Выбрать главу

— Так амаль з усякім творам бывае: ты пісаў гэтак і гэтак, а кожны чытач вычытвае яшчэ нешта сваё, што яму пад настрой сёння, а заўтра зноў вышукае што-колечы.

У той адвячорак, як і заўсёды, Канстанцін Міхайлавіч быў гасцінным гаспадаром, многа расказваў, добра звяртаўся да кожнага з нас. Было відаць, аднак, што нешта яму няўпынна рупіць, не выходзіць з думкі. Нам было добра вядома, што азначае, калі прыпынкі паміж сказамі ў Коласа пачынаюць даўжэць, а вочы не-не дый спыняюцца на акне. Думае, вырашае штосьці.

Пад канец размовы абвясціў:

— «Казкі» адкладзём.

I сказаў: даць як узор жанру ў томе толькі «У чым іх сіла». «Кажух старога Анісіма» і «На балоце» — друкаваць нароўні з іншымі апавяданнямі без падзагалоўка «казка».

— Гэта самыя звычайныя рэчы, — растлумачыў Канстанцін Міхайлавіч, — якая там у іх казачнасць. Потым у нас шмат чаго не стае: «Пад Новы год», «Салавей» дый «На сваім хлебе» да казак далучаецца. Паглядзець бы, ці няма чаго ў «Першых кроках» і ў другіх зборнічках. Словам, сабраць уместа ўсё, што просіцца ў «Казкі», каб паўнейшая кніга была. Вы праўду кажаце, хлопцы, — аддам яе ў друк асобна.

Першая чарнавая рэдакцыя навел была зроблена; адшукалі, чаго не ставала, аднак выданне заставалася ў намеры. Збор твораў патрабаваў шмат увагі, да таго ж, дапісвалася і амаль услед нанава рэдагавалася для асобнага выдання «На ростанях». Час ад часу ўсё ж Канстанцін Міхайлавіч разгортваў рукапіс «Казак жыцця».

— Трэба пускаць у ход. Дзеля чаго ж мы з табою рукі трудзілі, шукалі, правілі? Рымскі закон асуджаў на смерць земляроба, які з’есць вала. Мы свайго вала з’есці не з’елі, але, лічы, працы ад яго няма. А на гэтай кнізе і араць, і ў свет ехаць можна. Давай яшчэ трохі паглядзім.

Так было некалькі разоў. Даставалі рукапіс, чыталі разам, браліся рабіць гэта паасобку. Прыдумваліся дзесяткі варыянтаў аднаго і таго ж сказа ці выразу, перавага аддавалася найбольш кароткім і дакладным.

Часамі здавалася, што аўтар здаволены, Канстанцін Міхайлавіч даваў сабе абяцанне, што зірне толькі зверху, апошні раз, і больш і вокам не павядзе. А праз дзень-два я заставаў яго за тою самай работай: стаўляў па старонках галачкі — сабе і мне, пачынаўся новы перагляд. Зноў узважваліся прынятыя і запісаныя варыянты, часамі справа вырашалася ў карысць самага першага, пачатковага, часцей — знаходзіўся зусім новы.

Відаць, ніводзін з Коласавых рукапісаў не перацярпеў столькі выкасоўванняў і аднаўленняў, замен і перайначванняў.

Нарэшце — ці вока ўжо не магло ні за што зачапіцца, ці Канстанціну Міхайлавічу проста надакучыла, — папка была адкладзена, пераехала са стала ў шуфлядку, і гаворак пра выданне чамусьці не ўзнікала.

Але гадзіна такі прабіла, ды, як на тое, зноў не абышлося без затрымкі. Самому быць тады не давялося, перакажу, што пачуў ад Канстанціна Міхайлавіча, калі гасцяваў ён астатні раз у нас на Нарачы.

Недзе раніцай на самым пачатку чэрвеня 1956 года Канстанцін Міхайлавіч дастаў папку з «Казкамі жыцця», «не чытаў, каб не спаткнуцца на чым», як ён казаў пазней, пагартаў толькі і блаславіў у дарогу: на машынку і ў друк.

I тут — рукапіс знік. Перавярнулі шуфляды, абшукалі кніжныя шафы, зазірнулі ва ўсе магчымыя і немагчымыя сховішчы — няма!

— Я засмуціўся, — расказваў Канстанцін Міхайлавіч. — Няўжо такая няўдача, як некалі з «Сымонам»? Але тады на чамадан паквапіліся, і справа на вакзале была. А то ў сваёй хаце: трымаў у руках і раптам — растала, нідзе ніякага следу!

Каб не адкладаць задуманага, Канстанцін Міхайлавіч узяў кніжку, дзе правіў, перачытваючы, асобныя мясціны. Пасядзеў над ёю вечар, дадаў, што ўспомніў, і — хай друкуецца. Знойдзецца прапажа, можна будзе перанесці адтуль і астатнюю праўку.

Рукапіс адшукаўся хутка і да смешнага проста. Напярэдадні, выпраўляючыся да машыністкі, Канстанцін Міхайлавіч спыніўся каля вешалкі надзець плашч. Папку прыпёр на бар’ерчык дубовай панелі, апрануўся, хацеў рушыць, а ўвагу перабілі: тэлефонны званок, пасля нечаканы наведвальнік.

Выйшлі ў сад пагаварыць, тым часам — абед, гадзіна адпачынку. Клопат з перадрукам адсунуўся, забыўся, а калі прыгадаўся — пачаліся пошукі.

— Дапамог мне, як і заўсёды чалавеку, дождж, — пасмейваецца Канстанцін Міхайлавіч. — Нехта з хатніх прыйшоў на абед, ускінуў дажджавік на крук і завесіў папку. Так яна і ляжала б, каб зноў не нахмарыла, а то давялося ўзяць адзежыну… Нарабілі мне турботы, дасюль з рук не збуду.

Машыністка пастаралася як для Коласа: ведаючы яго нецярплівы характар, перастукала з кніжкі даволі шмат. Перанос праўкі са знойдзенага экземпляра ў новы даваўся не так лёгка. Работы было шмат, і на такую — поўзай па радках ды звярай іх! — не хапала цярплівасці. Калі вырывалася вольная часіна, не ставала сілы: рукі балелі ўсё горай, дактары загадвалі класціся ў ложак.