Выбрать главу

Калі коні рушылі з месца, маці забегла апошні раз у хату і схавала нешта на покуці. Я падгледзеў гэта і цікаваў, каб як астацца ад воза і забраць схаванае. Мне ўсё здавалася, што там пакінуты грошы. Ажно гэта быў кавалак хлеба з соллю. Каб душы памёршых сваякоў мелі што пад’есці, пакуль не з’явяцца новыя гаспадары. Да таго часу душы не маглі пераляцець на нашу новую сядзібу. Так мне потым растлумачыла сама маці ў Альбуці.

«I дзедава душа будзе лётаць сюды карміцца?» — запытаў я.

«Будзе, сынок».

Я паверыў і пры вячэры адкладаў пасоленую лустачку на спажыву дзеду. Так мне хацелася хоць трохі перапрасіць дзеда за тое, што пры жыцці я не слухаў яго і дражніўся з ім.

Хлеб, вядома, заставаўся некранутым і ветраў пад страхою, аж пакуль не высыхаў на сухар.

Нейкая галодная душа — мыш ці верабейчык — аднойчы забрала пакладзены мною асушак. Аб гэтым я ў той жа момант паведаміў маці.

«А ў нас сягоння дзед быў!» — сказаў я з таямнічым выглядам.

«Ці ж ты яго бачыў?»

Я расказаў, што адбылося. Маці пасміхнулася.

«Праўда, мама».

«Можа, і праўда», — сказала яна.

Падпільнаваць, калі дзед з’явіцца па хлеб, падахвоціліся яшчэ Алесь і Уладзя. Але, вядома, засыналі, і мы вельмі смуціліся, папракаючы заспаўшага вартаўніка, калі выпадкам не знаходзілі хлеба на месцы.

Летам мы клалі скарыначкі пад страху, а ўзімку каля сенечных дзвярэй за касяк. Там і ўдалося мне аднойчы ўбачыць здаравенны пацучыны хвост. Я прыціснуў яго палачкаю, пацук піснуў і, высадзіўшы са шчыліны галаву, кінуўся наўцёкі. Ці то гэты піск здаўся мне падобным да дзедавага голасу, ці, можа, вочка тое напамянула зласнаваты позірк старога, адным чынам, я траха не самлеў ад страху. Затое ўсю зіму расказваў, палохаючы меншых дзяцей, што бачыў дзеда.

Класці хлеб нам болей не дазволілі, дый я сам не рызыкнуў бы зрабіць гэта.

— Альбуцкая хата сапраўды была благая. З дзіравай страхою, апушчаная, нейкая падслепаватая. Выглядала яна, як бабулька, што стаіць, успёршыся на кіёк. Многа сілы палажыў дзядзька Антось, каб давесці яе да ладу. Пасля ўзяўся за панадворак, абгарадзіў усю сядзібу.

А тут наша хата ўзяла дый згарэла. Пажар гэты я добра помню, бо я адзін быў пры маці і нічога людскага выхапіць з агню мы не змаглі. Перабраліся ў зямлянку і жылі ў ёй, пакуль не ўлезлі ў новую хату. А будавалі яе за сабачыя грошы.

Двое сабачак у нас было: Гáлас, рыжы самаадданы дварняк, і Тэпця, малая, крываногая, у рудых акулярах, сучачка. Такса, відаць. Яна лоўка знаходзіла норы. За шкуркі тхароў і нарыц, якіх павыпорвала Тэпця, і была пабудавана новая хата. Дзядзька Антось так і казаў: «Тэпціна хата».

Тэпця на кожную дзічыну давала асобны голас. Асабліва злосна і неяк прарэзліва тонка брахала, пакалоўшы морду аб вожыка, і аж канчалася, унюхаўшы вужа або гадзюку. Счуўшы адчайны брэх свае напарніцы, Галас ляцеў як страла і, злаўчыўшыся, разрываў гадзіну напалам. Здаралася, гады кусалі нашу Тэпцю. Колькі разоў мы ўжо думалі: здохне. Прыйдзе ў двор апухшая, тоўстая, як мех з сечкаю. Павішчыць, павішчыць і сыдзе з дому.

Гэта ў жывёл звычка такая: паміраць наводшыбе, каб не загнюшваць свайго лагва. Так гаварыў дзядзька Антось, і мы ўжо дзесяць разоў аплаквалі разумную жывёліну. А глядзіш — дзён праз тры вяртаецца. Худая, але вясёлая.

«Дзе ты была, Тэпцечка?» — абступаем мы яе, несучы падмацунку.

А яна стаіць, віляе хвосцікам, ежы не бярэ, хоць сліна капае ад галадоўлі, і тонка-тонка павісквае.

Дзядзька Антось смяецца і аж вочы жмурыць ад радасці, што вярнулася яго спадарожніца ў паляванні.

«Гэта яна, — кажа, — у Вільню ездзіла, да сабачага прафесара».

А Галас клаўся насупраць Тэпці: галаву на лапы, гаўкае раз-поразу і падсоўваецца на чэраве бліжэй, перабіраючы лапамі, каб яе зачапіць. Калі ўрэшце Тэпця звяртала ўвагу на такія манеўры і падбягала, каб лізнуць яго ў нос або лёгенька скубянуць за вуха, Галас, усхватваўся і пачынаў з брэхам лётаць наўкол нас, а пасля, забіраючы ўсё большыя кругі, і наўкол сядзібы.

Вось якая дружба бывае. Мне не часта здаралася бачыць, каб людзі гэтак радаваліся ад сустрэчы. Дзядзька гаварыў, што Тэпця сама сябе лячыла. Травою. А ты заўважаў, як сабакі траву ядуць?

Канстанцін Міхайлавіч, не даслухаўшы майго адказу, працягваў:

— Гэта яны робяць, калі ўпэўнены, што ніхто не назірае. Падыдзеш, бывала, бліжэй, каб лепш тую травіцу разгледзець, а Тэпця хвосцікам віль-віль і адбяжыцца. Адвядзе ад свайго лякарства.

— I вось дарэчы: пра народную медыцыну. У той час, пра які мы с табою гавэнды гавэндзім, не было тае хаты, каб не вёўся ў ёй свой запас лекаў. Крываўнік — ад жывата, ліпавы цвет — ад прастуды, тапалёвыя пупышкі — ад кашлю, і наогул іх, запарыўшы ці настаяўшы на гарэлцы, людзі слабыя на грудзі пілі дый раны залівалі такою настойкаю. Гатункаў дзесяць сухіх зёлак кожная гаспадыня трымала ў каморцы, пазвязваўшы ў пучкі ці напакаваўшы ў торбачкі. Ты чаго смяешся, Гарадзецкага ўспомніў, ці што?