— А не спознімся? — напамінаю пра абяцанне заехаць да знаёмых.
— Ну, дазволь і Якубу Коласу хоць раз спазніцца.
Ён іранізуе са свайго няпісанага закону — выконваць усе абяцанні і прыязджаць усюды дакладна ў час. Робіцца гаваркі і ўсмешлівы, няйначай уяўляючы, як заблішчаць хлопцавы вочы — спраўдзілася-такі мара!..
Дзе ты, Коля? Ці добра хоць хадзілася табе ў той велікаватай, па самы нос, рудой аблавушцы? Абзавіся, дружа!
Коласу відавочна цікава.
У прасторным кабінеце былога партызанскага генерала сышліся яго паплечнікі, таксама не ў малых чынах, і некалі і зараз. За плячыма — баі цяжкое крыві, выхад з блакады па пояс у балотнай рудзе, выбухі на чыгунцы.
Успаміны набягаюць адзін на адзін, цікавы на яшчэ цікавейшы. Хоць бяры ды пішы ўслед за гэтымі людзьмі!
Адчуваючы, відаць, тую самую спакусу, Колас перасцярожліва касавурыцца ў мой бок: не даставай, барані божа, алоўка, бо як адчынілася гэта скарбонка, так і замкнецца. Болей вуха настаўляй.
— Расказаў бы ты пра другую маці…
— Канстанцін Міхайлавіч, мусіць, чуў.
Колас, адмаўляючы, круціць галавою.
— Тады можна, — згаджаецца былы генерал.
Усе паціхлі, хоць, па ўсім відно, слухалі не першы раз. Ні слова, ні лішняга руху, толькі бязгучна прыпальваюцца папяросы.
I Колас таксама часцей падсоўвае да сябе попельніцу.
Вайне ўжо было цэлых тры дні, першы тыдзень яе раскалоўся напал, паглынуўшы ў чорную расколіну палкі, нівы, паселішчы. Нямецкага войска ўсё прыбывала, а тыя часці, што рынулі цераз мяжу адразу, ірваліся падацца яшчэ глыбей.
Што мелі рабіць людзі, спрадвечныя жыхары гэтай зямлі? Ратавацца як мага, пакуль запыніць навалу наша збройная сіла. Але куды падавацца? На ўсход-то на ўсход, гэта вядома, ды ўсход жа гэты — вялізазны, дзе ў ім чакае цябе дах і кавалак хлеба!
Шаша, здавалася, страціла сваю абвыклую нерухомасць, нечакана заварушылася і папаўзла, як жывая істота: вось-вось задзярэ галаву, падымецца.
Такую рухомасць надавалі дарозе машыны, вышэй бартоў напакаваныя розным грузам, больш мяхамі і скрынкамі, на якіх сядзелі і ляжалі, трымаючыся моцна рукамі, жанкі і дзеці. Павольней ехалі фурманкі, адна за адною, быццам звенчакі бясконцага ланцуга, а з правага боку густа рушылі пешаходы. Яны, каб не астацца ад вазоў, стараліся рабіць крокі шырэй і шпарчэй, упоравень з конскай ступою.
Раптоўна стаўшы бесхацінцамі, людзі пільнаваліся гурту: ішлі сем’ямі, коламі суседзяў па вуліцах і завулках, групкамі добра знаёмых, знаёмых здалёк, а то і незнаёмых зусім, без цырымоній пазнаёмленых агульнай бядою.
Сярод сотняў міжвольных вандроўнікаў была маладога яшчэ веку жанчына, Алеся.
Заўважым, гэта не сапраўднае імя падарожніцы. Але ж і так яе могуць пазнаць сваякі і знаёмыя, дый сама яна, калі трапяць на вочы гэтыя старонкі, адразу зразумее, пра каго напісана, і ахінецца горкім успамінам.
Якуб Колас нядоўга трымаўся думкі замяніць імя.
— Якой карысці? — разважаў ён. — Ну, змяню я імя, каб не разварушыць жанчыне даўні струп на сэрцы. А магу пацэліць у другую, з кім здарылася нешта падобнае, і той і той забаліць. У свеце ж многа чаго паўтараецца: зваць людзей па-рознаму, а лёс у іх бывае аднолькавы.
Цэлыя дзесяцігоддзі я помніў добрую перасцярогу, але не забываліся і смутныя лёсы нешчаслівай жанчыны. Колькі ні мінала часу, ад вачэй не адступаліся падзеі, што сапраўды па-мастацку пераказаў той партызанскі генерал. Асабліва пачынала рупіць усё гэта кожны год у сярэдзіне чэрвеня, якраз у пару, калі некалі пачалася тая, даўно пазбытая вайна.
Чамусьці вярталіся цьмяныя тагдышнія прадчуванні, невядома адкуль узнікшае пачуццё нетрываласці ўсяго, што робіш, што бачыш, нават сябе самога.
Чаго я пайду ў кіно ці шукаць рады ў якога-небудзь доктара? Можна і без гэтага, без патрэбы яно. Нават кнігі і тыя не давалі ранейшай асалоды і душэўнага супакою.
Нейкай інакшай, больш паглыбленай работы душы патрабавала істота. А якой? Каб жа ведаць! Тым часам і ў бясхмарныя дні, у хвіліны бесклапотнай весялосці, слухаючы дарагія словы дарагога табе чалавека, раптам адчуваў: пад сэрца паўзуць вострыя іголачкі…
На месцы крывавых баёў даўно ўжо гуляюць, не ведаючы таго, дзеці, растуць плантацыі хмелю і вінаграду, стаяць помнікі героям, а як толькі прачынаецца адужаўшы ў красаванні жытняе нівы чэрвень, усё вяртаецца назад: і незразумелы неспакой, і ледзяныя іголачкі пад сэрцам…
Тады, можа, яшчэ ярчэй і больш выразна абзываецца ў істоце і перабачанае за вайну самім, і пачутае ад таварышаў, колішніх яе салдатаў. Часцей за іншыя ўзнікалі вобразы з апавядання партызанскага генерала — Алесі і яе малой дачкі, якая зрабіла такі рашучы крок супраць маці…