Выбрать главу

Мастак і бачыў многа, і па-ранейшаму, з поўнай рукі, дарыў убачанае. Ад кантрастнай падачы то засмучанай, то ўсмешлівай прыроды яшчэ мацней шчымела ў душы чалавека: усмешка часта тоіць у сабе слязу. I паэт дае нам адчуць гэта. Таксама, як сярод гора і бяды з’яднаных у патокі людзей дазваляе з’явіцца постаці тылавога дзеяча, хвалька, лёгкага жыцця асобе, каму вайна не замінала весела прабаўляць час і рупліва дбаць аб сваёй кішэні.

Былі ваякі ўсіх пастацый, Але між імі «земгусар» Найболей меў ваяцкіх чар. Як лёгка ён рашаў лёс нацый! Як спрыцен быў да камбінацый! Які ў стратэгіі меў дар! А як заядла, як упарта Стаяў, хлабыснуўшы вінца, За «Да пабеднага канца»! Як тыкаў важна перст у карту!

Саркастычная ўсмешка, з якою Колас пісаў вобразы паноў і непрыяцеляў простага чалавека, тут стала яшчэ больш рэзкая: усяго дзесятак радкоў, а ўжо відзён характар, значон нораў і ўвесь ваяка — як на далоні.

Не, дарма толькі наракаў на сябе Канстанцін Міхайлавіч. Па-майстэрску, адным штрыхом даваў ён партрэты людзей, адным сказам перадаваў настрой або абставіны.

Вось Дзяжа, прыехаўшы на фронт, распытвае унцера, як паводзіцца нямецкі бок.

— Што, хлопцы, добрага ў вас? — Да так што нічаво. Ён там глядзіць на нас, А мы тут на яво.

Не лагодным гумарам, як можа здацца спачатку, закрашана гэта страфа, па сутнасці яна — бязлітасная ў выкрыцці. Па той простай прычыне, што бяссэнсіца самой імперыялістычнай бойні, бяздарнасць камандавання, марнасць гібення людзей паабапал лініі фронту падаецца праз тупаватага унцера — і яго недалёкім вачам добра відно ўсё гэта.

Чым больш перачытваў я рэч, тым ясней рабілася: нездарма Канстанцін Міхайлавіч заўсёды помніў пра паэму. Безліч малюнкаў і замалёвак, каларыт часу, цікавыя накіды партрэтаў з галоўных дзеючых асоб, завязкі канфліктаў. Усё гэта было і дыхала, і раскідацца такімі кавалкамі — значыла б паказаць сябе благім гаспадаром, што не адпавядала ні духу, ні звычкам Коласа. Можа, і не гэтак многа работы наперадзе, як здаецца? Тым больш што аўтар ужо ведаў, як паставіць усё на месца: узбагаціць унутраны свет героя, вывесці яго са стану сузірання, — даволі наглядаць за людзьмі, падзеямі, а таксама за самім сабою! Франтавыя, шпітальныя, дарожныя сустрэчы даюць магчымасць прывесці ўсё ў рух, скарачэнне падыме асобныя раздзелы ў цікавасці і маляўнічасці.

Колас так вырашыў і працягваў пошукі ў гэтым кірунку, не раскрываючы да часу далейшых намераў.

Пакуль ён думаў і шукаў, я паспрабаваў звярнуцца да «крывой настрояў» аўтара пад час пісання. Прыкінуўшы колькасць напісанага па гадах, яе можна вычарціць даволі зграбна і без намаганняў растлумачыць. Найлепей жа прачытвалася ўсё ў творы, калі аўтар пачынаў гаварыць пра сябе і пра сваю работу.

Парнас мой бедны! Ты — без клёку! Ты ад жыцця стаіш здалёку, Табе крычаць ужо — далоў! I марна ўсё тваё старанне, Хоць ты аб сцену біцца рад, Каб мець найлепшы атэстат, Але няма табе нізвання Ані пахвал, ані прызнання — Спяваеш ты, ды неўпапад! Не здолен ты папасці ў жылу, У песнях тон патрэбны ўзяць На ўсе сто процантаў, на яць. Таксама ты не маеш сілы, Каб ухіліцца ад ухілу I тыпа нашых дзён падаць. I страшна мне за лёс паэмы: Мой крытык возьме строгі тон, Ухілаў знойдзе ў ёй мільён I несучаснасць самой тэмы, Дакоры кіне, што я — немы, Глухі на зовы нашых дзён. …Што я скажу яму на гэта? Ён пусціць зноў у вочы пыл I іншы знойдзе тут ухіл. Але ў машыны і ў паэта Свая канструкцыя і мэта, А кожны — спец на свой капыл.

Учытаўшыся ў гэтыя радкі, я зразумеў усё. Горка пісаліся яны! Ці мала было выслухана ўпічак і прычэпак вульгарызатарскай крытыкі да дзвюх папярэдніх паэм за іх так званую несучаснасць, уяўную адарванасць ад надзённых задач! Колас дакладна перадае і змест і тон нападаў. Друкуецца трэці буйны твор, а вытокі яго таксама не ў сягонняшнім дні, не ў перадавым асяроддзі часу: Дзяжа — сын настаўніка, афіцэр, Насця — дачка хутаранца.

Вось і даводзіцца аўтару прасіць прабачэння, праўда, іранічна, што:

Засценне — хутар, а Галута I сам я бачу, што кулак, Адзін жыве, як ваўкалак. Цяпер мне з ім адна пакута, Ён мне паэму усю заблутаў…

Прызнавацца ў неіснуючых грахах было лёгка, і Колас прызнаваўся. Галута, хоць яго Засценне і апісана хораша, з той жа любасцю, як і леснікова пасада ў «Новай зямлі», не заслугоўвае суровых атэстацый. Ён дае малако для дзяцей бежанцаў, кулацкіх настрояў і звычак не выяўляе, толькі адзінае, у чым вінаваты, па-сялянску ўчэпіста трымаецца за абжыты куток, не хоча выязджаць у эвакуацыю.