. Я табе гаварыў пра народных лекараў, сакольнікаў, яны па столькі сама, доўга па зямлі тупалі. Птушка жыве даўжэй, мусіць, таму, што памяці не мае ні на дабро, ні на зло. А чалавеку кожны дзень смуткаў дадае: таго не зрабіў, гэтага, а тое не туды павярнуў. Піфагора помніш? Дык вось адна думка яго раней не абыходзіла мяне, а зараз нібы працінае: «Не падпускай сну пад вочы, пакуль не даследуеш у сваёй памяці справы твайго дня».
Канстанцін Міхайлавіч спыняецца, нібыта хоча пабольш вычытаць з выслоўя.
— Каб жа ўсё жыццё рабіў так! I пражыў бы яго лепш і людзей шмат ад чаго асцярог бы…
Каму належыць «сакаліны век», не ведаю, а Канстанцін Міхайлавіч не хоча казаць. Хутчэй за ўсё — яму самому; відаць, злажыўся кавалачак, дый застаўся без працягу, ці не лермантаўская інтанацыя («Спрэчка») перашкодзіла дапісаць, выйсці на сваю дарогу.
Так закончылася адна з нешматлікіх тэатральных размоў. Праз многа гадоў сталі спраўджвацца словы Коласа пра затоены ў часе трагізм, пра сацыяльнае напаўненне «Паўлінкі».
Пачаў успамінаць П.С. Малчанаў. Пра сваю пастаноўку камедыі, пра сустрэчы і гаворкі з Янкам Купалам. I мы дазналіся, што чытаць «Песню аб Буравесніку» акцёры пачалі з ухвалы самога аўтара, змяніць фінал ён не згадзіўся. Дапісваць даўні твор Купала не мог, а ведаць — ведаў, што зрабіць, каб загучала ўсё мацней, глыбей, з большай сацыяльнаю вастрынёю, бо і не збіраўся ніколі ствараць «чыстую» камедыю.
I ў «Паўлінкі» знайшліся сваякі — добрай вядомасці п’еса «Трыбунал»; думаецца — працяг класічных традыцый можна смела называць духоўным сваяцтвам. Многія тэатры ставяць гэты народны лубок, паводле аўтарскага азначэння, не адкідаючы трагічнага фіналу, якім драматург, паводле загаду мастацкай праўды, закончыў свой камедыйны твор.
Што ж было з аднаўленнем на сцэне «У пушчах Палесся»? Як і наказваў Канстанцін Міхайлавіч, першым зазімкам 1956 года я паехаў у Віцебск. Пачытаў коласаўцам новую рэдакцыю, наслухаўся запэўніванняў, што з’явілася, маўляў, аздоба рэпертуару, і ўсё. Святло рампы, як гавораць, на п’есу не пасвяціла. Напэўна ж, не вінен у гэтым аўтар, мусіць, рэдакцыя выйшла недасканалая.
Хацеў паглядзець, ды не пакінуў сабе ніводнага экземпляра. Аж неяк усцешыла знаходка-неспадзяванка: старонка з ухвалай Коласа, зборнік п’ес, па якім фармавалася сцэнічная рэдакцыя, і накіданыя па гарачых слядах тых гаворак нататкі.
Усё гэта дапамагло аднавіць і запісаць яшчэ некалькі гадзін з жыцця Якуба Коласа.
Канстанцін Міхайлавіч прыехаў на Нарач на некалькі дзён перад сесіяй Вярхоўнага Савета БССР.
Усё часцей задумваўся ён, адсоўваючы прыгубленую чарку віна на нашых супольных, крыху ўрачыстых з прычыны яго прыезду бяседах. Потым, прахапіўшыся ад забыцця, пераводзіў вочы з блакітнай нарачанскай вады на прысутных і як быццам вінавата ўсміхаўся. Адказваў толькі на звернутыя проста да яго запытанні і размову падтрымліваў толькі, каб не гасла.
А на беразе возера сядзеў доўга і ахвотна: увечары каля кастра і ранічкаю, пакуль яшчэ не прыпякала сонца. I тут хвалі агульнай гаворкі як бы перакочваліся цераз яго. Гэта было падобна да развітання, асабліва калі ён тужлівым і замілаваным поглядам праводзіў няўрымслівых Танкавых дачушак з мудрым разуменнем і прадбачаннем іх маладой дарогі ў будучае.
Тады мы апошні раз сумесна працавалі. Рыхтаваўся да друку зборнік публіцыстычных артыкулаў. Канстанцін Міхайлавіч папрасіў прагледзець яго. Я выказаў свае меркаванні пра пабудову кнігі і неабходныя скарачэнні. Тут, уласна кажучы, на Нарачы і была ўстаноўлена канчатковая рэдакцыя матэрыялаў. Канстанцін Міхайлавіч забраў зборнік з сабою і перадаў у выдавецтва.
У мяне былі прэтэнзіі моўнага парадку да некаторых артыкулаў. Канстанцін Міхайлавіч хутка прадыктаваў папраўкі, потым прыжмурыў вока:
— Ты нашы газеты чытаеш?
Не разумеючы, у чым справа, ківаю галавой.
— Дык чаму ты іх не лаеш?
— За што?
— А хоць бы за такі загаловак. Чорнымі літарамі, праз усю паласу: «Сеў на цаліне». Забыліся пра слова сяўба. А што выходзіць? Хто сеў на цаліне? Для якой патрэбы сеў? Што з гэтага выйшла?