Выбрать главу

С.М. Гарадзецкі сапраўды заядла прапагандаваў лячэнне травамі. Пры кожнай сустрэчы ён прапаноўваў Канстанціну Міхайлавічу новы сродак: то кмен, але абавязкова вераснёўскага збору, то корань аеру як найлепшы дэзінфектар і танізатар і багата чаго іншага. Варта толькі было абазвацца, што ты на нешта хворы, як Сяргей Мітрафанавіч называў сродак і прозвішча чалавека, каму гэта памагло.

Колас ставіўся да парад свайго даўняга сябра даволі скептычна, але травы купляў, хоць пакецікі з імі заставаліся нярушаныя.

— А ты паспрабуй сваімі сродкамі палячыцца, — дабрадушліва параіў ён Гарадзецкаму, калі той аднойчы жаліўся на нездароўе.

— Я запісаўся да… — Гарадзецкі назваў прозвішча віднага маскоўскага сардэчніка. — А потым пайду да… — тут было названа не меншае гамеапатычнае свяціла.

Колас не мог схаваць усмешкі. Пабачыўшы гэта, Сяргей Мітрафанавіч паправіўся:

— Дактары самі сябе не лечаць. Гэта закон. Так і я…

Канстанцін Міхайлавіч часта прыгадваў гэты выпадак і зараз меркаваў, што тое самае ўспомніў і я. Давялося тлумачыць:

— Вы, дзядзька Якуб, смешны зварот ужылі: гавэнды гавэндзіць.

— А гэтак шляхту дражнілі. Правільней сказаць, беларусаў каталіцкай веры, якія праз гэта лічылі сябе палякамі. Цэлы тыдзень працуе такі шэршань поруч з так званымі мужыкамі, гной разбівае ці снапы возіць. I гаворыць, і лаецца чыста па-беларуску. А ў нядзелю, выбіраючыся ў касцёл, раптам пачынае, як у нас казалі, польшчыць: устаўляе ў гаворку пятае ці дзесятае польскае слова, дый то перакручанае. I, заходзячы ў хату, не дасць «дзень добры», а абавязкова «пахвалёны езус» ляпне.

Сыдуцца два такія недапанкі і пачынаюць:

«Як пан здровы?»

«Ніц собе, але спіна баліць».

А сяляне смяюцца, кажуць:

«О, ужо распачалі гавэнды гавэндзіць».

I дражняць шляхцюкоў, гудучы цераз зубы: б-з-з-з-з!

Канстанцін Міхайлавіч вельмі падобна паказаў, як бзыкаюць шэршні. Потым растлумачыў, адкуль узялася мянушка:

— Шляхта сялілася невялікімі пасёлкамі, засценкамі, далей ад мужыцкіх вёсак. Так, як шэршні гнёзды вілі. У гаворцы больш шыпячых ужывалі. Дый такі куслівыя яны былі, фанабэрыстыя.

Раскажу адзін выпадак, толькі, можа, запісваць не трэба. Не вельмі прыстойна. Прыехаў да гэткага шэршня ксёндз. Гаспадар водзіць яго па сядзібе, дабро паказвае і за кожным крокам брыдкімі словамі лаецца. Ксёндз скрывіўся і зрабіў заўвагу:

«Ты, каханы, жывеш заможна, але бардзо груба мувіш».

Гаспадар папрасіў прабачэння і сказаў:

«Ну, то я паклічу брата, ён ценька мувіць».

I гукнуў:

«Іван! Ідзі сюды, цябе ксёндз хоча бачыць».

Тады аднекуль здалёк абазваўся тонкі прарэзлівы голас:

«А ідзі ты к нябожай мацеры з сваім ксяндзом! Няхай ён перагнецца ды пацалуе сам сабе і табе, калі мае ахвоту…»

Канстанцін Міхайлавіч ледзь прыкметна ўсміхаецца:

— От табе і шляхецкая далікатнасць!

— Выбачайце, дзядзька Якуб, перабіў вашу думку, — кажу я, хочучы дазнацца, да чаго ён кіраваў размову спачатку.

Адчыняюцца дзверы. Прыйшла дзяўчына, сакратарка з Акадэміі навук. Заўтра пасяджэнне прэзідыума. Канстанцін Міхайлавіч праглядае парадак дня.

— Восем пытанняў! — уздыхае ён. — Калі перастане балець галава, прыйду.

Мы застаёмся сам-насам. Канстанцін Міхайлавіч зноў бярэцца за прынесеную паперу.

— Вось глядзі: даклад Інстытута торфу, далей — меліярацыі… I так кожны тыдзень. Ніяк не магу нікому ўтлумачыць, што нашы тарфянікі павінны перабрацца непасрэдна на тарфянішчы, а меліяратары — на балоты. Там працаваць і зрэдку рабіць даклады…

А мы ўсё цікуем так, каб саймаваць у чатырох сценах ды яшчэ і дзверы шчыльней зачыніць. Ці не мінуліся тыя часы, калі навука пад шкляным каўпаком сядзела? Так жа і задыхнуцца нядоўга.

Ну, добра: даложаць, што зроблена, вынайдзена, намечана тое і тое. А як прыстасавана да практыкі? I ці знойдуць ужытак тыя вынаходкі? З гэтага ж трэба пачынаць, а не ператвараць пасяджэнне ў бой паміж двума або трыма дырэктарамі за павелічэнне колькасці штатных адзінак.

Ці хапае ж работы тым, што лічацца ў штаце? А можа, не набіраць новых, а скараціць трэба? Сядзіць, скажам, у аддзеле пяць асоб. Двое працуюць, двое іх папраўляюць, адзін правярае. Дык ці нельга пакінуць толькі дваіх, набавіўшы ім па палавіне акладу?