Выбрать главу

Глядзіш зараз на рукапіс, і адразу відаць, у якім стане працаваў аўтар: нават калі здаровілася больш-менш, почырк толькі набліжаўся да знаёмага ўсім, цвёрдага, разборлівага. А найбольш — нечытэльныя амаль словы, часам недапісаныя, літары — рознай велічыні, стаяць адвярнуўшыся адна ад другой. Пра славутую коласаўскую дысцыпліну і ахайнасць пісання і гаворкі няма.

На гэта і жаліўся Канстанцін Міхайлавіч, седзячы ліпеньскім адвячоркам каля прыазёрнага вогнішча на Нарачы.

— Што ўбачу і змагу, дараблю сам. Калі не палавіну, дык хоць чвэрць. А ты ж, відаць тут, векаваць не збіраешся? Будзеш дома, тады і паглядзім. Спатрэбіцца — тое-сёе перадрукуем, а можа, гэта ў выдавецтве зробяць. Я ім пакажу, прыехаўшы, рукапіс, высветлю, як будзе з друкаваннем. Добра было б хутчэй патрымаць у руках кніжачку.

Гаварыў, нібы падганяючы сам сябе, нібы прадчуваў штосьці, і спяшаўся зрабіць усе захады з рукапісамі артыкулаў і навел.

Неўзабаве прыйшоў ліст, апошні да мяне. I ў ім — пачутае ў выдавецтве наконт «Казак жыцця»: «Сёлета друкаваць не буду, налета будзем друкаваць». Адказ узяты ў двукоссе: Колас гэтым падкрэсліў дакладнасць перадачы. Відаць, стала горка ад самадзяржаўнага «не буду», ад боязі паварушыць зацверджаныя планы: яшчэ толькі-толькі пачынаўся жнівень, варта было трохі завінуцца, і чалавек цешыўся б з новае кніжачкі.

А як яна да часу была б, хоць маленькая ўцеха! Бо вось што яшчэ гаварылася ў тым самым лісце:

«Ляжу ў пасцелі. Тваё запытанне — над чым я зараз працую, балюча кальнула мяне ў сэрца. Аб якой працы можа быць гутарка, калі мне цяжка напісаць пісьмо» (т. XII, стар. 415).

Заключаў гэту скаргу толькі што прыведзены сказ пра адклад друкавання «Казак». Прачытайце разам усё, і ход думкі Канстанціна Міхайлавіча стане зусім ясны: пісаць не пішацца, хацеў убачыць напісанае ў друку, і то не выходзіць, як думалася.

Вонкава ўсё асветлена ўсмешкай, гаркаватай, праўда. Канстанцін Міхайлавіч нібыта проста дае знаць: не турбуйся, маўляў, знойдзецца яшчэ час зазірнуць у рукапіс, дарабіць. Толькі і ўсяго.

А часу ўжо амаль не заставалася. Але Колас знайшоў у сабе сілы і на іранічную ўсмешку. Хоць і падпісаўся ў лісце «Інвалід», а зірнуў зверху на сваё засмучэнне, і яно стала маленькае, думкаю пра ўраджай перабіў замахі хворасці і журлівы настрой. I прыслаў нам, тагачасным нарачанцам, бацькоўскі пацалунак, пажадаў: «Усяго добрага». Апошні раз…

Здадзены ў выдавецтва рукапіс застаўся не прагледжаны, а самы першы, той, што быў згубіўся, даваў прастор для разважанняў і, калі хто хацеў, для домыслаў. Сапраўды: наслаенне шматлікіх этапаў праўкі, рознае чарніла, выкрэсліванні і аднаўленні, пераробкі аднаго і таго ж па некалькі разоў. Як было не ўпасці ў зман каментатарам і складальнікам дванаццацітомнага выдання!

I незавершаны перанос праўкі з таго «згубленага» рукапіса (машынапіс № 1) у новы (машынапіс № 2), часткова перапісаны з кніжкі, палічылі за апошняе выяўленне волі пісьменніка. Як быццам аўтар, устанавіўшы і любоўна дасканаліўшы рэдакцыю «Казак жыцця» праз усе свае чатыры апошнія гады, раптам узяў ды адхрысціўся і адмежаваўся ад яе.

Каб гэта было так, калі б Колас з чым не згадзіўся або зусім адрокся ад тое, робленай разам работы, дык ці з’явілася б у яго патрэба паведамляць мне ў лісце пра лёс рукапісу? Разважым: навошта, дзеля якой мэты? Дапусцім, раздумаўся, збракаваў і адкінуў усё. Дык так бы і сказаў, як і заўсёды рабіў, не тоячыся.

А ў лісце — зусім не тое! Канстанцін Міхайлавіч палічыў неабходным дакончыць нарачанскую размову аб выданні, папярэдзіць: бачыш, увесь наш клопат пакуль што без карысці. Падзяліўся нечаканаю, хоць і непрыемнаю, як гавораць людзям, з кім ёсць супольны інтарэс, каму неабыякава, куды пакіруюцца справы.

Тым часам выдавецкі рукапіс прынялі за галоўную крыніцу. Пралік даў сябе знаць адразу. Лепшыя і больш дакладныя варыянты трапілі не ў асноўны, а ў дапаможны тэкст, у каментарыі. Давялося складаць доўгі спіс паправак (т. V. с. 682–3) — тры дзесяткі з гакам! — уносіць іх, карыстаючыся нечым іншым, як непрызнаным за асноўны — рукапісам, па якім увесь час ішло Коласава рэдагаванне і якому не ў пару собіла знікнуць з вачэй.

Іншыя слоўныя змены і замены ў спісе паправак — на ўзроўні відавочных апісак і памылак друку (пацешыць — пацешаць, тым жа — там жа), якія прынята выпраўляць не агаворваючы, нават калі яны дапушчаны ці прапушчаны аўтарам.