Алеся вяла за сабою дзвюх дачушак. Былі яны зусім кволенькія: Стэфцы — сем гадоў, а Ірачцы — усяго чатыры. Бацька іхні, палітрук пяхотнага батальёна, што стаяў у гарадку, дзе жыла сям’я, прыскочыў дадому зусім на малую часінку. Толькі таго і паспеў, што пасадзіў сваіх на грузавік, выдзелены пад сем’і камандзіраў. Батальён вось-вось меўся выступіць, каб уліцца ў зводны полк і, чапляючыся за кожны зручны пагорак, хоць крыху затрымліваць варожае наступленне.
Алесі давялося ад’ехацца недалёка. Шустры самалёт з крыжамі ўпаў каменем з гарачай вышыні, як быццам тут і быў, паліў дарогу кулямі, ад якіх уставалі слупкі пылу на абочынах. Людзі разбягаліся на бакі ці падалі на дарогу, дзе стаялі.
Неўзабаве з’явіўся новы самалёт, а можа, той самы зрабіў другі заход і, цаляючы больш па машынах, скінуў некалькі бомбаў. Ірванула недзе поблізу і ад Алесінай палутаркі. Паветра скаланулася, машына стала дубка, і з-пад капота патачыўся сіні дымок.
Алесю падкінула, яна ўдарылася спінаю аб борт, аднак, не прыслухоўваючыся да болю, выскачыла з кузава і — хутчэй-хутчэй! — пасцягвала напалоханых дзяўчатак. I адразу ж прыгарнула да сябе, каб не ўбачылі хаця. Пасярэдзіне шашы, дагары тварам, ляжала жанчына з параскіданымі рукамі, асколкі, як зразумела Алеся, ударылі так, што знявечанае цела падплывала крывёю.
Нашто ж, каб на гэта глядзелі малыя. Яна і сама першы раз убачыла чалавечую кроў. Трэба схавацца недзе і перачакаць. Перачакаўшы ў лазовых кусціках, знайшлі машыну, але ехаць на ёй было нельга, пайшлі.
Калі паветра зноў пачынала гусці маторамі, людзі ссыпаліся ў часовыя сховішчы і не пакідалі аблежаных лагчынак і раўкоў, пакуль не сціхала надаўжэй. Тады сплываліся на гравійку. Нешырокая пясчаная палоса зноў рабілася патрохі рухомай і, здавалася, разам з людзьмі пасоўвалася наперад. А як толькі зверху навісалі самалёты, усе кідаліся наўцёкі, вымінаючы сцежкі праз налітае жыта і высокі, і ўжо з малочнымі зярнятамі ячмень.
З кожным налётам Алесі рабілася ўсё цяжэй ратавацца з дарогі. Дабегчы да збожжа не заўсёды хапала сілы, тады кідаліся ў бульбу, а як там схаваешся, разор амаль не значно, відаць, спазніліся абагнаць.
Асабліва цяжка было ўставаць — пачала аказвацца ўдараная пад час першага налёту спіна. Ды як было ператрываць такую дарогу пешкі, з малымі дзецьмі. Што там была за хада! Алеся брала паднесці меншанькую, Ірынку, Стэфка, вядома, не прасілася на рукі, але глядзела на маці такімі журлівымі вачыма, што сэрца заходзілася. Сысці з дарогі, прысесці або хоць пастаяць, жанчына баялася — не хопіць змогі падняцца, а так, здавалася, рух натоўпу, калі і недадаваў сілы, дык змушаў не аставацца.
Не адна яна была такая, тая маладая жанчына з двума дзецьмі, усе даастатку знясіленыя, усе ў аднолькавым горы. На дапамогу дзе тут спадзявацца, не кожны з натоўпу мог даць рады самому сабе.
Пад змрокі датупалі да раскіданай купкамі па некалькі хат даволі даўгое вёскі. Выстаяўшы чаргу да аднаго з нешматлікіх калодзежаў, напіліся выскрабенай амаль з дна вады, налілі тае каламуты і ў бутэльку. Пра малако і хлеб лепей было і не пытацца: чалавечая патока ўжо да іх змыла ўсё чыста спажыўное.
Алеся не прасілася падначаваць дзе-небудзь пад страхою. Дні стаялі самыя доўгія і гарачыя, не пазастуджваюцца малыя і на зямлі, сухая, дый колькі тае ночы ў гэту пору. Да таго ж тутэйшыя вяскоўцы былі калі не на адлёце, дык блізка да гэтага.
Мужчыны старэйшага веку канчалі аглядаць панарады, нацягвалі над драбінамі буды з посцілак. Хто-ніхто спяшаўся прыкалоць парсюка, кароў меліся весці за вазамі на налыгачах. Зборы — што патрэбнейшае з адзежы ўзяць, колькі мукі і круп прыхапіць, каб перабіцца, пакуль перабудзецца ліха, — гэты клопат калаціў усе хаціны. Вёска не паліла агню і не клалася, гатовая прымкнуць дзверы і зарыпець коламі, пакланіўшыся зямельцы, што столькі перацéрпела, гадаваўшы і карміўшы ўсіх, а цяпер пакідаецца адна на немаведама якія пакуты.
Ад калодзежа Алеся з дзецьмі пакіравалася без дарогі на папар, дзе каля стажка леташняй саломы было поўна людзей.
Усе, хто выскубаў ахапачак, адыходзіліся, масцілі тую жменю на зямлю і, ледзь паспеўшы пакласці галаву, засыналі. Алеся дайшла ўсё ж да стажка, выбіраючы, куды ступіць, каб не зачапіць паснуўшых. Наскублі саломы са Стэфкаю і неслі яе, каб недзе выбраць месца і паслацца сабе.
Тут Алеся заўважыла, што яе памочніца даволі моцна накульгвае.