Выбрать главу

Нятоўсты сшытак — «Колас, май, 1956, „На шляхах волі“, „Казкі жыцця“» — прыўзнімае крыху заслону: там некалі запісалася пачутае з вуснаў Канстанціна Міхайлавіча.

Паспрабуем расчытваць запісы.

Колас скончыў чытаць уголас апошні, не раз перарабляны і нарэшце канчаткова перабелены раздзел паэмы.

Цішком перабірае старонкі, не абзываюся і я. Напэўна ж, пад час чытання ў яго ўзнікалі думкі, каб не спудзіліся часамі. Аднак Канстанцін Міхайлавіч хутка адрываецца ад папер.

— Маўчыш? А ўмова?

Гэта нагадваецца заключанае некалі пагадненне гаварыць пра напісанае адразу ж, не выбіраючы слоў. Як і заўсёды ў такіх выпадках, пачуваюся няёмка. Але што ты зробіш! Кажу тое самае, што думаў і думаю зараз.

Герой выходзіць з вайны разгублены, не ведаючы, куды пакіравацца, як і многія з тагачасных афіцэраў. Аднак пры сустрэчы з драздоўцамі выказвае пэўную сталасць у поглядах і цвёрдасць у паводзінах. Не трэба гадаць, з кім ён звяжа свой лёс у далейшым, — з абаронцамі царскага трона яму ўжо не па дарозе. А ці памірыцца з Насцяй, ці стане яго сяброўкай Галя — нам ведаць неабавязкова. Паэма зусім не пра тое. З гэтым раздзелам твор набыў закончанасць.

За шкельцамі акуляраў відны дакорлівыя вочы.

— Шкадуеш мяне? Не хочаш, каб дарма рукі біў? Напэўна, лічыш, што адной канцоўкай твору не паможаш?

Няйначай, яму самому думалася: гэты раздзел можа быць наогул апошні. Хачу абгрунтоўваць свае пазіцыі далей, але Канстанцін Міхайлавіч спыняе ўсмешкай:

— Класік я ці не класік?

Некаторы час ён цешыцца: ану, паспрабуй, адкажы?

— Па-твойму, выходзіць — не! Бо ў класікаў усе канцы сыходзяцца ўместа. А ты мяне на паўдарогі спыняеш?

— Якое ж там паўдарогі, дзядзька Якуб? Вы неяк казалі: для паэмы мáю думак сама болей на два раздзелы. Вось яны і напісаны. А што, калі ўсіх будзе 28, а не 30, як вы намеркавалі?

— Намеркаваў! — у голасе нотка нездавальнення, яна з’яўляецца, калі даводзіцца адступацца ад прынятага да выканання.

Пачаў хадзіць па пакоі, хвалюецца. Відавочна, завагаўся яшчэ больш: можа, і праўда, узяць ды закончыць на гэтым?

Намераў сваіх Канстанцін Міхайлавіч не раскрывае. На тым і адыходжу.

Мінуў дзень, за ім другі. На трэці, з самай раніцы, тэлефонны званок. Нязвыкла: у гэты час Колас працуе сам і не дазваляе турбаваць іншых.

— Давай сёння ўсе справы побаку! Да цябе пайшла машына. Што? Паснедаем разам.

У кабінеце накрыты пад снеданне круглы столік. Канстанцін Міхайлавіч стаіць у балконных дзвярах, як бы вітаецца з садам. Маладыя дрэўцы добра падраслі і ўсё бліжэй прасціраюць да дома свежае лісце.

Раздзел паэмы — на стале, ляжыць як быццам бы нячэпаны ад апошняй размовы. Канстанцін Міхайлавіч бярэ старонкі, нібыта важыць у руках:

— Цягне на заканчэнне ці не цягне? Вось і ўгадай. Чалавек цэліцца, а бог целіцца.

Вымавіў сакаўную прыказку і прыслухаўся, смакуе.

— Я цаляў, што «Адплата» будзе карацейшая. I «Новая зямля» таксама. А яно ўзяло ды ацялілася на болей. Дык, можа, і нічога, калі атрымаецца менш раздзелаў. Давай высветлім адно: чаму стаўляецца апошняя кропка? Што, сапраўды даспеў яе час? А можа, я хапаюся за магчымасць пагультаяваць? I ты мне патураеш? Каб не нарабілі шкоды: адзін па старасці, другі з патурання ёй…

Праз жарт прабіваецца трывога: героі не дайшлі сваіх дарог да канца.

Асцярожна нагадваю: а ў «Новай зямлі» дайшлі? I Лабановіч не спыніўся на пэўным пункце, не стаў пад вянец ні з Вольгай, ні з Ядвісяй. Тым часам хто скажа, што творы не класічныя.

Канстанцін Міхайлавіч смяецца голасна і працягла.

— Доўга ж ты думаў… Але выкруціўся-такі ад майго пытання. Ці сапраўды прызнаеш класікам?

Адказваю ў тым жа тоне: прызнаю, бо маю падставы. Класікі не саромеліся пакідаць герояў перад адкрытымі шляхамі. Дык чым горшы вайсковы Барыс Дзяжа за настаўніка Лабановіча?

— Так, так! — Колас ківае галавой, але не разбярэш — пярэчыць ці згаджаецца. — Гавары нечага да канца. Табе здаецца, што Дзяжа — той самы Лабановіч?

Прызнаюся: менавіта гэтак і лічу. Валынь, адкуль паходзіць Барыс, — так і патыхае Піншчынай, дый па характару ён ні ў чым не адбегся ад палескага настаўніка. Праўда, Дзяжа не мае біяграфіі і не надзелены слоўным партрэтам. Але ж гэтым не надта можа пахваліцца і Лабановіч.