— Што ў цябе, ножкі баляць?
— Баляць, мамачка. Асабліва правая.
— Пакажы.
Панчошка прыкарэла да абмуляных пальцаў, давялося адмочваць вадою. Рану абмылі і завязалі хустачкай.
— Паспіш, і балець перастане.
Алеся дала дзяўчаткам па драбку пячэння і паўкладала іх спаць на салому пад лёгкі жакецік. Легла і сама збоку, але сон не адразу адолеў яе.
Узіралася ў нізкую сінечу папрабіванага сузор’ямі неба і думала. А надумаўшыся, паўздыхала і непрыкметна для самой сябе прыснула. Цэлы дзень хады і беганіны ад самалётаў ахінуў-такі змораю, перамог гаркоту гаротнай жанчынінай прыдумкі.
З першым пробліскам святла на расцяганым стагавішчы пачалася гамана: дарога не чакала. Алесіны дзяўчаткі па-ранейшаму моцна спалі, сама ж яна ці то сапраўды не абуджалася, ці рабіла выгляд, што нічога не чуе.
Не абазвалася Алеся і на вокліч свае, горам дадзенай спадарожніцы, старэйшай за яе жанчыны, з якою ішлі поруч увесь мінулы адвячорак і разам масціліся нанач. Тая пачала ўжо апекавацца над дзяўчаткамі, нават крыху падносіла малую Ірынку і, мусіць, меркавала трымацца разам і надалей.
Жанчына пастаяла, гукнула Алесю яшчэ раз і, паправіўшы на спадніцы афіцэрскі рэмень з жоўтым клямарам, зноў рушыла ў дарогу.
Спыненая ноччу патока ўцекачоў, здавалася, скончылася, Алеся паўбуджвала дачок, абцерла ім твары скропленай з бутэлькі хусткай, падзяліла акрайчык хлеба з маслам, дала запіць.
Стэфка, большая, разумела, што на гэтым іхняе падарожжа не скончылася, і ўстала на ножкі. I абсунулася: вельмі забалела.
— Пойдзем?
Алеся пацягнула яе да сябе і пасадзіла на зямлю поруч. Гладзіла дзяўчынку па галоўцы, нарэшце, давячыся слязьмі, вымавіла, ледзь не з душою вырвала, пякучыя, амаль немагчымыя для маці словы.
— Хіба мы з вамі ідзём? Не на нашы ногі такая дарога, вас абедзвюх трэба несці, а я і адной не магу. I дня не правалачомся, няма ні змогі, ні спосабу.
Жанчына змоўкла, даўшы сэрцу перакалаціцца, яшчэ бліжэй прыгарнула да сябе малых.
— Гавару, нібы вы дарослыя, няма сказаць каму іншаму. Чаму я такая слабая стала? У вас неўзабаве з’явіцца брацік або сястрычка.
— Хай лепей будзе брацік, — падхвацілася Ірынка.
Алеся цяжка дыхала. Сустрэла спалоханыя, поўныя няўцямнага ёй прадчування вочы свае старэйшай. Не могучы ўтаймаваць узрушэнне, пачала пра самае нясцерпнае.
— Не давяду, не данясу я вас. А трэба ж выбіцца да чыгункі, да горада, да нейкага кавалка хлеба…
Алеся ўстала, адвярнулася тварам да дарогі і ступіла наперад. Ускочылі і дзяўчаткі, схапіліся за матчыны рукі. Яна палашчыла Стэфку і адважылася:
— Ты — большая, — Алеся падала дачцэ ўвязаны ў хусцінку скрутак, — я выдзеліла табе самую большую долю з нашай ежы. — У жанчыны перахапіла дыханне: — У цябе ножка баліць… Ты застанешся тут… Не бойся, сядзі, нікуды не адыходзься. Нахопяцца добрыя людзі і падбяруць. Мы з Ірынкаю так хутчэй ад’едземся ад вайны. Я цябе знайду, адразу ж знайду, як толькі траплю ў спакайнейшае месца…
Тут апавяданне спынілася. Партызанскі генерал не мог гаварыць далей. Ягоныя таварышы, у каго перад вачыма прайшло ці мала чалавечага болю і гора, пакінулі крэслы і пасталі тварам да вокан: схавалі вочы, а перасмыквання плячэй утаіць не маглі.
Колас сядзеў каменна, з непрыпаленай папяросай.
— Даказвай хіба, — рэзкавата кінуў ён апавядальніку і чыркнуў запалкай.
…Алеся пацалавала Стэфку ў лабок.
— Мама, мамачка! — не ўтрывала дзяўчынка з горычы і страху. — Давай пойдзем, як ішлі. Нясі сабе Ірку, колькі ёй заманецца. Я ж і на паўкроку не астануся.
У Алесі ўсё гарэла ў грудзях, як было слухаць гэта слёзнае ўпрошванне. Яна схапіла на рукі Ірынку і бегма кінулася на дарогу. Памкнулася следам і Стэфка, але распухшая ножка не хацела ўлазіць у чаравік, дзяўчынка ступіла крок і села.
Жоўценькі матчын жакецік раз ці два яшчэ мільгнуў сярод рознакаляровых вопратак натоўпу і знік.
Што заставалася рабіць? Плакаць? Стэфка такі паплакала, але зусім трошкі: слёзы былі густа пасыпаліся з вачэй і нейкі момант яна нічога не бачыла. Твар стаў мокры, а ў горлейку перасохла, дый у кволай грудзінцы нешта сціснула і не адпускала. Але самотная дзяўчынка з надзеяй пазірала на дарогу, а можа, гэта ўсё зараз мінецца, жоўты жакецік зноў замільгае, наблізіцца, перад ёй стане маці, і яны будуць разам, усе ўтраіх.
Аднак чаканага цуду не адбылося, дзяўчынка сядзела на злежалай саломе і ўсё шаптала самой сабе ці нікому, проста ў прастор.
— А калі тыя добрыя людзі сюдою не будуць ісці? Або не захочуць забраць мяне? Ты тады прыйдзеш па мяне, мамачка?