На тым рынку меліся купіць Колю шапку. З голаю галавою ўзімку гуляць не пускаюць, а завязваць хустку ён не даваўся — што ён, дзяўчына, румза якая. Але на ягоную патрэбу набягалі большыя, бацькоўскія, першае чаргі: купіць торфу і дроў, справіць якую апранаху бацьку, каб не мёрз, ездзячы на работу ў сваю сталярню.
I вось нарэшце выпрасіў, выенчыў — пайшлі. Але шапкі на рынку, такое каб на іх грошы, не траплялася. Тата сустрэў сябра з партызанаў, той быў без рукі, а тата пасля раны накульгваў.
Яны наведаліся на яткі, дзе румяныя, тоўстыя ад празмеру панапранатых адзежак, цёткі таргавалі гарачаю ежаю. З ухутаных лахманамі чыгункоў пахла смажаным мясам і тушанай капустай. Сябры пастаялі там, адвярнуўшыся ад Колі спінаю, відаць, нешта гаварылі і вярнуліся да хлопца павесялеўшы.
Ужо ўсе ўтрох пашукалі шапкі за сходную цану і зноў падаліся да румяных цётак. Тыя падалі з-пад стала дзве паўшклянкі, а Колю пачаставалі смачнай скваркай на скрылі хлеба.
Тата сказаў, што пашукае шапкі сам, а ён, Коля, няхай не скілее тут, а бяжыць дамоў, балазе не так і далёка.
I хлопчык пайшоў, каб як найбліжэй, напрасткі. З вуліцы, дзе стаяў да вайны іхні дом — мама расказвала — на многа-многа кватэр. Коля не помніў дома, а яго падмурак, укрыты ўлетку палыном і бярозкаю, мог бы паказаць хоць зараз. Хочаце? Тады накіроўвайце назад.
— Гэта ж кіламетраў пяць? — у голасе ў Канстанціна Міхайлавіча турбота.
— Хто яго ведае. Тата кажа, што адсюль — шэсць. Не здоўжылася…
I хлопчык расказвае, як укарачаў дарогу. Мост мінуў, лёд на рацэ трымае, і цераз татарскія агароды, па набрынялым вадою снезе.
У Коласа сцепаюцца плечы, быццам сам разам з малым пераграбае нагамі халодную бездараж, грузнучы ў разлезлых сумётах. Жабрацкая адзежына, і так цяжкая, з кожным крокам рабілася ўсё цяжэйшая.
Коласавы думкі прачытваюцца ў ягоным маўчанні. А дзе ўзяць яе лепшую, тую вопратку? Праўда, бяда перабылася, варожае насланнё перастала таптацца па зямлі і па сэрцы. Але пакуль што — ні з’есці чаго, ні знасіць. Скрозь, куды ні зірнеш, усё пачынай спачатку: будавацца, заводы пускаць, шыць адзенне. Не, спярша хоць бы як руіны прыбраць з вачэй, тады ўжо месца не згуляе.
Маўчанне парушаецца: пасажыра хутка высаджваць, а яшчэ не ўсё распытана. Колькі душ у яго сям’і? Зараз скажа: дзве сястрычкі, большыя, яшчэ да вайны ў школу пайшлі. У другой палавіне дома жыве цётка, матчына сястра, і тры яе сыны. Іхні бацька яшчэ не сыскаўся з вайны, а як сышчацца, дык і ў іх будзе пяцёра.
Вакол невялікага, хораша агледжанага дома агароджа з памаляванымі на сіняе варотцамі, аканіцы пафарбаваны тым жа колерам.
Колас наказвае Колю надзець усё сухое і лезці на печ, выграцца добра. Нанач хай мама ліпавым цветам напоіць, ногі добра было б шкібінерам, так Коласавы аднавяскоўцы кажуць на шкіпінар, нацерці.
Хлопчык прыпускаецца бегчы па дварышчы і хаваецца за хатнімі дзвярыма.
Мы зноў маўчым. Відаць, Канстанцін Міхайлавіч парадкуе думкі, таймуе ўзрушэнне.
Сказаць проста, што ён любіць дзяцей, значыць, сказаць вельмі скупа і, галоўнае, не ўсю праўду пра яго адносіны да маладой палавіны чалавецтва: ад ясельнікаў-пялюшачнікаў і гадаванцаў дзіцячых садоў і дамоў да рознага ўзросту падлеткаў і юнакоў.
Усе яны былі — жывы заўсёдны клопат, трапяткія надзеі, думкі, з якімі клаўся і ўставаў, нарэшце, гэта ж вобразы будучых твораў, дакладней, сама будучыня з яе людзьмі, ахоўнікамі прынятай ад старэйшых спадчыны, ператваральнікамі таго, што ёсць, у тое, што будзе.
Нездарма першая друкаваная кніга ў яго была не паэтычная, не празаічная, а «Другое чытанне для дзяцей беларусаў», чытанка, для якой адмыслова складаў вершаваныя радкі і празаічныя замалёўкі. Адклаўшы ўбок задумы і пачаткі славутых сваіх твораў, ратаваў з паніжэння і заняпаду родную мову, навучаў любіць яе, шанаваць напісанае гэтай мовай.
I ці мала напісаў сам для дзяцей і пра дзяцей. Пэўна, бібліятэку на многа паліц, адкуль у нашы сэрцы сыходзяць маленькі музыка Сымон і вучань Алесік з палескай глушы. Сыходзяць, каб ужо не разлучацца, ісці з намі праз усё жыццё.
Лёс дзяцей-сірот, бязбацькавічаў стаў асабліва блізкі яму пасля вайны. Выхаванцы дзіцячых дамоў шлюць лісты і падарункі, віншаванні і справаздачы аб рабоце і навучанні.
Калі ўцешаць чым, запомніць і пахваліць дый раскажа сябрам.
Як жа будзе з сягонняшнім мокрым Колем?
Не паспяваю спытацца ў самога сябе, як Канстанцін Міхайлавіч нібыта абуджаецца:
— Цікава, ці вялікая ў таго хлопца галава?
Не разумеючы, паціскаю плячыма.
— Можа, яму маю аблавушку аддаць? Мне і адной хопіць, — ён паказвае пальцам на свой чорненькі стаўбурок. — Дык, пэўна, вернемся, захопім…