Выбрать главу

Сонца бралася з паўдня, дзяўчынка перасела ў цень палявой ігрушкі, бліжэй да дарогі, каб хаця не абмінулі яе тыя паабяцаныя «добрыя людзі».

Захацелася есці. У пакінутым маці скрутку было некалькі драбкоў цукру, трошкі тонкіх скрылікаў шыпкі і з паўпачка дзіцячага пячэння. Мама казала шчадзіць ежыва — успомніла дзяўчынка і падзяліла свой прыпас на тры кучкі.

«Гэта на зараз, — гаварыла яна матчынымі словамі, — гэта — на вячэру, а гэта — назаўтра, на снеданне».

А потым? Потым «добрыя людзі» прыйдуць. Бо як жа яна будзе жыць адна?

Цешачы сябе спадзяваннямі то на раптоўны зварот маці, то на з’яўленне «добрых людзей», даседзела да змяркання. Стала боязна адной, трэба вяртацца на месца ўчарашняга начлегу.

Стагавішча не запуставала, тут зноў спыняліся перабыць ноч сагнаныя вайною са сваіх сялібаў людзі.

Стэфку хіліла на сон, яна падгрэбла пад сябе пасланую ўчора на траіх салому, што, здавалася, захавала цеплыню матчыных рук. Не паспела сплюшчыць вочы, як збоку каля яе прымасцілася шчуплая постаць і адразу роўна задыхала, як відаць, заснула.

«Вось і добра, — падумала Стэфка, засынаючы сама, — так смялей».

Абудзілася яна ад нейчага позірку. Поруч сядзела дзяўчынка гадоў пад дванаццаць з чорнымі валасамі і ружовым, быццам пасля зведзенага рабаціння, тварам. Няйначай тая самая, што прымасцілася каля Стэфкі нанач. Ага, вунь і каласок заблытаўся ў тонкай косцы.

Прышлая дзяўчынка кінула вокам на вузельчык са Стэфчыным харчам.

— Ты што, адна?

Стэфка кіўнула галавою і адсунула свой скрутак за спіну. Але ніякіх замахаў на яе дабро не адбылося, чарнявая толькі запытала:

— Чакаеш каго?

— Ага, — Стэфка пераказала матчыны словы пра добрых людзей, што абавязкова прыйдуць да яе на дапамогу.

— А сама яна, твая мама, дзе?

Стэфка паказала ў бок дарогі.

— З ёю Ірка, яна ў нас меншая. I… — дзяўчынка сумелася крыху. — Не ведаю яшчэ, хто будзе, сястрычка ці брацік…

Чарнявая хліпнула раптоўна адвільжаным носам.

— I я — адна. Я згубілася. Мама з цёткаю селі адпачыць у гайку, а я пабегла паглядзець, ці няма блізка рэчкі… Як бачыш вярнулася, а іх ужо няма.

Дзяўчынка гаварыла, ведаючы і ўсё яшчэ не верачы, што і яе пакінулі.

— Як цябе зваць? Мяне — Хіма.

— Як гэта — Хіма? — здзівілася Стэфка. — Можа, Хама?

— Не. Хама — кажуць на ката або на каня. А я — дзяўчына, Аўфімія, па-хатняму — Хіма. Ты тут ад учарашняга? А я ўвесь той дзень ішла сама. I бегла… Усё хацела сваіх дагнаць.

Лёсы дзяўчатак горка супадалі, і гэта гарнула іх адну да аднае.

— Есці хочаш?

Хіма выгарнула з газеты некалькі лустаў хлеба і ніштаваты кавалак каўбасы.

— Гэта мне адзін ваенны чалавек даў. Ён не мог ісці, нага прастрэлена. I ў цябе нага? На, еш.

— У мяне свайго ёсць, — Стэфка дастала рэшткі пакінутага ёй падмацунку.

— У цябе зусім мала. Схавай на потым. Будзем есці маё.

Пакуль елі, Хіма дапыталася і пра Стэфчынага бацьку, палітрука, і пра маці, фельчарку. Расказала і сама. Бацька іхні паехаў на Далёкі Усход, зарабіць. Ды там і застаўся, але грошы і лісты слаў. А то як бы яны жылі. Праўда, іх не забываў татаў таварыш, ён заставаўся ў доме, як свой. А як абвясцілі вайну, знік. Маці патужыла і выбралася ў дарогу з цёткаю.

— Вясёлы быў! — Хіма загарнула ў паперу астачу снедання. — Ты можаш крыху наступаць на нагу? Я табе трыпутніку прыкладу і тужэй падцягну панчохі. Вось так. А цяпер давай руку і пайшлі.

Стэфка напамянула матчын наказ чакаць добрых людзей.

— Лічы, што дачакалася. Добрыя людзі — гэта я. Нас абедзвюх кінулі, толькі цябе хоць папярэдзілі, а ад мяне проста ўцяклі…

Сапраўды, добрыя людзі не звяліся-такі на свеце. Пад вечар грузавая машына таксама з жонкамі і дзецьмі вайскоўцаў падабрала на шашы дзяўчынку Стэфку і дзяўчынку Хіму.

Палкоўнічыха, старшая па грузавіку, прыгарнула іх пад крыло. Яна прывезла сваю жаночую каманду да станцыі, а пасля, пракалыхаўшыся з паўмесяца ў цяплушках, даставіла ў невялікі гарадок на Урале і рассяліла па тутэйшых жыхарах.

Дзяўчатак-сірот яна пакінула жыць у сябе, чаму ад душы ўзрадаваўся і муж яе, палкоўнік, калі, выпісаўшыся са шпіталя, заехаў на некалькі дзён дадому.

…Вайна кіравалася пад заканчэнне, а да пакінутых дзяўчатак ніхто з блізкіх не аказваўся, самі ж яны, па невялікіх гадах сваіх, падбаць аб росшуках не маглі. Мала магла дапамагчы іхняя апякунша: людзі, раптоўна зрушаныя з дамовак, асядалі гэтак жа раптоўна, дзе ўдавалася прыперціся больш-менш прыстойна. Як тут будзеш расшуквацца ў гэтакай куламесе!